Знайсці
24.06.2019 / 11:299РусŁacБел

Святкаванне Купалля: заакіянская версія ШМАТ ФОТА

Быць беларусам — у першую чаргу значыць атаясамліваць сябе з беларускім народам і мець далучанасць да ягоных культурных традыцый, незалежна ад этнічнага паходжання, грамадзянства або месца жыхарства. Менавіта гэты пастулат у чарговы раз падцвердзілі шматлікія ўдзельнікі святкавання Купалля, якое адбылося ў ноч з 22 на 23 чэрвеня ў штаце Нью-Ёрк.

Апрача непасрэдных жыхароў мегаполіса і ваколіц, на імпрэзу з’ехаліся госці яшчэ з чатырох суседніх штатаў. У бягучым годзе мерапрыемства аказалася самым масавым за апошняе дзесяцігодззе адзначэння Купалля ў ЗША. І старыя, і малыя ахвотна бавілі час на прыродзе, частаваліся дранікамі і адмыслова прыгатаваным крупнікам, бралі ўдзел у вясёлых гульнях і дэманстравалі сваю дасведчанасць на ўроку беларускай мовы, удзельнічалі ў карагодзе і скоках праз вогнішча, шукалі папараць-кветку і купаліся пры святле зорак. Як звычайна, большасць прысутных была апранута ў нацыянальныя строі, што дбайна захоўвае спадарыня Валянціна Якімовіч.

Прыемнай неспадзяванкай аказаўся акустычны выступ нядаўна створанага амерыканскімі беларусамі гурта KAZINAK. А меркаванне наконт таго, што нашы людзі рэдка ўсміхаюцца і слаба праяўляюць эмоцыі з лёгкасцю было абвергнута — мноства прыгожых твараў проста свяцілася ад шчырых усмешак, а жартаўлівыя гутаркі доўжыліся да раніцы.

З улікам таго, што Купалле са старажытных часоў без перабольшвання з’яўляецца святам, якое любяць і шануюць беларусы з самымі рознымі жыццёвымі поглядамі і веравызнаннямі, ягонае святкаванне даўно ўжо магло б стаць нашым своеасаблівым нацыянальным брэндам і паспяхова распаўсюдзіцца амаль па ўсім свеце, як гэта, у прыватнасці, адбылося з ірландскім Днём Святога Патрыка.

А пакуль што, дзякуючы намаганням арганізатараў — аб’яднанню «Пагоня» і суполцы «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» — рамантычныя купальскія звычаі з кожным годам аб’ядноўваюць усё больш землякоў, якія пражываюць на амерыканскім кантыненце і не хочуць губляць повязь з беларушчынай.

Ірына Хадарэнка, прэзідэнт Беларускай асветніцкай лігі Амерыкі. Фота — Серж Трыгубовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930