Даслаць навіну
Знайсці
08.07.2019 / 11:53 13

Віктар Марціновіч: У святкаванні Купалля можна адшукаць адну з разгадак нашай Незалежнасці

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра містычную і забабонную таямнічасць беларускай душы, якая праз гэта робіцца непераможнай.

Купалле — безумоўна, нашае самае галоўнае свята. Ужо сам той факт, што палова краіны святкуе яго «па каталіцкім календары», у чэрвені, палова — «па праваслаўным», у ліпені, сёе-тое кажа пра нас усіх.

Мы мо і верым у адзінага і непадзельнага Бога, уладара сусветаў, мы мо і пяём пра яго ў сваіх сакральных гімнах, але ж у самую кароткую ноч выпраўляемся да велізарнага вогнішча. А пасля таго, як усе песні спетыя, усе карагоды адкручаныя, усе танцы адскаканыя, ідзём з паходнямі ў лес, шукаць папараць-кветку.

І так, у адрозненне ад выразна эратычных святаў, напрыклад, русалчынага тыдня, на Купалле людзі ідуць у лес па варажбу, а не каб кахацца, хаваючыся за прыгожымі парафразамі.

Беларусы — нацыя варажбітоў. Паглядзі на любога паспяховага ўладара вясковай сядзібы — пабачыш у ім рысы з гогалеўскіх «Вечароў на хутары ля Дзіканькі».

Варажба прадугледжвае адносіны са Злом: цмокамі, злыднямі, нячысцікамі і г.д. Тое, як у беларускай міфалогіі раскрываецца тое Зло, вельмі прынцыпова для разумення нацыянальнага характару. Узяць, напрыклад, папараць-кветку. Гэта не сурок. Але гэта і не ўзнагарода як такая. Яна не будзе выконваць твае пажаданні, як гэта робіць джын у арабскіх казках. Яна не падаруе табе шмат грошай і славы, як можна было б чакаць ад варажбы.

Не, першае, што робіць папараць-кветка згодна з беларускімі паданнямі, — дорыць разуменне. Разуменне таямніц сусвету. Магчымасць разбіраць мову птушак і звяроў. Магчымасць чуць, пра што шэпчуцца зоры на небе. То бок нашыя продкі ішлі ў лес не па багацце, але ж па навуку.

Другі падарунак папараць-кветкі — магчымасць бачыць, дзе ў зямлі хаваюцца скарбы. Заўважце, кветка абяцае не золата і не грошы як такія, але толькі магчымасць іх бачыць і спрабаваць да іх дабрацца (бо па той жа міфалогіі выкапаць скарб — тая яшчэ задачка. І калі недзе пад пахаваннем старажытнага рыцара будзе месціцца куфар, ён пачне сыходзіць у зямлю па меры таго, як ты будзеш працаваць рыдлёўкай; і каб выцягнуць яго зноўку, патрэбная варажба)!

Навык бачыць скарбы — гэта зноўку пра разуменне. Пра нейкую новую оптыку, якая даецца прыродай.

Што да злыдняў, дык іхная роля ў гэтым паданні — у тым, каб, калі ты прастуеш да магічнага суквецця, цябе адваджваць. Пужаць, вадзіць па коле, забіраць у цябе тое самае разуменне. Зло, такім чынам, — тое, што замінае разуменню.

Прырода беларускага Зла цікава раскрываецца ў вераваннях пра заломы ў жыце. Вядзьмак ставіць заломы не для таго, каб звесці некага са свету. Але для таго, каб даіць чужую карову ў свой жбанок (пасля ўтварэння залома з яго пачынае ліцца малако, а ў каровы малако знікае). Тут цікавым ёсць разуменне таго, што ў свеце ўсё збалансавана, твой дабрабыт заўсёды будзе брацца ад збяднення суседа, і, такім чынам, заможнасць як такая будуецца на чалавечым горы.

Але яшчэ цікавей адысці ад усіх пазнейшых унёскаў у беларускі міф пра Купальскую ноч і паглядзець на чысты рытуал. Тое, як Купалле праяўляе сябе ў глухіх палескіх вёсках. Тут могуць і не паліць вогнішча, і не вадзіць карагодаў. Тут нават не пойдуць па папараць-кветку. Але чарку кульнуць і лаву ў якой-небудзь бабулі выкапаюць абавязкова. Калі я сам быў малым і сузіраў паслякупальскім ранкам выкапаныя лавы, а пасля чуў імёны старэйшых падлеткаў, якія тыя лавы выкопвалі, я думаў, што мэтай тут ёсць зрабіць выгляд, што лаву выкапаў нячысцік. Што гэта такія жартачкі. Глядзі, маўляў, старая! Да цябе ўначы прыходзіў чорт і ажно вунь куды перанёс!

Але нядаўна адзін абазнаны варажун патлумачыў мне, што сэнс гэтай забаўкі з лавай зусім іншы. І звярнуў увагу, што іх не проста выкопваюць, не проста пераносяць, але і ставяць упоперак дарогі. Прычым часцяком менавіта той дарогі, што вядзе да лесу. То робіцца гэта для таго, каб які-небудзь бармалей, што ўпоцемках выходзіць з лесу на Купалле пужаць сялян, спатыкнуўся аб лаву і далей не пайшоў. Зло, такім чынам, выяўляецца бездапаможным, тым, што ледзь трымаецца на капытах, хіба што п’яным.

Удзень беларусы — вельмі рацыянальныя людзі. Яны любяць і ўмеюць працаваць, яны ведаюць, як лічыць грошы. Але потым наступае караценькая ліпеньская ноч, і ў іх свет прыходзіць варажба. І кіраўнік райсавета ідзе да вядунні, каб замовіць дождж, а людзі на самых высокіх пасадах абяцаюць краіне зрабіць пагоду (і краіна, што характэрна, усяму гэтаму верыць!).

Магчыма, у гэтым ёсць адна з разгадак нашай незалежнасці. Маленькую краіну без асаблівых прыродных багаццяў, краіну, заціснутую паміж Захадам і Усходам, колькі ўжо стагоддзяў не могуць забраць сабе нашыя магутныя суседзі. А не могуць таму, што не разумеюць. Ні рацыянальнасць, ні хрысціянства да змрочных і светлых цудаў, што час ад часу здараюцца тут, не прыдатныя.

Мы атрымалі незалежнасць, бо нехта сурочыў СССР. Мы не паланізаваліся ў часы Рэчы Паспалітай, бо нас лічылі за цьмяных палешукоў і ні халеры не разумелі нашай логікі. Беларусь трымаецца на светлай і цёмнай варажбе і, паколькі ў навакольным свеце ведуны павывеліся, мы — непераможныя.

Віктар Марціновіч, budzma.by

2
Zyrafa / адказаць
09.07.2019 / 00:53
Ну не маленькая мы краіна, ну колькі можна талдычыць! Болей за Нідэрланды да Даніі якія ды Чэхіі. Амаль як Нямеччына. Ешкін кот!
8
Геннадий / адказаць
09.07.2019 / 11:11
Zyrafa, <Ну не маленькая мы краіна, ну колькі можна талдычыць!  Болей за Нідэрланды да Даніі якія ды Чэхіі. Амаль як Нямеччына. Ешкін кот! > Зачем же эти "крупные" страны поделились своей "незалежностью" и поперли в Евросоюз. Оставались бы на своем хуторе. Наверно, что-то они приобрели. Наверно им надоело только жрать и захотелось поиграться на Большом Европейском Коллайдере или поучаствовать в Европейской Аэрокосмической программе. В чем дело?
https://nn.by/?c=ar&i=233427&lang=ru
1
Alehna / адказаць
12.07.2019 / 19:55
Нарэшце хоць нешта Марціновіч больш-менш слушнае напісаў. Толькі не трэба звязваць Купалле з псэўда-хрысціянскімі вераваннямі. Беларусы заўсёды былі і застануцца паганцамі, і ніякія падмены паняццяў і назваў святаў гэтага не зменяць.Толькі лянівы яшчэ гэтым не цікавіцца і не бачыць. Нездарма старажытная Літва апошняй прыняла вераванні пра закатаванага габрэйскага хлопчыка. Не будзем забывацца і на тое, што і Русь мячом і крывёю Уладзімір заганяў у адну з іўдаічных рэлігій.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31