Знайсці
22.06.2019 / 12:132РусŁacБел

Ужо сёння ля Ратушы ў Мінску пачнуцца джазавыя вечары — завітвайце

Яны пройдуць з 20:30 да 23:00 па суботах з 22 чэрвеня па 6 ліпеня. Уваход вольны.

Фестываль джазавых вечароў сёлета збярэ ў сталіцы музыкаў з Бельгіі, Італіі, Швецыі, Ісландыі і ЗША.

Сёмы сезон джазавых суботніх вечароў ля Ратушы адкрыюць 22 чэрвеня Бельгія і Італія. Каралеўства прадставіць квартэт пад кіраўніцтвам выканаўцы з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Туту Пуоўн (Tutu Puoane Belgian Quartet). Уладальніца паўднёваафрыканскай музычнай прэміі за найлепшы традыцыйны джазавы альбом 2011 года абяцае задаць тон усяму фестывалю. Італію ў гэты вечар прадставіць Нікола Контэ, які спрактыкаваўся ў стылі Acid jazz. Дакладней, апрацаваў жанр пад сябе, замяшаўшы ў адным флаконе традыцыйную індыйскую музыку, саўндтрэкі з італьянскіх фільмаў 1960-х і бразільскую боса-нова.

У суботу, 29 чэрвеня, выступіць тандэм Швецыі і Ісландыі. Прыхільнікі апошніх жартуюць, маўляў, ісландцы Mezzoforte граюць самы гарачы джаз і фанк-ф'южн. Жарты жартамі, але калектыў лічыцца адным з найстарэйшых у Еўропе: актыўна выступаюць з 1977-га, выпусцілі 14 альбомаў і 6 зборнікаў.

Шведаў прадставіць таленавіты кампазітар і аранжыроўшчык, саксафаніст Магнус Ліндгрэн, які змешвае джаз і класіку, эксперыментуе са шведскім фальклорам, бразільскай самбай і традыцыйнай афрыканскай музыкай. І з аднолькавым натхненнем супрацоўнічае як з выбітнымі музыкамі, так і з невялікімі джазавымі калектывамі.

Закрыюць «Вечары» 6 ліпеня музыкі з ЗША. Джоі дэ Франчэска — амерыканскі музыкант у чацвёртым пакаленні, віртуозны джазавы арганіст і вакаліст, двойчы намінант на прэмію «Грэмі». І пачуццёвы, меладычны, аўтэнтычны амерыканскі сямейны джазавы дуэт у асобе Маркуса і Жан Бэйлор (The Baylor Project). Пару таксама намінавалі адразу на дзве прэміі «Грэмі»: найлепшае традыцыйнае выкананне R&B і найлепшы джазавы вакальны альбом. Гэтая пара выконвае джаз з дзівоснымі нотамі госпела, блюзу і соўла.

Шукайце больш імпрэз на Afisha.nn.by

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930