Знайсці
27.08.2019 / 15:08РусŁacБел

Прадмесці Берасця: Вулька, Рэчыца, Пугачова…

Горад — гэта не толькі цэнтральныя праспекты, але і ўскраінныя мікрараёны. Якія часта маюць не менш цікавае і насычанае мінулае і авеяныя не меншай колькасцю легендаў, чым уласна «мегаполіс». Пра гісторыю і сучаснасць берасцейскіх прадмесцяў піша Антон Дацкевіч.

Трышын

Уздоўж вуліцы Маскоўскай, каля мікрараёна Усход, стаяць тыповыя для Берасцейшчыны абшаляваныя хаты. Гэта колішняе сяло Трышын, якое ў 1968 годзе ўвайшло ў склад горада.

Зямельныя ўгоддзі былой вёскі сталі хутка забудоўвацца шматпавярховікамі. На жаль, новы мікрараён не атрымаў назву Трышын. Сёння існуе толькі вуліца Трышынская, якая ўзнікла ў раёне колішняга аднайменнага фальварка, што месціўся на паўночны захад ад вёскі. Прыватны сектар, размешчаны па гэтай вуліцы, мясцовае насельніцтва называе Новым Трышынам. Яго актыўная забудова пачалася толькі ў пасляваенныя гады. Само сяло месцілася абапал гасцінца, які вёў на Кобрын і Мінск. Цяпер гэта галоўная вуліца горада — Маскоўская. Даўней жа вёска стаяла бліжэй да ракі і была выцягнута ўздоўж надпоплаўнай тэрасы Мухаўца, пра што сведчаць карты ХІХ стагоддзя.

Сям'я з Трышына на прагулцы ў горадзе. 1930-я.

Першыя пісьмовыя звесткі пра паселішча сягаюць XV стагоддзя. У 1496-­м вялікі князь літоўскі Аляксандр выдаў у Горадні пацвярджальную грамату свайму сакратару Федзьку Янушковічу на зямельнае ўладанне Трышын у сувязі з цяжбай апошняга з дваранінам Грымаловічам. А ў сярэдзіне XVІ стагоддзя ўладальнікам Трышына і суседніх вёсак стаў Станіслаў Пякарскі.

Аднак гісторыя Трышына яшчэ больш старажытная. Дзякуючы археалагічным даследаванням мы ведаем, што на тэрыторыі былой вёскі знаходзіцца бескурганны могільнік, які адносіцца да вельбарскай археалагічнай культуры і датуецца ў межах канца ІІ — сярэдзіны ІІІ стагоддзя н. э. Носьбіты дадзенай культуры звязваюцца з гістарычнымі германскімі народамі — готамі і гепідамі. Гэты могільнік быў адкрыты ў 1959 годзе маскоўскім археолагам Юрыем Кухарэнкам. Падчас раскопак археолаг выявіў 75 пахаванняў па абрадзе трупаспалення і 8 ахвярных ямаў. А ў пачатку 1960-­х побач з могільнікам адкрылі шматслойнае паселішча, на якім, акрамя матэрыялаў жалезнага веку, выяўлена кераміка канца Х—ХІІ стагоддзяў.

Трышын. Май 1931 года.

Такім чынам, Трышын быў даўнім-­даўнім паселішчам.

У візітацыйным вопісе берасцейскіх цэркваў 1726 года мы знаходзім звесткі пра драўляную царкву Святой Тройцы, якая месцілася на Завугрынецкім прадмесці па вуліцы Вайтовай (зараз раён вуліцы Герояў Абароны, непадалёк ад Паўночнай брамы крэпасці). Акрамя жыхароў прадмесця, да парафіі адносіліся вёскі Лозкі, Тапалёва, Шпановічы і Трышын.

Паміж апошнімі знаходзіцца вядомы берасцейскі некропаль — Трышынскія могілкі. Першапачаткова яны былі звычайнымі вясковымі могілкамі, на якіх хавалі сваіх памерлых жыхары вёсак Шпановічы, Трышын і Гузні. Да 1960-­х гадоў на могілках стаяла драўляная царква Святой Тройцы, узведзеная ў канцы ХІХ стагоддзя. Аднойчы ноччу яна згарэла, і хадзілі чуткі, што за падпал улады паабяцалі некаму кватэру. Вядома, што гэтаму будынку папярэднічала старая могілкавая царква, якая стаяла ў іншым месцы, прыблізна пасярэдзіне могілак. А сёння там знаходзіцца невялікі памятны знак.

Трышынская царква. Пахаванне. Пасляваенныя гады. Пазней саветы яе спаляць.

Трышынцаў здаўна многае звязвала з горадам. Гэта не толькі прыходскі храм і кірмашы. На Раство яшчэ ў міжваенны час яны хадзілі калядаваць у горад.

Напэўна, так было і ў больш аддаленым мінулым, на што ўказвае тэкст каляднай песні, дзе згадваюцца мураваныя дамы, якіх раней у вёсках, зразумела, быць не магло:

Ой, скочы, коза, з сіны до хаты,
Стань на порозі на однуй нозі,
Заглянь на грады, чы ныма рады.
А тая рада — старая баба,
Солому сычэ, пырогі пычэ,
А сіно смажэ, пырогі мажэ.
На горы вовчок з вовчынятамы,
В долыні коза з козынятамы,
Вовчык схопывся, за козу схватывся,
А вовчынята — за козынята.
Наша козунька догадалася,
В сухую лозу тай сховалася.
Іхалы стрыльцы, всі каштановці,
Нашу козуньку тай застрылылы.
Бух!

Каза падае. Калядоўшчыкі і гаспадары спрабуюць яе ажывіць салам і каўбасамі. Ад гэтых падарункаў каза ажывае.

Ой, хвалю тыбэ, наш моцный Божэ,
Шо наша куза гуляты можэ!
Гуляла вона по полям, лугам,
Тыпэр гуляе по сітым домам,
По сітым домам, по мурованым,
По сітым дворам, по [брукованым?].

Гэтую песню мы запісалі ад Вольгі Дабралюбавай (у дзявоцтве Лісоцкай) з Трышына. «Сітым» азначае гэтым на мясцовай гаворцы.

Вольга Дабралюбава захавала цёплыя ўспаміны пра колішні Трышын.

Сярод трышынцаў бытавала і паданне пра заснаванне Берасця: «Плылі манахі. І от яны знайшлі астравок. І от ім панравіўся, яны аснаваліся…»

Мы яго запісалі ад той жа Вольгі Дабралюбавай. Ёй паданне расказваў яе дзед Лывінь (Лявонцій) Ярашчук.

Шпановічы

Першыя пісьмовыя звесткі пра Шпановічы сягаюць у XVI стагоддзе. Паселішча было ўладаннем уладзіміра­берасцейскіх праваслаўных епіскапаў. Вялікі князь літоўскі Аляксандр у 1502 годзе дазволіў Федзьку Янушковічу памяняць свой фальварак на «зямлю Ушпанаўскую», якая належала Мікалаеўскай царкве.

У выніку пераносу горада на новае месца значная частка зямельных угоддзяў вёскі трапіла пад гарадскую забудову. Пазней праз Шпановічы была збудавана чыгунка, побач з якой паўстала новае прадмесце — Кіеўская слабодка (Кіеўка). Пры Польшчы, у 1929 годзе, сяло Шпановічы было далучана да горада, стала прадмесцем. З­за недахопу сенажацяў тут складана было гадаваць кароў, і гэта паступова прывяло да пераарыентацыі класічнай сялянскай гаспадаркі на патрэбы гарадскога рынку. Адпаведна, узрастала роля агародніцтва і садаводства.

Мясцовыя кубасныкі браты Швядовічы і Сладзінскія куплялі мяса і выраблялі каўбасы на продаж, трымаючы ў горадзе ўласныя лаўкі.

Цікава, што іх праўнук Уладзь Швядовіч цяпер працуе на партале «Наша Ніва» і друкуецца ў «Нашай гісторыі». Мы нечакана даведаліся пра гэта, калі рыхтавалі артыкул.

Прадукты, вырашчаныя на прысядзібных участках, жыхары прадмесця неслі прадаваць на гарадскі рынак, пасярод якога стаялі вялікія мураваныя гандлёвыя рады, збудаваныя яшчэ ў пачатку 1840­х гадоў. Там знаходзіліся лаўкі (яткі), якія трымалі габрэі. Яны кантралявалі гарадскі гандаль і складалі пераважную частку насельніцтва горада. Нездарма ў міжваенны час казалі, што ў Берасці «польскі гулыці, жыдівські камыныці» — вуліцы польскія, а камяніцы жыдоўскія.

Важнай падзеяй у жыцці горада і навакольных сёлаў былі кірмашы, якія ладзіліся два разы на месяц. На ярмарок прыязджалі ці прыходзілі сяляне і з аддаленых вёсак, у тым ліку так званыя пулышукі. Гэтак берасцюкі і жыхары падгародскіх сёлаў называлі людзей, якія жылі на поўдзень і паўднёвы ўсход ад Берасця. Найперш гэта цяперашнія Маларыцкі раён і поўдзень Кобрынскага, а таксама паўднёвыя часткі Берасцейскага і Жабінкаўскага раёнаў. «Палешукі», у адрозненне ад падгародцаў, былі вельмі традыцыйнымі людзьмі, вылучаліся сваімі архаічнымі звычаямі і вопраткай. Яны яшчэ хадзілі ў постолах (лапцях), насілі даматканае і стрыгліся «пад гаршчок».

Такія адрозненні былі абумоўленыя вельмі слабым гарадскім уплывам, дзякуючы чаму гэтая частка Берасцейскага Пабужжа лепш за іншыя захавала старажытны фальклор.

Соя

Урочышча Соя размешчана на поплаве левага нізкага берага Мухаўца. Соя згадваецца яшчэ ў рэвізіі Берасцейскага староства 1566 года як угоддзі берасцейскіх мяшчан. У міжваенны перыяд на тэрыторыі ўрочышча паўстаў аднайменны пасёлак. Гэта былі свайго роду фавэлы. Пасёлак заснавала гарадская бедната, няздольная набыць зямельны ўчастак.

Было тады такое правіла: калі ты паставіў хату і вывеў комін, то разбураць яе было ўжо забаронена, такую нерухомасць легалізоўвалі. «Пудбырае момент, матеріал — і гоп­гоп за одну ноч злыпыв якусь будочку. Там жылы рыбакі, бызруботны…», — расказваў нам Сцяпан Сідарук з Вулькі.

Соя на карце сярэдзіны 1950-х гадоў «Праект змены межаў паміж горадам Брэстам і Брэсцкім раёнам».

Размешчаны ў нізкай мясцовасці, пасёлак затапляўся падчас веснавых паводак, што значна ўскладняла жыццё яго жыхароў. Нарэшце, у 1974-­м здарылася вялікая паводка, пасля якой насельніцтва Соі цалкам выселілі. Людзі атрымалі кватэры ў новых мікрараёнах, а будынкі пакінутага паселішча знеслі. Потым на тэрыторыі ўрочышча былі выкапаныя два невялікія вадасховішчы, якія атрымалі назвы Вялікая і Малая Соя.

Валынка

Магчыма, камусьці пачуецца нешта старажытнае ў назве гэтага прадмесця. Аднак не. Валынка ўзнікла толькі ў 1830-­я гады ў сувязі з будаўніцтвам Берасцейскай крэпасці і пераносам горада на новае месца.

Так былі заснаваныя два фарштаты — Кобрынскі і Валынскі. Першы, самы буйны — гэта сучасны цэнтр горада. А вось Валынскі, параўнальна невялікі, размяшчаўся паміж былымі вёскамі Аркадзія і Кацельня Падмеская.

Карэннае насельніцтва Валынкі — нашчадкі жыхароў старога Берасця, якія жылі ў горадзе яшчэ за часамі Вялікага Княства Літоўскага і перасяліліся са знесенага горада.

Сваю назву прадмесце атрымала ад таго, што ўзнікла на старадаўнім Луцкім гасцінцы, які вёў на Валынь.

Ад самага пачатку ў планіроўцы прадмесця быў закладзены падзел на дзве часткі — габрэйскую і хрысціянскую. «Жыдівська» палова знаходзілася на захад ад сучаснай вуліцы Ковельскай, а хрысціянская, ці «мышчанська», — на ўсход.

Габрэйскія кварталы Валынкі былі ўшчэнт зруйнаваныя ў першыя ж дні пасля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Насельніцтва трапіла ў гета, а пасля было пагалоўна расстралянае. На месцы знішчаных сядзіб пасля вайны сталі сяліцца сяляне з блізкіх вёсак, адселеных з­пад Буга, — найперш з Прылук.

Колішніх «мяшчан» можна падзяліць на дзве групы — каталіцкую і праваслаўную (былыя ўніяты). Рыма­-католікі самаідэнтыфікаваліся як палякі. Большая іх частка пасля Другой сусветнай вайны з’ехала ў Польшчу. Мяшчане размаўлялі на гаворцы, якая была дзіўнай сумессю польскай і рускай моў з дамешкам мясцовых заходнепалескіх гаворак. Тутэйшыя старажылы, якія мелі з імі дачыненні, зазначаюць, што іх мова «ны руска і ны польска».

Гершоны

На паўднёвай ускраіне Берасця, паміж Бугам і вуліцай Ковельскай, знаходзяцца Гершоны.

Тут цалкам адсутнічае шматпавярховая забудова, мікрараён застаецца вялікім сялом. Амаль у самым яго цэнтры можна пабачыць, як на лузе пасвяцца каровы. І гэта не дзіўна, бо Гершоны былі ўключаныя ў склад горада толькі ў 2007 годзе. Адначасова часткамі горада сталі суседнія вёскі Аркадзія, Міцькі, Бернады і Кацельня Баярская, якія адносіліся да Гершонскага сельсавета.

Новы мікрараён імкліва пашыраецца за кошт катэджнай забудовы. Гістарычныя Гершоны — гэта вуліца Гершонская і паўднёвая частка Свята­Афанасьеўскай, адпаведна, яны з’яўляюцца самымі старымі вуліцамі мікрараёна. Раней вёска складалася з дзвюх асобных частак, раздзеленых Холмскай чыгункай (цяпер вуліца Уладаўская). Усходняя частка сяла (цяпер вуліца Гершонская) насіла неафіцыйную назву Кучя´ны. На паўднёвы ўсход ад іх існавалі старыя гершонскія могілкі.

Вядома, што жыхары адной вёскі маглі «ўзнагароджваць» людзей суседняга паселішча характэрнымі мянушкамі. Напрыклад, з­за таго, што насельніцтва Кацельні Баярскай было больш заможным і акрамя іншых культур вырошчвала пшаніцу, гершонаўцы празывалі іх пшанычныкамы. А вось жыхары Кацельні Падгародскай насілі мянушку рэйныкі. Што значыць «весці рэй», «быць завадатарам».

З вядомых на сёння крыніц упершыню паселішча згадваецца ў 1548 годзе пад назвай Гершановічы. Гэты айконім, верагодна, паходзіць ад імя Ге´рыш, што магчыма, скарачэнне ад Герасіма.

Сяло фігуруе таксама ў рэвізіі Берасцейскага староства 1566 года. У гэтым дакуменце мы знаходзім пералік сялян­гаспадароў сяла Гершановічы, якое належала да дзяржаўных (гаспадарскіх) уладанняў і ўваходзіла ў склад Прылуцкага войтаўства. Рэвізія зафіксавала таксама некалькі мікратапонімаў: Крывы Брод, Кашыцы, Глінішча, Нядовіна. Вёска была шчыльна звязаная з горадам: у яе ваколіцах месціліся фальваркі, якія належалі заможным берасцейскім мяшчанам. Праз пэўны час яны разрастуцца ў невялікія вёскі.

У 1659—1661 гадах у Гершановічах была збудавана царква. Фундуш на заснаванне храма выдаў кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір. Апісанне будынка царквы і яе начыння мы знаходзім у візітацыі берасцейскіх цэркваў 1726­-га. Побач са старой царквой Раства Багародзіцы стаяў будынак новай драўлянай царквы. Паводле гэтай крыніцы, гершонская парафія аб’ядноўвала вёскі Аркадзія, Бернады, Дубіннікі, Міцькі, Кацельня Падмеская, Кацельня Баярская і іншыя. У 1869-­м замест драўлянай царквы ў псеўдарускім стылі была збудавана мураваная, так званая «мураўёўка».

У ХІХ стагоддзі каля Гершон паўстала цагельня, якая пазней разраслася ў цэлы пасёлак (цяпер вуліца Цагляная). З­за здабычы гліны ўтварылася вялікая колькасць штучных азёраў.

Насупраць былой вёскі Аркадзія знаходзіцца мужчынскі Свята­Афанасьеўскі манастыр. Ён заснаваны ў 1996 годзе побач з драўлянай капліцай, збудаванай на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, як лічыцца, на месцы гібелі Афанасія Філіповіча (каля 1597—1648) — вядомага пісьменніка­-публіцыста, палітычнага і царкоўнага дзеяча. Ад мясцовага насельніцтва можна пачуць паданне, што некалі зімой там вырасла кветка, якая засведчыла месца смерці манаха. Іншыя ж кажуць, што пастухі бачылі запаленую свечку.

«З Вулькі був цэрковный староста. Звалы ёго Місій [Масей] Котік. І вынь шов туды [з царквы], а була зыма, і в булоті русцвыла лілія. Ну вынь пубачыв, шо цвытэ лілія. І вырнувся назад, русказав пуповы. Прышлы. Правда. В болоті цвытэ лілія. Чудо. І з’іхалыся пупы. І сталы рышаты, шо тут могло случытыся. І прышлы к выводу, шо тутыка був вбытый Афанасій».

Вулька Падгародская

У паўднёвай частцы Берасця, на левым беразе Мухаўца, знаходзіцца мікрараён Вулька. Гэта колішняя вёска Вулька Падмеская (мясцовае Вулька Пудміська), якая была ўключана ў склад горада ў 1968 годзе.

Яна месцілася зусім блізка ад горада — «места», як казалі даўней, таму і стала звацца Падмескай або Падгародскай. Паселішчы з падобнымі назвамі (Воля, Волька, Слабодка) узнікалі ў ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях, калі феадал­-землеўласнік сяліў на сваіх землях сялян і вызваляў іх на пэўны тэрмін ад падаткаў, даваў «волю» — адсюль і назва. Таму зусім невыпадкова існуе народнае паданне пра заснаванне вёскі панам.

Берасцейскія брукары. Фота з сямейнага архіва жыхаркі Вулькі Аляксандры Яцкевіч.

Першыя пісьмовыя звесткі пра гэтую мясцовасць мы знаходзім у рэвізіі Берасцейскага староства 1566 года, дзе згадваецца фальварак Жукоўскі, што належаў Крыштофу Краеўскаму, які жыў у Берасці, у доме, з вокнаў якога адкрываўся від на рынкавую плошчу і ратушу. Паводле крыніцы, фальварак месціўся паміж сёламі Гершановічы і Жыровічы, а побач знаходзіліся ўрочышчы Любошча Гара і Ракітава, якія дагэтуль добра вядомыя мясцовым старажылам і дакладна лакалізуюцца непадалёк ад былой вёскі.

Вулька. Паводка. Пасляваенныя гады.

Любошча Гара знаходзілася ў раёне цяперашняга гандлёвага цэнтра «Варшаўскі» (вуліца Махновіча), яна фіксуецца на старых картах.

Любошча Гара на расійскай карце пачатку XX стагоддзя.

У сямейным архіве карэннага жыхара Вулькі Падгародскай Сцяпана Сідарука захоўваецца цікавы фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя.

На ім мы бачым дзвюх дзяўчат­-сябровак у традыцыйных святочных строях. Дзяўчына злева — будучая маці Сцяпана. Фота было зроблена ў адным з берасцейскіх фотасалонаў. Сцяпан Эмануілавіч расказаў, што ў той час праваслаўная царква забараняла фатаграфавацца, таму ў фотасалон дзяўчаты выправіліся так, каб ніхто пра гэта не здагадаўся. Гэта, бадай што, самы ранні фотаздымак, зроблены сялянамі. Неўзабаве пачнецца Першая сусветная вайна, якая зменіць гісторыю краіны і зламае многія чалавечыя лёсы.

Дзяўчаты-сяброўкі Фядосія Дарашук і Прузына Коцік з вёскі Вулька Падгародская, пачатак XX стагоддзя. У той час праваслаўная царква забараняла фатаграфавацца, таму ў фотасалон дзяўчаты выправіліся так, каб ніхто пра гэта не здагадаўся.

Пугачова

У 1979 годзе Пугачова было ўключана ў склад горада. Колішняя вёска багатая на мікратапонімы: Бырэзовэць, Тоня, Куповаха, Волосяное, Слыпэтыска, Цьманово, Камэліс, Чароліс, Нагомукова Гора, Навіз, Сахарскій Брід, Козлывській Брід, Шуткывській Брід, Попова Шыя, Гычово, Гычовскій Рів і шмат іншых. Частка гэтых мясцовасцяў была пахаваная пад тонамі пяску пры будаўніцтве ў 1980­-х гадах новага мікрараёна Кавалёва, які «заглушыў» назву былой вёскі.

Дзяўчаты з Пугачова, міжваенныя гады.

Ціхан з Пугачова і Федзька з Гузнёў у міжваенныя гады (верагодна, 1920-я).

Канчанская моладзь. Пугачова, 1950-я.

Сяброўкі з вёскі Пугачова. Міжваенныя гады.

Сям'я з вёскі Пугачова, 1930-я.

Для Пугачова характэрны падзел на канцы. Заходняя частка колішняга сяла мае назву Піскуры (мясц. Пыскурі, назва, відаць, матываваная пясчанымі глебамі, таксама неафіцыйная назва вёскі Малыя Косічы), а ўсходняя — Канчаны (мясц. Кунчаны, гэта значыць «жыхары канца»). Цікава, што паміж гэтымі часткамі існавала дакладна вызначаная граніца. Яна праходзіла там, дзе цяпер вуліца Валгаградская перакрыжоўваецца з вуліцай Цэнтральнай. Паводле сведчання мясцовага старажыла Паўла Караля, у міжваенны час існавала нават шыльда­паказальнік з назвамі гэтых канцоў. Як успамінае Аляксандра Шабуня, моладзь з усходняй часткі вось так дражніла сваіх заходніх суседзяў:

Пыскурі, пыскурі,
Спыклы жабу на пычі,
Сілы ў куточку,
З’ілы по кусочку!

А жыхары Піскуроў крычалі ў адказ: «Кунчаны сучку звынчалы!»

У пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя мы не знойдзем вёскі з назвай Пугачова. З тэксту рэвізіі 1566 года вынікае, што на ўсход ад сучаснай Вулькі, дзе месціцца мікрараён Кавалёва, пачыналіся зямельныя ўгоддзі сяла Жыровічы. Падобна на тое, што гэтае паселішча пазней змяніла назву на Пугачова. Упершыню «Жыровічы із Каменкаю подле Берасця» згадваюцца пад 1511 годам, як уладанне Яна Літавора Храбтовіча.

Канчанскі крыж (Пугачова), канец 1920-х гадоў.

У Пугачове да 1940­-х існавала калядная традыцыя хаджэння максымянув. Так у навакольных з Берасцем сёлах называлі ўдзельнікаў пастаноўкі народнай драмы «Цар Максімільян», якая была вядомая ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Максімяны хадзілі на Руздво, на першы дзень. Галоўнымі персанажамі драмы былі цар Максімян, царэвіч Адольф, маладая казачка, скараход­«федзьмаршал», жыд.

Пугачова. Максімяны, 7 студзеня 1946 года. Традыцыя захоўвалася, нават калі прыйшлі саветы.

Калядаванне ў Пугачове, 2000-я. На пярэднім плане Аляксандра Шабуня і Уладзімір Жмянько.

Рэчыца

У паўночна­заходняй частцы Берасця размешчаны мікрараён Рэчыца (мясцовае Рычы´ця).

У мінулым Рэчыца — тыповая падгародская вёска, шчыльна звязаная з Берасцем. У 1968­-м яна была далучана да горада. Цяпер гэта вуліца Рэчыцкая і прылеглая частка вуліцы Смірнова. Найбольш раннія вядомыя нам звесткі пра паселішча датуюцца пачаткам XVI стагоддзя. У Метрыцы ВКЛ пад 1508 годам мы знаходзім запіс пра пацвярджэнне Міцьку Дзяку на два «пустоўскія» жэрабі ў Рэчыцы, якія раней трымаў берасцейскі мешчанін Фен.

Жэрабем называлі зямлю, якая была асноўнай адзінкай абкладання цяглавых людзей павіннасцямі да аграрнай рэформы сярэдзіны XVI стагоддзя.

Гурток вясковай моладзі. Рэчыца, міжваенны час.

У 1511 годзе, відаць, той самы Міцька набыў у Сака і Андрэя Чарнаковічаў дзве рэчыцкія «зямліцы»: Цітоўскую і Масалеўскую. У тым жа годзе дваранін Міцька Дзянісавіч прадаў Івану Сямёнавічу Сапегу сяло Рэчыца з пяццю жэрабямі. Прыводзяцца назвы трох: Цітоўскі, Масалеўскі і Сапылёўшчына. На жаль, гэтыя тапонімы сёння не фіксуюцца.

Рэчыцкія дзяўчаты ў святочных строях. Міжваенныя гады.

Аднак некалькі іншых рэчыцкіх мікратапонімаў мы змаглі занатаваць і лакалізаваць. Так, на паўночны захад ад колішняй вёскі знаходзіцца ўрочышча Уструвкі. Гэта нізкая мясцовасць, парослая альховымі дрэвамі, дзе шматлікія пратокі ўтвараюць невялічкія астраўкі. На ўскрайку ўрочышча, каля вуліцы Ключавая, з­пад гары б’е крыніца.

Хлопцы з Рэчыцы. Міжваенны здымак.

Пудмісте — так называлася адно з рэчыцкіх палёў, якое прылягала да гарадскіх (мескіх) зямель, ад чаго і атрымала сваю назву. Цяпер там знаходзіцца вуліца Прыгарадная, і падаецца, што не выпадкова.

Зусім нядаўна на Рэчыцы была збудавана новая праваслаўная царква Святой Тройцы. У колішняй вёсцы царквы ніколі не было. Рэчыцкія людзі наведвалі берасцейскую царкву Святога Мікалая (брацкую), якая месціцца на цяперашняй вуліцы Савецкай. Аднак і раней, яшчэ да пераносу горада і будаўніцтва цытадэлі, жыхары Рэчыцы адносіліся да гарадской царквы. Паводле візітацыйнага вопісу берасцейскіх цэркваў 1726 года, царкву Святога Міхаіла, акрамя мяшчан, наведвалі сяляне з вёсак Рэчыца, Казловічы і Плоска. Гэтая царква была драўляная, знаходзілася на прадмесці Пяскі, непадалёк ад кляштара брыгітак, які царскія ўлады ператварылі ў вязніцу (цяпер паўднёва­заходняя частка Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці).

***

Як гаварылі ў Старым Берасці?

Напэўна, таксама, як да ХХ стагоддзя гаварылі ў навакольных сёлах і прадмесцях.

Напрыклад, на поўнач ад Берасця ішла паласа гаворак, у якіх вымаўлялі [у] на месцы этымалагічнага : кунь (конь), муст (мост), двур (двор), кут (кот), вуз (воз), плут (плот), вун (ён), бульш (больш), муй (мой) і інш. Акрамя таго, каля Берасця словы кшталту «карова», «каза», «малако» вымаўлялі праз [у]: курова, куза, мулуко, худыты, рубыты, нусыты. Цікава, што ў Гершонах і на Вульцы старыя людзі на «ён» казалі: «вынь» — гук у гэтай пазіцыі быў сярэдні між ы, ю ды і.

Антон Дацкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930