Знайсці
20.06.2019 / 10:5412РусŁacБел

Лукашэнка старэе, а топ-чыноўнікі маладзеюць. Агляд уладных элітаў

Дзесяць гадоў назад «НН» упершыню зрабіла замер чыноўнікаў. Хто яны, колькі ім гадоў, дзе нарадзіліся, дзе вучыліся, дзе працавалі. Гэта ўжо пяты падобны артыкул. Ёсць што параўнаць і над чым падумаць.

Папярэднія агляды лукашэнкаўскіх элітаў былі зробленыя ў 2009, 2011, 2013 і 2016 гадах.

Для разгляду мы ўзялі прэм’ер-міністра, віцэ-прэм’ераў, спікераў абедзвюх палат парламента, старшыняў асноўных судоў, прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, генпракурора, кіраўніка спраў прэзідэнта, міністраў, старшыняў дзяржаўных і нацыянальных камітэтаў, старшыняў аблвыканкамаў, старшыню ЦВК, Нацбанка, дзяржсакратара Рады бяспекі, кіраўніка Парка высокіх тэхналогій. Такім чынам, атрымалася 62 чалавекі. Вакантнай на сёння застаецца пасада старшыні Гомельскага аблвыканкама.

Калі параўноўваць з 2009 годам, то сярод персаналіяў засталіся толькі сем чалавек: старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, суддзі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў Валянцін Сукала і Пятро Міклашэвіч, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, старшыня КДК Леанід Анфімаў, старшынька ЦВК Лідзія Ярмошына і міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Усе астатнія асобы новыя.

Які ж сярэдні ўзрост?

Не цягнем доўга і адказваем: 52,7 года. Гэта найніжэйшы паказчык за 10 гадоў замераў. Яшчэ ніколі сярэдні ўзрост чыноўнікаў не быў такім нізкім. Максімальна ж ён даходзіў амаль да 56 гадоў. Нагадаем, што Аляксандру Лукашэнку сёлета споўніцца 65 гадоў.

Зяленскі маладзейшы за Лукашэнку на 24 гады.

Зрэшты, гэта ўсё адно болей, чым у суседзяў. Ва Украіне гэты паказчык складае 48,8 года. Але прэзідэнту гэтай краіны Уладзіміру Зяленскаму 41 год, столькі ж сама і прэм’еру Уладзіміру Гройсману. У нас усяго пару міністраў такога ўзросту. Зрэшты, Лукашэнка ў 1994 годзе стаў прэзідэнтам яшчэ маладзейшым. Самы малады ва ўкраінскім урадзе — міністр Аляксандр Саенка, яму 35 гадоў.

На прыкладзе Арменіі і Мхітара Айрапецяна можна пераканацца: міністрамі становяцца і раней за 30 гадоў.

А яшчэ ж ёсць малады ўрад армянскага прэм’ер-міністра Ніколы Пашыняна, дзе зусім не баяцца давяраць маладым. Напрыклад, летась міністрам дыяспары стаў 28-гадовы Мхітар Айрапецян, якога лічылі самым маладым міністрам Еўропы. Нават у Германіі, дзе ўзрост міністраў заўсёды не юнацкі, сярэдні ўзрост знізіўся да 49 гадоў. Нават у суседняй Расіі сярэдні ўзрост урадоўца складае 51,1 года. То бок усё адно менш за беларусаў.

Самы малады — міністр эканомікі

Дзмітрыю Крутому, які мінулым летам узначаліў Міністэрства эканомікі, усяго 38 гадоў. Бацька Дзмітрыя ў свой час кіраваў «Беллеспаперпрамам». Круты-малодшы ад сваіх 23 гадоў працаваў у Міністэрстве лясной гаспадаркі. А ў 2006 годзе ён перайшоў у Міністэрства эканомікі, дзе працягнуў адказваць за лес.

Дзмітрый Круты.

Цікава, што наступным па ўзросце ідзе якраз міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа, яму 41 год. Ён запомніўся тым, што выкладаў у сваіх сацсетках жорсткія фотаздымкі з паляванняў, дзе ягонай здабычай станавіліся дзікі, гусі, казулі. Таксама адзначым, што менавіта ведамства Дрожжы зносіла крыжы ў Курапатах.

Віталь Дрожжа — заўзяты паляўнічы.

Столькі сама гадоў мае міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў. У нашым папярэднім спісе ён быў наймалодшым з усіх астатніх.

Каго яшчэ можна адзначыць з маладзейшых? Кіраўніку дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэю Гаеву 42 гады, столькі ж сама міністрам фінансаў Максіму Ермаловічу, транспарту Аляксею Аўраменка, энергетыкі Віктару Каранкевічу. 43 гады ў пашпарце кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Усевалада Янчэўскага. Першаму віцэ-прэм’еру Аляксандру Турчыну — 44. На год болей віцэ-прэм’еру ў пытаннях паставак энерганосьбітаў Ігару Ляшэнку, а таксама міністру сельскай гаспадаркі Анатолю Хацько. Патроху чыноўнікаў новага пакалення более.

Міністр транспарту Аляксей Аўраменка з мангольскімі бабулямі.

Сямёра пенсіянераў

Адносна невялікая колькасць пенсіянераў найперш абумоўлена тым, што быў падняты пенсійны ўзрост з 60 да 63 гадоў у мужчын, а таксама з 55 да 58 — у жанчын. Калісьці сярод найвышэйшых чыноўнікаў ажно траціна была пенсіянерамі.

Цяжкавагавік Валянцін Сукала. Фота ctv.by.

Безумоўным лідарам гэтай намінацыі з’яўляецца старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала, у жніўні яму споўніцца ажно 77 гадоў. Цікава, ці дабудзе ён на гэтай пасадзе да 80-годдзя? Сукала пабыў у свой час нават міністрам юстыцыі БССР. Дзмітрый Круты на той момант толькі пайшоў у школу.

Іншы суддзя Пятро Міклашэвіч мае 65 гадоў. Абодва прадстаўнікі судзейскага корпусу даўно знаходзяцца на сваіх пасадах. Хутка можна чакаць зменаў.

Сярод ветэранаў спікеры абедзвюх палатаў парламента: Уладзімір Андрэйчанка (70 гадоў) і Міхаіл Мясніковіч (69). Сапраўды, мастадонты палітычнай арэны.

Міхаіл Мясніковіч вельмі даўно ў палітыцы.

З тых, хто мае не зусім кабінетную, а ўсё ж «палявую» працу, варта адзначыць старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, якому 65 гадоў. Столькі ж сама мае старшынька ЦВК Лідзія Ярмошына. Нядаўна яна сказала, што гэты выбарчы цыкл (парламенцкія і прэзідэнцкія кампаніі) апошні для яе. На год меней за іх мае старшыня КДК Леанід Анфімаў.

Каму яшчэ болей за 60? Напрыклад, кіраўніку спраў прэзідэнта Віктару Шэйману, міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, міністру МНС Уладзіміру Вашчанку (ён даўжэй за ўсіх міністраў на сваёй пасадзе), старшыням Магілёўскага і Брэсцкага аблвыканкамаў Леаніду Зайцу і Анатолю Лісу адпаведна. Да пенсійнага веку набліжаецца і кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якой 58 гадоў.

Наталля Качанава ўвяла трэнд на выбачэнні.

Народжаныя не ў Беларусі

Такіх на гэты момант 10 чалавек. Лічба заўжды вагаецца ў межах 9—11. Зменаў ні ў бок росту, ні ў бок зніжэння не намячаецца.

Зась чакае прызначэння ў АДКБ. Фота tut.by.

З Украіны паходзяць двое — гэта дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась (мабыць, ужо адной нагой на пасадзе генсака АДКБ) і міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Худык. Абодва выхадцы з паўночнай Украіны, Чарнігаўскай і Хмяльніцкай абласцей адпаведна.

Юрый Караеў. Фота kp.by.

Шмат значных пасадаў працягваюць займаць выхадцы з Расіі. Напрыклад, зусім нядаўна «НН» пісала, што ўжо больш за 20 гадоў міністрамі ўнутраных справаў па нейкай дзікай выпадковасці становяцца выключна не ўраджэнцы Беларусі. Народжаны ў Асеціі Юрый Караеў працягнуў гэтую тэндэнцыю. Зрэшты, у большасці «расіян» сталенне праходзіла ўсё ж у Беларусі.

Напрыклад, той жа ўраджэнец Новакузнецка, міністр адукацыі Ігар Карпенка нават не вучыўся ў Расіі, а скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага (сёння — Максіма Танка).

Ці надоўга Карпенка яшчэ ў крэсле міністра? Фота «Мінск-навіны».

Адразу двое старшынь аблвыканкамаў паходзяць з Расіі — гэта ўжо згаданы спадар Краўцоў, а таксама кіраўнік Мінскай вобласці Анатоль Ісачэнка. Апошні нават нядаўна расказваў Лукашэнку, як жывуць рускія людзі ў Бранскай вобласці. Тым самым, толькі пра Уладзімірскую вобласць, займаецца і кіраўнік КДК Леанід Анфімаў.

З экзатычных раёнаў Расіі паходзяць міністр па надзвычайных сітуацыях Вашчанка (Комі) і міністр прамысловасці Павел Уцюпін (Прыморскі край).

Ляшэнка родам з сонечнай Абхазіі.

Яшчэ мы не згадалі пра віцэ-прэм’ера Ігара Ляшэнку, які нарадзіўся ў прыморскім горадзе з прыгожай назвай Ачамчыра ў Абхазіі. Беларускія ўлады, як вядома, лічаць Абхазію часткай Грузіі.

Найбольш з Гродзеншчыны, найменей з Віцебшчыны

Астатнія 52 чалавекі нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі. Мабыць, упершыню гарадскія перагналі вясковых: 28 на 24. У гарадскія мы запісвалі і ўраджэнцаў такіх райцэнтраў, як Хойнікі ці Лепель, а не толькі Мінска і Гродна.

Сямёра чалавек нарадзіліся ў сталіцы: Валянцін Сукала, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, міністр культуры Юрый Бондар, Аляксей Аўраменка, міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак, міністарка працы Ірына Касцевіч і кіраўніца Белстата Інна Мядзведзева.

Рыжанкоў у Адміністрацыю прэзідэнта прыйшоў са спорту. Фота Сяргея Гудзіліна.

Яшчэ шасцёра прыйшлі на свет у абласных цэнтрах. Найбольшы поспех тут у Гродна. З заходняй мяжы генеральны пракурор Аляксандр Канюк, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, а таксама міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. У Гомелі пачыналі сваё жыццё Аляксандр Церахаў і прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Яшчэ ёсць ураджэнец Магілёва Мікалай Снапкоў. З Віцебска і Брэста чыноўнікаў няма.

Сярод драбнейшых раённых цэнтраў лідзіруюць Карэліцкі і Слуцкі. Адразу па тры чалавекі нарадзіліся ў гэтых цэнтральных раёнах краіны. Асабліва ўражвае феномен невялікага Карэліцкага раёна. Самы вядомы ўраджэнец гэтага раёна ва ўладзе, канечне ж, Уладзімір Макей. Яшчэ адтуль паходзяць Віталь Дрожжа і кіраўнік Мытнага камітэта Юрый Сянько.

Уладзімір Макей вельмі доўга ва ўладных эшалонах. Фота Волі Афіцэравай.

З суседніх вёсак Слуцкага раёна былы і новы міністры сельскай гаспадаркі Леанід Заяц і Анатоль Хацько. У Слуцку нарадзілася і Лідзія Ярмошына.

Вядомыя ўраджэнцы ў Столінскага раёна — старшыня Нацбанка Павел Калаўр і кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч. У Бялыніцкім раёне нарадзіліся Дзмітрый Круты і кіраўнік памежнага камітэта Анатоль Лапо. З Бярозаўскага — міністр сувязі Канстанцін Шульган і старшыня Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

Павел Калаўр родам са Століншчыны.

Яшчэ па адным чалавек ёсць з Навагрудскага, Клімавіцкага, Мастоўскага, Драгічынскага, Барысаўскага, Веткаўскага, Рэчыцкага, Лёзненскага, Нясвіжскага, Вілейскага, Нараўлянскага, Смалявіцкага, Полацкага, Аршанскага, Лельчыцкага, Смаргонскага, Лідскага, Стаўбцоўскага, Хойніцкага, Воранаўскага, Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Бешанковіцкага, Бабруйскага, Іванаўскага, Лепельскага і Кіраўскага раёнаў.

А вось са Шклоўскага няма нікога.

Калі прайсці па абласцях, то атрымліваюцца наступныя вынікі: Гродзенская вобласць — 11 чалавек, Мінская — 10, Мінск і Гомельская — па 7, Брэст і Магілёўская — па 6, Віцебская — 5.

Хто з кім вучыўся?

Сярод навучальных установаў лідзіруе БДУ. Вядучую ВНУ краіны сканчалі адзінаццаць чалавек. Восем чыноўнікаў маюць дыпломы наргаса, шасцёра — БНТУ. Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію сканчвалі пяцёра чалавек, трое — Вайсковую акадэмію, двое — тэхналагічны ўніверсітэт, Магілёўскі машынабудаўнічы, Гродзенскі дзяржаўны імя Купалы.

Адзначым, што Станіслаў Зась і міністр абароны Андрэй Раўкоў у адзін год атрымалі дыпломы Вайсковай акадэміі Генштаба Расіі.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў.

Ажно дваццаць дзевяць чалавек у якасці дадатковай адукацыі маюць за плячыма Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Звяртае ўвагу, што многія чыноўнікі сканчвалі ўстанову ў адзін год. Напрыклад, Снапкоў і міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, ці Максім Рыжанкоў і кіраўнік вайскова-прамысловага камітэта Раман Галоўчанка, ці віцэ-прэм’ер Уладзімір Кухараў і Алег Сліжэўскі.

З’явіліся чыноўнікі, якія сканчвалі не толькі дзяржаўныя ВНУ. Так, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў па спецыяльнасці «эканамічная інфарматыка», а віцэ-прэм’ер Кухараў скончыў Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства.

Віктар Каранкевіч нядаўна стаў міністрам.

Сярод старшыняў аблвыканкамаў папулярным з’яўляецца Віцебскі ветэрынарны інстытут — яго скончылі кіраўнікі Віцебшчыны Мікалай Шарстнёў і былы старшыня Гомельскага аблвыканкама, а цяпер віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік.

Сярэдні чыноўнік — Уладзімір Калтовіч

Такім чынам, сярэдні беларускі чыноўнік — гэта мужчына 52—53 гадоў, які нарадзіўся ў Гродзенскай ці Мінскай абласцях, скончыў БДУ, наргас ці сельскагаспадарчую ВНУ, а пасля замацаваў веды ў Акадэміі кіравання.

Калтовіч часам носіць вышыванку і вядзе фэйсбук.

Такому апісанню дакладна адпавядае міністр Уладзімір Калтовіч. Спачатку ён быў зусім невыразнай фігурай, але з часам пра яго сталі ўсё болей пісаць у СМІ, а сам ён праяўляць адпаведна ініцыятыву.

* * *

Сярэдні ўзрост найвышэйшых чыноўнікаў

2009 — 54,2
2011 — 54,4
2013 — 55,8
2016 — 53,7
2019 — 52,7

Самы малады

2009 — Латушка (36 гадоў)
2011 — Латушка (38)
2013 — Швед і Шорац (40)
2016 — Церахаў (37)
2019 — Круты (38)

Колькасць пенсіянераў

2009 — 15
2011 — 11
2013 — 21
2016 — 15
2019 — 7

Народжаныя не ў Беларусі

2009 — 11
2011 — 11
2013 — 9
2016 — 9
2019 — 10

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930