Знайсці
09.07.2019 / 15:3421РусŁacБел

З Замяталіным развіталіся без асаблівай пашаны ФОТЫ

Развітанне з былым галоўным ідэолагам краіны Уладзімірам Замяталіным (ён памёр 7 ліпеня ва ўзросце 71 года) прайшло ў рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага. Выбар месца таксама кажа пра многае. Напрыклад, з былым кіраўніком БССР Мікалаем Дземянцеем развітваліся ў Доме афіцэраў у самым цэнтры горада, з экс-міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом — у канцэртнай зале «Мінск».

Адзначым, што пра смерць колішняга топ-чыноўніка не напісалі сайты БелТА і «СБ». Галоўныя дзяржаўныя СМІ чамусьці змаўчалі пра Замяталіна.

Не было спачуванняў і ад кіраўніка дзяржавы. Зрэшты, апошняму не трэба здзіўляцца. Лукашэнка часцей выказвае свой смутак з нагоды смерці расійскіх зорак поп-музыкі і кіно, чым людзям, якія калісьці былі ягонай камандай.

Але дзяржава ўсё ж прысутнічала на пахаванні. Кошык з кветкамі ад імя Адміністрацыі прэзідэнта, дзе ў свой час папрацаваў нябожчык, прынёс першы намеснік кіраўніка Максім Рыжанкоў. Пагаварыць пра нябожчыка ён наадрэз адмовіўся.

Не было шмат і тых людзей, з якімі калісьці Замяталін працаваў у кіраўніцтве краіны. Прыйшоў толькі славуты Іван Ціцянкоў, той самы, які калісьці разрываў бел-чырвона-белы сцяг на даху Адміністрацыі прэзідэнта.

Быў таксама колішні міністр прыродных рэсурсаў Лявонцій Харужык. Шмат людзей прыйшло са свету кіно, усё ж апошняй значнай пасадай Замяталіна было гендырэктарства на «Беларусьфільме». Напрыклад, кветкі прынёс вядомы рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

Агулам некалькі дзясяткаў чалавек праводзілі Замяталіна ў апошні шлях. Пахавалі ідэолага на Усходніх могілках, самых прэстыжных у Мінску.

Кветкі ад Адміністрацыі прэзідэнта прынёс Максім Рыжанкоў (справа).

Рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

Былы кіраўнік спраў прэзідэнта Іван Ціцянкоў.

Гл. таксама: Замяталіна пахавалі на Цэнтральнай алеі Усходніх могілак ФОТАФАКТ

Зміцер Панкавец, фоты Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера