Знайсці
26.06.2019 / 17:071РусŁacБел

Восем праблемных месцаў у доме: ці ведаеце вы, як правільна прыбіраць?

Замест таго, каб прыбіраць месцы, якія выглядаюць «бруднымі», людзям варта засяродзіцца на тым, як прадухіліць распаўсюджванне шкодных мікробаў у сваіх дамах, паведамляе брытанскае Каралеўскае таварыства аховы здароўя (RSPH), піша ВВС.

Мыццё рук, ануч і працоўных паверхняў у патрэбны час з'яўляецца ключавым для захавання гігіены. Аднак кожны чацвёрты чалавек лічыць, што гэта няважна, папярэджваюць даследнікі.

Правільная і своечасовая ўборка можа зменшыць пашырэнне інфекцый і ўстойлівасць да антыбіётыкаў.

Акрамя таго, на думку навукоўцаў, «занадта чыстым» ваш дом быць не можа.

Згодна з дакладам RSPH, часта людзі блытаюць такія паняткі, як бруд, мікробы, чысціня і гігіена.

У даследаванні, у якім удзельнічалі за 2000 чалавек, 23% лічылі, што дзеці павінны падвяргацца ўздзеянню шкодных мікробаў, каб умацаваць сваю імунную сістэму.

Аднак аўтары справаздачы адзначаюць, што гэта — «патэнцыйна небяспечнае перакананне», якое можа прывесці да ўзнікнення некаторых небяспечных інфекцый.

Затое, кажуць эксперты, людзям варта засяродзіцца на ўборцы канкрэтных месцаў у канкрэтны час, нават калі яны выглядаюць чыстымі — для таго, каб спыніць распаўсюд шкодных мікробаў.

Якія «праблемныя месцы» для гігіены?

  • падрыхтоўка і апрацоўка прадуктаў харчавання
  • ежа рукамі
  • выкарыстанне прыбіральні
  • кашаль, чханне і смарканне
  • чыстка і мыццё «брудных» ануч і адзення
  • догляд за хатнімі жывёламі
  • сартаванне і вываз смецця
  • догляд за членам сям'і з інфекцыяй

Мыццё рук асабліва важна пасля апрацоўкі ежы, карыстання прыбіральняй, кашлю, чхання, дагляду за хатнімі жывёламі і хворымі, гаворыцца ў дакладзе.

Ачыстка кухонных паверхняў і апрацоўчых дошак неабходная пасля падрыхтоўкі сырых прадуктаў, такіх як мяса і птушка, або перад падрыхтоўкай бутэрбродаў і закусак.

Таксама рэкамендуецца мыць анучы і шчоткі пасля мыцця імі забруджаных паверхняў.

Падлогі і мэбля могуць выглядаць бруднымі, але яны звычайна ўтрымліваюць мікробы, якія не небяспечныя для здароўя.

Як правільна выдаляць бактэрыі?

Мыццё паверхняў і посуду цёплай мыльнай вадой выдаляе бактэрыі, вымываючы іх у каналізацыю.

Якія сродкі выкарыстоўваць?

Існуе тры асноўныя катэгорыі сродкаў, кожная з якіх мае свае функцыі.

  • мыйныя сродкі — чысцяць паверхню і выдаляюць тлушч, аднак не забіваюць бактэрыі.
  • дэзінфектанты — забіваюць бактэрыі, але не працуюць эфектыўна на паверхні, пакрытай тлушчам або бачным брудам.
  • дэзінфікуючыя сродкі або антысептыкі — можна выкарыстоўваць як для ачысткі, так і для дэзінфекцыі. Спачатку выкарыстоўвайце такія сродкі для ачысткі паверхні, выдалення забруджванняў і тлушчу, а затым нанясіце на чыстую паверхню для дэзінфекцыі.

Важна таксама ўважліва чытаць інструкцыю, кажуць эксперты.

Для ачысткі паверхняў пасля гатавання ежы замест ануч лепш выкарыстоўваць папяровыя ручнікі. Гэта абароніць кухонныя анучы ад забруджвання шкоднымі бактэрыямі.

Што кажуць эксперты?

Прафесар Салі Блумфілд з Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны кажа, што грамадскасць павінна ведаць розніцу паміж гігіенай і чысцінёй.

«У той час як уборка — гэта выдаленне бруду і мікробаў, гігіена азначае ачышчэнне ў тых месцах і ў той час, калі гэта трэба — і правільным чынам — каб разарваць ланцуг інфікавання падчас гатавання ежы, карыстання прыбіральняй, догляду за хатнімі жывёламі і г.д.».

Прафесар Ліза Акерлі, эксперт па пытаннях гігіены харчавання і член праўлення ў Каралеўскім таварыстве аховы здароўя, кажа: «Быць на вуліцы і гуляць з сябрамі, сям'ёй і хатнімі жывёламі — выдатна для кантакту з «добрымі бактэрыямі» і стварэння здаровага мікрабіому, але таксама важна, каб людзі не блыталі рэчы. Гэта не павінна перашкаджаць добрай гігіене».

«Мэтаскіраваная гігіена ў пэўны час і ў вызначаным месцы — хуткі і дзейсны спосаб прадухілення інфекцыі, які адначасова не пазбаўляе вас кантакту з «добрымі бактэрыямі», ад якіх карысць для вашага арганізма, — кажа Акерлі.

«Правільная гігіена дома і ў паўсядзённым жыцці дапамагае паменшыць рызыку інфекцыі, з'яўляецца жыццёва важнай для абароны нашых дзяцей і зніжэння ціску на сістэму аховы здароўя. І мае велізарную ролю ў барацьбе з устойлівасцю да антыбіётыкаў», — дадае яна.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930