Даслаць навіну
Знайсці
25.06.2019 / 10:47 11

Віктар Марціновіч пра адкрыццё Еўрагульняў: 25 гадоў яны забаранялі сцягі, а тут паказваюць «Калюмны» і Вітаўта

Павялічыць выяву

Віктар Марціновіч на budzma.by піша пра адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, дзе нашую краіну паказалі ў нечаканым вобразе. 

25 гадоў яны прыдумлялі «свае» сцягі і абвяшчалі іх адзіна афіцыйнымі. Яны збівалі «Пагоню» з Дома ўрада, вешалі туды намаляваны пры цікавых абставінах «свой» герб, які таксама абвяшчалі афіцыйным.

І нам нават трэба было паважаць той гімн замест нашага «Магутнага Божа», той сцяг замест нашага бел-чырвона-белага, той герб, бо яны ж — дзяржаўныя сімвалы, непавага да іх караецца па законе. І мы жылі так, без «Пагоні» на вокладцы пашпартоў. І нехта нават (я ў тым ліку) павесілі насы, бо здавалася, што гэта назаўсёды. І яно было назаўсёды, але цяпер пачало канчацца — зусім як у той кнізе Алекса Юрчака.

На 25-ы год існавання іхнай гісторыі, іхных герояў, іхных трактароў «Беларусь», іхных партызан, іхнай эстрады і ўсяго астатняга, «найлепшага», савецкага, ладзіцца велізарнае дзяржаўна-спартовае свята. Самая знакавая містэрыя для іх (не для нас, бо мы ад гэтага ўсяго ладна стаміліся). І афіцыйнае адкрыццё гэтага свята абяцае быць трыумфам іхнага наратыву.

Іхнай заяўкай на вечнасць.

Іхным помнікам самім сабе.

Ну вось пасля Сталіна застаўся сталінскі ампір. Не самы густоўны напрамак у архітэктуры, але пэўную мару, пэўную надзею на хуткую светлую будучыню ён увасобіў. Пасля Напалеона III застаўся Парыж, перабудаваны баронам Асманам. Пасля Трэцяга Рэйху — Шпэер. Пасля Мусаліні — Via della Conciliazione, што прабіла гарызонт да пл. св. Пятра.

І тут — гэтыя гульні, любімая цацка, пад якую ў нас змянялі рух па праспектах і г.д. То ўсе, натуральна, замёрлі ў чаканні эстэтычнага параксізму. На тэму мінуўшчыны. На тэму сучаснасці. На тэму таго, хто мы такія ёсць.

Бо вы ж разумееце, мы жывём у часы, калі людскае адчуванне гісторыі паходзіць не з падручніка «Нарысы гісторыі Беларусі» ў дзвюх частках. І нават не з фільмаў — гэты момант ужо таксама амаль сышоў.

Не, каб прымагніціць да сябе ўвагу мільёнаў, тых, хто не ў тэме, Гульні, якімі выелі мозг усёй краіне, — найлепшы момант.

Давайце! Расказвайце нам праўду! Сваю праўду! Што там у вас было? Пра Вялікую Айчынную, пра «рускіх са знакам якасці», пра Суворава?

І што яны робяць? Нам паказваюць «калюмны», нам паказваюць «Пагоню», нам распавядаюць пра Быкава — таго самага Быкава, які ў момант росквіту панэльнай новабудоўлі, за якой мы назіраем 25 гадоў, быў проста забаронены для згадак! Нам абяцаюць Нятрэбка, нам нават прывозяць Нятрэбка, але публіка сустракае яе выступ «жыдкімі апладысментамі», а самай абмеркаванай музычнай падзеяй адкрыцця робіцца мелодыя нашага гурта Vuraj з Сяргеем Доўгушавым на чале.

І я магу лепей за любога «аналітыка» патлумачыць, чаму адбылося менавіта так, а не інакш.

З 1994 года тут адбудоўвалася дзяржава, якая старанна пераймала «тое харошае, што было ў СССР». Якая прыхоўвала нашу сапраўдную гісторыю — бо ў той гісторыі шмат было войнаў з каштоўным суседам, крыніцай нашага бягучага (на той момант) дабрабыту. І таму бралася толькі тое, што «яднала» і дазваляла адгружаць «славянскае брацтва»: «Вялікая Айчынная», Сувораў, «Песняры», савецкія прамысловыя дасягненні.

І 25 гадоў было ў іх на тое, каб вынайсці нешта сваё.

Ну вось, таварышы ідэолагі, даю вам уводную: дайце нам такую гісторыю, каб там славянскае братэрства і ніякай бітвы пад Оршай, ніякага ВКЛ з ягонымі калюмнамі, ніякай «Пагоні», з Пазняком на кані. Секундамер запушчаны — пагналі! Прыдумляйце!

І — нічога. Пустата. Вакуум. З зоркамі беларускай эстрады на сцэне.

І калі спатрэбілася паказаць нешта гасцям (сярод якіх быў прэм’ер-міністр Расіі), каб яны зразумелі, што мы за людзі такія, узялі роўна тое, што некалі скалупвалі з Дома ўрада. Дадалі калюмнаў і запрасілі Сяргея Доўгушава.

Віктар Марціновіч, budzma.by

2
Цетка Алена / адказаць
25.06.2019 / 13:46
Калi б нас яшчэ запыталi , цi варта выдаткоуваць грошы на нейкiя спаборнiцтвы няхай сабе i з вельмi прыгожай цырымонiяй адкрыцця ! А то зробяць нам за нашы грошы добра - ну дзякуй , а зробяць абы што - толькi плюнеш i усе... Вунь у Горках збiралiся паставiць помнiк Пятру , пляцоуку i пастамент зрабiлi (грошыкi патрацiлi) , потым хвацiлiся i перадумалi. А грошыкi гэтыя таварышы у бюджэт не хочуць вярнуць за свае бязглуздае рашэнне ? Таму няма маральнага задавальнення , калi нешта робiцца на твае сродкi без твайго удзелу i без твайго голасу.
2
AliesF / адказаць
25.06.2019 / 18:33
Артыкул выдатны! Віктара Марціновіча чытаю з асалодай. Посьпехаў і Свабоды! Жыве беларуская культура, нават квітнее! Мне асабіста, па сутнасьці спартовай, гэтыя «Эўрапейскія гульні» нагадалі такую савецкую імпрэзу — «Спартакіяда народаў СЭСЭСЭР». Спартоўцы-удзельнікі – ЕЎРАЗЭС і трохі з захаду – з другой рукі, нейкія незразумелыя віды спорту, нейкі дваровы баскет, канешне САМБА, скачкі ў вышыню па асобных групах(?)... і надзвыычайныя захапленьні тэлевядоўцаў – усё так хораша – лепш за ўсіх! Мне чамусьці ўзгадалася такая арганізацыя «Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя». Яднаюць нас, яднаюць з розных напрамкаў.
1
Палкоўнік Зэман / адказаць
25.06.2019 / 22:06
Трапна! Маладзец, Вiктар!!!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31