Знайсці
01.07.2019 / 13:2012РусŁacБел

Таямнічая карціна Малевіча ў Мінску: Гэта або падробка, або самая вялікая каштоўнасць у гісторыі Беларусі

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра мастацтва і Казіміра Малевіча.

Самы дарагі мастак, што калі-небудзь працаваў у Беларусі, — Казімір Малевіч. Малевіч не толькі стабільна ўваходзіць у топ-20 аўкцыённых вынікаў, апярэджваючы Суціна і Шагала (і Ван Гога! І Матыса!), але і ўвесь час даражэе. Дакладней, падаражанне — якраз норма для «аўкцыённага» мастацтва, гэтым спецыялістаў не здзівіш. Што дзіўна ў выпадку з Малевічам — гэта тэмпы. У 2004 годзе графічны (!) аўтапартрэт Малевіча (1910) пайшоў на Christie’s за £162 тыс., у 2015-м ён быў перапрададзены за $8 млн (!!!). «Супрэматычная кампазіцыя» (1916), за якую давалі $60 млн у 2008-м, летась на Christie’s узляцела да $85,8 млн.

 Цяпер сядзьце.

 У Цэнтры сучаснага мастацтва — невялічкай арт-прасторы ля пл. Якуба Коласа ў Мінску — адкрылася выстава «Казімір Малевіч і XXI стагоддзе». Пра выставу амаль не пішуць, прынамсі, згадак пра «Сальвадора Далі» (кхм!) у Мастацкім музеі ў маёй стужцы болей.

 Дык вось, за сціпленькай загародкай у абсалютна пустой зале ЦСМ цяпер месціцца карціна «Чалавек з рыдлёўкай».

 Аўтарства… Казіміра Малевіча. Магчыма, Казіміра Малевіча.

 Калі Малевіч мае да яе дачыненне, гэтая карціна — самы дарагі твор мастацтва, што прысутнічае на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І Суцін, і Шагал, набытыя «Белгазпрамбанкам», каштуюць на парадак танней (найдаражэйшы набытак — «Ева» Суціна, £870 тыс.).

 Чаму я пішу «калі»? Таму што ў выпадку з «Чалавекам з рыдлёўкай» ёсць вялікія праблемы з правенансам. Карціна была канфіскаваная падчас спробы вывезці яе за мяжу без належных дакументаў. Што важна, канфіскацыя адбылася яшчэ ў 1994 годзе, то бок задоўга да піку падробак Малевіча, што прыпаў на 2000-я гады. Звычайна ў такіх выпадках чалавек, у якога правялі канфіскацыю, не зацікаўлены выдаваць абгрунтаванне аўтарства (чым даражэйшы артэфакт, тым сур’ёзнейшая адказнасць), то мы не ведаем ні адкуль дакладна паходзіць карціна, ні ў якіх руках пабыла.

 Але дырэкцыя Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, куды алей быў змешчаны пасля канфіскацыі, упэўненая, што карціна — Малевічава (магчыма, яны ведаюць болей, чым кажуць публічна). І што ў атрыбуцыі няма сэнсу, бо яна каштуе велізарныя грошы, а прадаваць палатно ўсё роўна ніхто не збіраецца.

 Адзначце, дарэчы, гэтую асаблівасць Беларусі: Малевіч з 1994 года ў Гродзенскім музеі, а першая медыйная згадка пра тое, што, аказваецца, на тэрыторыі нашай краіны ёсць (магчыма) адно палатно знакамітага выкладчыка віцебскай Народнай мастацкай вучэльні, адносіцца да 2015-га.

20 гадоў цішыні!

Цяпер карціну да верасня прывезлі ў сталіцу.

Колькі можа каштаваць «Чалавек з рыдлёўкай» пасля належнай атрыбуцыі? Малевіч цяпер на хвалі.

Я ўжо згадваў, што нават графічны (не жывапісны!) аўтапартрэт Малевіча быў нядаўна прададзены за $8 млн. Пры гэтым, на жаль, «Чалавек з рыдлёўкай» не адносіцца да супрэматызму (самы дарагі перыяд Малевіча), і ягоная найніжэйшая планка вызначаецца «Пейзажам» (1911), выкананым з яўным перайманнем Сезана. «Пейзаж» быў прададзены ў 2018-м на Christie’s за $10 млн.

Меней за гэты пейзаж «Чалавек з рыдлёўкай» каштаваць не можа нават з улікам таго, што ён не да канца фіналізаваны (першы план і неба).

Ці можа «Чалавек» каштаваць болей за «Пейзаж»?

Так, на маю думку, можа.

Бо ён належыць да «сялянскага цыклу», а магчыма — і да «другога сялянскага цыклу», перыяду, калі Малевіч, пакінуўшы ў Нямеччыне частку сваіх ранніх работ, заняўся іх старанным узнаўленнем (пасля Віцебска яму было прынцыпова паказаць, што да супрэматызму ён прыйшоў, прамінуўшы шэраг «прыступак»: спачатку пакаштаваўшы «сезанізму», потым — «імпрэсіянізму», потым — «кубізму» і г. д.). «Чалавек з рыдлёўкай» мае элементы кубізму, уласцівыя для «другога сялянскага цыклу», да таго ж твар персанажа — плоскі, як Малевіч рабіў гэта бліжэй да 1930-х, а не ў 1910-х гадах.

Ці можа карціна быць фэйкам? Так, можа, бо Малевіч з прычыны кошту — самы падрабляны рускі мастак.

Але шэраг дэталяў дазваляе думаць, што мы маем дачыненне з аўтэнтыкай.

Па-першае, на чырвоным «кафтане» героя мы бачым знакамітае Малевічава «накладанне колераў» — калі спачатку робіцца цямнейшы фон, а па ягоным верху малюецца святлейшае, дзякуючы чаму з’яўляецца дадатковая глыбіня. Гэтая індывідуальная адметнасць тэхнікі Малевіча была апісаная мастацтвазнаўцамі толькі ў сярэдзіне 2000-х, тады ж яе пачалі ўводзіць у падробкі.

Так што калі алей сапраўды быў канфіскаваны ў 1994-м, «накладанне колераў» — важная прыкмета.

Па-другое, адценні. Гэты зялёны, гэты жоўты — візітоўкі Малевіча. Можаце супаставіць штрыхоўку бяліламі па небе з тым, як выкананае неба ў «Сялянцы» (1928—1932).

Калі выявіцца, што гэта сапраўдны Малевіч, экспанаваць яго пачнуць за браніраваным шклом з міліцыяй пры ўваходзе. То не губляйце часу, ідзіце і глядзіце, пакуль гэтаму не перашкаджаюць валтузня і натоўпы.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930