Знайсці
24.06.2019 / 14:054РусŁacБел

«Не сумнявалася, што атрымаю 100 балаў». Абітурыенткі, якія набралі максімум на ЦТ па беларускай мове, расказалі пра сябе

Сёлета 100 балаў на ЦТ па беларускай мове набралі 42 чалавекі. Цікава, што летась тых, хто атрымаў максімальны вынік, было ў два разы менш. Даведаліся ў стабальніц, як яны рыхтаваліся да паступлення, ці не лічаць тэсты гэтага года прасцейшымі за ранейшыя і чаму мала выпускнікоў здае беларускую мову.

«Калі ўбачыла вынік, шоку не было»

Таццяна Аляхновіч — выпускніца школы №3 у Крупках. Рыхтавацца да ЦТ дзяўчына пачала яшчэ з 10 класа: сядзела над падручнікамі, рашала тэсты. Каля года хадзіла да рэпетытаркі. Кажа, што тая была вельмі строгай — і гэта добра: больш адказна падыходзіш да заданняў, калі ведаеш, што іх будуць правяраць.

Графік у дзяўчыны быў даволі шчыльным — конкурсы, выступленні. Таму беларускай мове ўдавалася знайсці час толькі два дні на тыдзень.

На рэпетыцыйным тэсціраванні Таццяна набірала высокі бал — 95, 98. Апошні раз, прызнаецца, фразеалагізмы падвялі.

«Перад ЦТ не хвалявалася. Проста паўтарыла правапіс і выспалася, — расказвае абітурыентка. — Заданні не выклікалі цяжкасцяў, ведала, што ўсё рашыла правільна».

У тым, што па беларускай мове атрымае максімальны вынік, Таня не сумнявалася. «Думала: калі не 100 балаў, то ўжо не ведаю, дзе я магла памыліцца. Таму, калі ўбачыла вынік, шоку не было».

У яе класе былі яшчэ вучні, якія здавалі беларускую мову, але хутчэй для падстрахоўкі — калі па рускай будзе мала балаў, возьмуць для паступлення гэты сертыфікат. Таня ж першапачаткова выбрала для тэсціравання родную мову.

«Лічу, што яе трэба ведаць. Не разумею, як так адбылося, што многім людзям складана размаўляць па-беларуску», — дзеліцца дзяўчына.

На яе думку, каб школьнікі лепш ведалі родную мову, варта выкладаць на ёй і іншыя прадметы.

«Калі б хоць гісторыю і геаграфію выкладалі па-беларуску, ужо дзеці мелі б большы лексічны запас. Многія не ведаюць нават, што такое бурштын. А на беларускай літаратуры не ўсе ж вучні чытаюць творы — толькі кароткі змест».

Ці не былі тэсты ў гэтым годзе лягчэйшымі за мінулагоднія? Абітурыентка ўсміхаецца: калі ведаць правілы і набіць руку на заданнях, яны ўсе здаюцца нескладанымі. З уласнага досведу дзяўчына раіць брацца за пытанні розных узроўняў, не сядзець толькі на простых, бо нават у іх можна зрабіць памылку. А калі нешта не атрымліваецца, пераключыцца на іншую справу.

Зараз Таня чакае вынікаў на ангельскай мове і рыхтуецца да тэстаў па гісторыі Беларусі. А паступаць будзе ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — хоча стаць перакладчыцай.

«Заданні становяцца прасцейшымі»

Выпускніца барысаўская школы №2 Кацярына Сурма соткі на ЦТ ніяк не чакала.

«Заданні я выканала за паўгадзіны і выйшла з аўдыторыі адной з першых. Калі атрымала смс-паведамленне, спачатку спужалася, не паверыла, што мой вынік. Маме патэлефанавала: яна ўзрадавалася, нават рыдала», — дзеліцца дзяўчына.

Да тэстаў яна рыхтавалася самастойна на працягу ўсяго года. Рэпетытары? Не яе гісторыя: Каця прызнаецца, што не любіць, калі на яе нехта цісне.

Беларускую мову абітурыентка здавала, бо лічыць яе лягчэйшай за рускую. Хоць большасць яе аднакласнікаў так не думае — толькі 4 чалавекі выбралі для ЦТ родную мову. Чаму для школьнікаў яна складаная? На думку Каці, прычыны дзве. Першая — мала хто з падлеткаў размаўляе па-беларуску ў штодзённым жыцці. Другая — у школе пад родную мову аддаюць вельмі мала часу. У 10-м і 11-м класе гэта толькі адзін урок на тыдзень. Таму многія наймаюць рэпетытараў.

Падчас падрыхтоўкі да паступлення Каця рашала тэсты розных гадоў. Заўважае, што з кожным годам заданні робяцца прасцейшымі. Сёлетнія не выключэнне.

Каця злева.

Паступаць барысаўчанка будзе ў БДУІР.

«Мама вучылася ў эканамічным інстытуце, я спачатку хацела таксама туды пайсці. А потым перадумала. Мне падабаецца фізіка і камп’ютары. Але ў навуку не хачу, вырашыла стаць праграмістам».

Каб напісаць ЦТ на сотку, кажа Каця, неабходна пачаць рыхтавацца да яго не пазней, чым у верасні.

«Я б параіла звярнуць увагу на аканне-яканне, правапіс «ў», мяккага знака, апострафа і дэфіса. Таксама трэба ведаць, калі ставіць працяжнік і двукроп'е, таму што кожны год такія заданні сустракаюцца на ЦТ. Я лічу, што варта рашаць як мага больш тэстаў, таму што ўсе гады яны падобныя адзін да аднаго».

Пры гэтым Каця не праседжвала за падручнікамі ўсе вечары — у яе хапала вольнага часу, каб пагуляць на вуліцы і сустрэцца з сябрамі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930