Знайсці
21.06.2019 / 16:3925РусŁacБел

Як Віктар Лукашэнка адкрываў дом фанатаў зборнай Расіі ў Мінску ФОТЫ

Падтрымаць расійскіх спартоўцаў падчас Другіх Еўрапейскіх гульняў можна будзе не толькі непасрэдна на трыбунах альбо перад экранамі тэлевізараў, але і ў адмысловым фанацкім «доме», якія пачаў працу на тэрыторыі «Дома Масквы». На адкрыцці прысутнічаў выканаўца абавязкаў віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Віктар Аляксандравіч Лукашэнка.

Што такое фан-дом? Гэта адмысловая пляцоўка, дзе можна паслухаць музыку, папіць піва з сябрамі. Можна таксама купіць ці атрымаць у падарунак атрыбутыку зборнай Расіі. Паглядзець на артэфакты маскоўскай Алімпіяды і гэтак далей.

У меню тры наборы «Золата», «Срэбра» і «Бронза». Дзіўна, але «залатая» ежа каштуе 14 рублёў, а «бронзавая» ўсе 20. Што ўваходзіць у камплект? Гамбургер, бульба-фры і кока-кола. Нятаннае задавальненне — заўзець за расійскую каманду. У бронзавым камплекце ідзе двайны гамбургер, смажаныя пельмені, піражок з бульбай і піва.

Адкрыццё атрымалася дастаткова прадстаўнічым. З Расіі прыехалі кіраўнік НАК гэтай краіны Станіслаў Пазднякоў, а таксама міністр спорту Павел Калабкоў. Беларускі бок прадстаўлялі Віктар Лукашэнка і міністр спорту Сяргей Кавальчук.

«Не сакрэт, што ў нашых краінах надаюць вялікую ўвагу не толькі спорту, але і фізкультуры, ды і здароваму ладу жыцця ў цэлым. Дзякуючы ўдзелу вялікай колькасці людзей, народных масаў, магчымыя такія маштабныя праекты. Усім нашым спартсменам — чыстай і бескампраміснай барацьбы, яркіх перамог. А аматарам, напэўна, атрымаць сваю долю адрэналіну і перажыванняў. Са святам!» — сказаў Віктар Лукашэнка.

Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі прамаўляў па-расейску, але з шыкоўным беларускім акцэнтам. І з дзеканнем і цеканнем, і з цвёрдым беларускім «ч».

Віктар Лукашэнка пакінуў першы аўтограф на гасцявой сцяне.

На пляцоўцы фан-дома на той момант было некалькі дзясяткаў людзей. Многія са сцягам Расіі. Беларускай атрыбутыкі не было зусім, толькі пару хлопцаў хадзілі ў майках з выявай Лесіка, але гэта ж не лічыцца. Усім ахвотным давалі бела-сіне-чырвоныя налепкі, якія можа прымацаваць сабе на шчаку ці плячо, многія ўдзячна гэтым карысталіся.

«Для дарагіх нашых расіян — заўсёды наша гасціннасць», — словы міністра спорту Сяргея Кавальчука.

Міністр спорту Сяргей Кавальчук.

Калі афіцыйныя прамовы скончыліся, то вядучы сказаў: «Раўнуй на сцяг!». Загучаў гімн Расіі. Беларускага не было.

Пасля гэтага Віктар Лукашэнка і Станіслаў Пазднякоў прайшліся па іншых аб’ектах фан-дома. Напрыклад, паглядзелі віртуальныя трэнажоры, накіраваныя на ўмацаванне трываласці, хуткасці і рэакцыі.

Потым сын кіраўніка дзяржавы не абмінуў магчымасці сфоткацца з матрошкай у фотазоне. Не адмаўляў ён і ў сэлфі, праўда, такіх ахвотных было не надта шмат.

У самім «Доме Масквы» ўсіх сустракаў з хлебам-соллю робат у кепцы зборнай Расіі і абаранкамі на шыі. «Што за прыгажуня перад мной», — казаў робат дзяўчатам, якія апыналіся перад ім.

На двубой самбістак ніхто асабліва не звяртаў увагі. Здаецца, упершыню на твары Віктара Лукашэнкі з’явілася зацікаўленасць, калі ён стаў размаўляць з духоўнікам зборнай Расіі протаіерэем Андрэем Аляксеевым. Бацюшка нават прачытаў невялікую малітву, а таксама акрапіў усіх святой вадой.

На фоне ўсяго было шмат рэкламы «Газпрома» і «Нарыльскага нікеля» як спонсараў гульняў і зборнай Расіі.

У выніку яшчэ было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве між беларускім НАК і Расійскім міжнародным алімпійскім універсітэтам. На гэтым афіцыйная частка скончылася, прысутным сталі наліваць шампанскае.

На сцэне фан-дома на 30-градуснай спёцы працягваў выступаць вядучы. Расказваў пра Паназіяцкія гульні. Ніводнага слухача не было, толькі валанцёры гэтага самага фан-дома выдавалі зацікаўленасць і энтузіязм.

Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930