Знайсці
06.07.2019 / 10:126РусŁacБел

Мёрскі райвыканкам атрымае ад Еўрасаюза мільён еўра

Агульны кошт праекта — больш за мільён еўра, доля Еўрапейскага саюза складае амаль 90 працэнтаў. Назва праекта досыць мудрагелістая: «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Тым не менш у складанай фармулёўцы змяшчаюцца ўсе асноўныя прыкметы таго, што ў выніку павінна атрымацца, — у раёне, на тэрыторыі якога знаходзіцца запаведная тэрыторыя міжнароднага значэння (верхавое балота Ельня), падтрымку атрымліваюць і экалагічная, і сацыяльная, і эканамічная сферы. А працаваць над асваеннем выдаткаваных донарамі грошай мясцовыя ўлады будуць разам з жыхарамі. Пры гэтым звышмэта — з заканчэннем праекта распачатыя справы павінны набраць такую хуткасць і моц, каб паспяхова працягвацца далей, выкарыстоўваючы новыя крыніцы рэсурсаў і ўласны патэнцыял…

Балота Ельня. Фота Анатоля Клешчука.

Тэрмін асваення грошай — тры гады, стартаваў праект 1 мая гэтага года. Ажыццяўляецца ў партнёрстве з грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (г. Мінск) і Латвійскім сельскім форумам (г. Рыга, Латвія). «Ахове птушак Бацькаўшчыны» належыць прапанова па рэалізацыі праекта. Мясцовыя ўлады з задавальненнем падтрымалі ініцыятыву. Латвійскі сельскі форум гатовы дзяліцца досведам у справе развіцця мясцовых тэрыторый.

— Вынік, якога мне найперш хацелася б дасягнуць, — навучыць сваіх спецыялістаў працаваць з Еўрапейскім саюзам, каб атрымліваць гранты, — прызнаўся ў гутарцы з журналістамі старшыня райвыканкама Ігар КУЗНЯЦОЎ. — Гэта добрая школа. Нам трэба засвоіць правілы гульні. Планы па развіцці рэгіёна не абмяжоўваюцца гэтым праектам. Галоўная наша задача — забяспечыць годным заробкам жыхароў Мёршчыны і пры гэтым захаваць экалогію.

На ўводным семінары па рэалізацыі праекта кіраўнік раёна падзяліўся найбольшай сваёй заклапочанасцю. Штогод насельніцтва рэгіёна змяншаецца, і сёння колькасць пенсіянераў ужо амаль роўная колькасці занятых у эканоміцы.

Яшчэ адна праблема — нізкая прадпрымальніцкая актыўнасць. Людзі на Мёршчыне жывуць таленавітыя, неардынарныя, гасцінныя і працавітыя. Але адкрыць сваю справу рашаюцца і маюць магчымасць нямногія. Банкі выдаюць крэдыты на развіццё малога бізнесу з умовай наяўнасці ўласнага капіталу, аднак ён ёсць далёка на ва ўсіх. Доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў у даходнай частцы мясцовага бюджэту за апошнія восем гадоў патроілася і дасягнула 22 працэнтаў, але сярод такіх арганізацый прыватных нязначная колькасць.

Разам з тым Мёршчына цяпер знаходзіцца на парозе вялікіх спадзяванняў. Восенню гэтага года павінен запрацаваць металапракатны завод, які, як чакаецца, адразу ўдвая павялічыць мясцовую казну. У выніку з'явяцца сродкі на будаўніцтва новага садка і жылля, на рамонт школ і дарог. Летась тут была здадзена ў эксплуатацыю цэнтральная раённая бальніца. Днямі будзе гатовая праектна-каштарысная дакументацыя на пабудову раённай паліклінікі. У планах — будаўніцтва кардыяцэнтра, на базе якога будзе таксама праводзіцца ранняя дыягностыка анкалагічных захворванняў, што вельмі актуальна для ўсёй Віцебскай вобласці. Ужо знойдзена месца для пабудовы гандлёва-забаўляльнага цэнтра з басейнам. Прынята рашэнне аб павелічэнні плошчы Мёраў для стварэння новага жылога квартала.

У гэтых абставінах увага на экалогію не залішняя. Невыпадкова еўрапейцы ўкладаюцца ў захаванне ўнікальнай прыроднай зоны на гэтай частцы кантынента. І тое, што падтрымка не аднабаковая, накіраваная не толькі на ахову прыроды, але і на фінансаванне мясцовых ініцыятыў, сацыяльную інфраструктуру, наладжванне сумеснай працы насельніцтва і ўлады (вынікам чаго павінна стаць умацаванне ўзаемаразумення і даверу), стварае падставу для захавання балансу і набыцця сапраўднай устойлівасці ў развіцці.

— Мёршчына — адзін з тых раёнаў, дзе найбольш захавалася дзікая прырода і дзе пры гэтым адбываецца развіццё. Гэта вельмі важна і для Еўропы, і для Беларусі, таму Еўрапейскі саюз пранікнуўся нашай заявай, — расказаў на семінары дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр ВІНЧЭЎСКІ. — Наш праект накіраваны не толькі на тое, каб нешта змяніць тут, але і на тое, каб стаць каталізатарам для прыцягнення новых інвестыцый, каб і бізнесмены, і замежныя інвестары, і дзяржава бачылі патэнцыял раёна і ўкладалі сюды сродкі.

— Нездарма еўрапейскія падаткаплацельшчыкі падтрымалі гэты праект у Беларусі, бо для іх нашы балоты — каштоўнасць. Калі балоты знікнуць у нас, яны знікнуць для ўсяго чалавецтва, — патлумачыў менеджар праекта Алег СІВАГРАКАЎ. — Падыход «думай глабальна, дзейнічай лакальна» адпавядае канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Павінен быць баланс прыроды, эканомікі і сацыяльных аспектаў. У праекце ёсць усе тры кампаненты: ён накіраваны на ашчаднае выкарыстанне патэнцыялу балот, на павышэнне якасці жыцця мясцовых людзей і на падтрымку малога бізнесу.

Важна, што праект ажыццяўляецца на ўзроўні не самага вялікага раёна, не самага населенага, падкрэсліў Алег Сівагракаў: «Зараз ва ўсім свеце звяртаецца ўвага на тое, што якраз у такіх месцах знаходзяцца добрыя эканамічныя і сацыяльныя рэзервы. Мы чакаем удзелу людзей».

Дарэчы, амаль 20-гадовая гісторыя руху па ўстойлівым развіцці ў Беларусі пачыналася менавіта ў Мёрскім раёне — у самым малым горадзе краіны Дзісне. У 2000 годзе тут была прынятая першая стратэгія ўстойлівага развіцця, у якой горад раённага падпарадкавання Дзісна аб'ядноўваўся з чатырма сельсаветамі. Прыклад падштурхнуў многія іншыя раёны і гарады краіны. На сённяшні дзень ужо каля 50 такіх стратэгій апублікаваныя, многія рыхтуюцца.

Фота Вольгі Мядзведзевай.

Цяпер распачынаецца праца па стварэнні стратэгіі ўстойлівага развіцця ўсяго раёна. «Стратэгія — таму што мы спрабуем развіваць усё разам, комплексна і сістэмна, — падкрэсліў менеджар праекта. — У латвійскім Даўгаўпілсе муніцыпалітэт штогод падае на конкурс Еўрапейскага саюза каля 70 заявак, прыкладна каля 20 з іх атрымліваюць грошы. Для мясцовай суполкі гэта крыніца і інструмент здабыцця сродкаў на развіццё. Яны гэтаму шмат навучаліся, шмат бачылі прыкладаў у іншых краінах Еўрасаюза. У нас такіх магчымасцяў пакуль няма, але я звяртаюся да ўсіх жыхароў Мёршчыны: калі ласка, успрымайце наш праект як патэнцыял таго, што вы можаце прыйсці ў офіс, пазваніць нашым супрацоўнікам, звязацца з «Аховай птушак Бацькаўшчыны» і прапанаваць нешта, запытаць нешта, разам нешта зрабіць».

Значнае месца ў праекце надаецца прасоўванню мясцовага брэнда «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю». Фестываль пад такой назвай з 2012 года кожную восень збірае людзей не толькі з раёна і вобласці, але і з усёй краіны, вядомы ён і замежным аматарам аграэкатурызму. На Ельні збіраецца самы вялікі ў Беларусі ўраджай дзікарослых журавін, а гэтыя ягады, як вядома, лічацца медыкамі адным з самых карысных прадуктаў харчавання. Падчас фестывалю журавіны тут можна набыць па найбольш выгаднай цане.

Акрамя таго, увосень сюды злятаецца больш за 30 тысяч жураўлёў, а таксама гусі і іншыя пералётныя птушкі, якія на працягу некалькіх тыдняў харчуюцца на мясцовых палях і набіраюцца сіл на балоце, перад тым як працягнуць шлях у вырай.

Ельня — само па сабе вельмі прыцягальнае ў турыстычным плане месца, тут маецца экалагічная сцежка, распрацаваныя экскурсіі. Аднак пакуль ні любімы многімі фестываль, ні ўнікальнае балота не сталі для раёна значнымі крыніцамі прыбытку. Каманда праекта «Разам для грамады і прыроды…» спадзяецца змяніць гэтую сітуацыю.

«Мясцовы брэнд «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» — эканамічны рухавік, бо ў бізнесе цяпер галоўнае не хуткасць і аб'ёмы вытворчасці, а цікавая ідэя, адрознасць. Калі ў вас ёсць тое, чаго нідзе няма, вы пераможаце, — упэўнены Алег Сівагракаў. — Тое самае ў тэрытарыяльным развіцці. Мы паспрабуем распрацаваць такую мадэль, якая дазволіць навучаць іншыя раёны, і не толькі ў Беларусі».

Што датычыцца сацыяльнага кірунку, праект прадугледжвае набыццё аўтамабіля хуткай дапамогі, будаўніцтва спартыўных і турыстычных аб'ектаў, добраўпарадкаванне раённых пляжаў і «Паўвострава» — галоўнай пляцоўкі горада для правядзення масавых мерапрыемстваў. А таксама будаўніцтва назіральных вышак, абсталяванне двух кемпінгаў, падаўжэнне існуючай экалагічнай сцежкі «Азяраўкі—Ельня» і іншае.

200 тысяч еўра будзе выдзелена на 10 мясцовых ініцыятыў, дзе два праекты атрымаюць па 60 тысяч еўра, астатнія — па 10 тысяч. Паводле задумы, гэта паслужыць штуршком для развіцця прадпрымальніцтва на Мёршчыне для таго, каб тыя, хто мае цікавыя ідэі, атрымалі магчымасць іх рэалізаваць і сталі прыкладам для іншых. Конкурсная працэдура будзе праводзіцца па правілах Еўрапейскага саюза, і ўжо восенню будучага года пераможцы атрымаюць грошы.

Вялікая ўвага ў праекце надаецца навучанню. Па сутнасці, гэтаму будзе прысвечаны ўвесь першы год яго рэалізацыі. Маецца на ўвазе і навучанне пошуку дадатковых рэсурсаў, і выбару тых кірункаў развіцця, якія могуць быць падтрыманы донарамі альбо інвестарамі.

Дзеля гэтага запланаваны шматлікія семінары, трэнінгі, інфармацыйныя сустрэчы, шэраг прыродаахоўных і адукацыйных мерапрыемстваў для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, мясцовых жыхароў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб і іншых зацікаўленых асоб. З мэтай вывучэння найлепшых практык у галіне ўстойлівага развіцця запланаваны інфармацыйна-навучальныя паездкі па Беларусі і ў краіны ЕС.

Асноўныя дасягненні праекта плануецца шырока асвятляць у СМІ і на вэб-сайце праекта.

Вольга Мядзведзева, «Звязда»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера