Знайсці
19.06.2019 / 15:077РусŁacБел

«Казалі, што я звязаны з украінскімі анархістамі»: Францкевіч распавёў пра сваю дэпартацыю

Былы беларускі палівязень Аляксандр Францкевіч расказаў Радыё Свабода, за што яго дэпартавалі з Украіны. 

«Дзейнасць супярэчыць інтарэсам гарантавання нацыянальнай бяспекі Ўкраіны»

Францкевіч паведаміў, што 18 чэрвеня ў 17 гадзін ён прыйшоў у офіс Цэнтральнай міграцыйнай службы па пасьведчаньне аб працягу на год віду на жыхарства:

«Супрацоўніца архіва выдала дакумэнт, я расьпісаўся, а на выхадзе мяне затрымалі. Сказалі, што супрацоўнікі СБУ, але прозьвішчаў не назвалі. Паказалі мне дакумэнт — «Рашэньне на прымусовую дэпартацыю», паводле якога на 3 гады мяне выдвараюць з Украіны за тое, што мая дзейнасьць нібыта «супярэчыць інтарэсам гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны».

Паводле Францкевіча, яго запхнулі ў аўтамабіль і павезьлі да беларускай мяжы.

«Па дарозе мяне сама меней тройчы білі: за тое, што ўпіраўся, не хацеў зь імі ісьці, за тое, што адмовіўся разблякаваць тэлефон. Гэты тэлефон у выніку проста забралі і на мяжы мне не вярнулі. Ужо ноччу прывезьлі да беларускай мяжы, непадалёк ад месца, дзе сыходзяцца тры краіны, зьнялі кайданкі, аддалі пашпарт і сказалі ісьці ў Беларусь», — кажа Францкевіч.

Беларускія памежнікі праверылі ягоны пашпарт і ўпусьцілі ў краіну, а міліцыянты давезьлі да чыгуначнай станцыі.

«Білі адчувальна, рабілі прыёмы ўдушэньня»

​З рэчаў у Аляксандра Францкевіча толькі невялікі гаманец на поясе, у якім пашпарт, рашэньне аб дэпартацыі і 50 даляраў.

«Нібыта прадбачыў нешта, захапіў з сабой. Так бы зусім быў бяз грошай», — разводзіць рукамі Аляксанда.

Ён кажа, што супрацоўінкі СБУ парушылі закон Украіны, калі так прымусова і хутка прывезьлі яго да мяжы.

«Справа ў тым, я ім заявіў, што зьбіраюся падаць заяву на прыстанішча як уцякач. У такім выпадку мяне мусілі прывезьці ў паліцыю, дзе я б напісаў адпаведную заяву, у мяне б забралі пашпарт, выдалі даведку, а там бы далейшы мой лёс вырашаў суд. Але так не зрабілі, а на мае пратэсты адказалі кулакамі. Білі адчувальна, яшчэ рабілі прыёмы ўдушэньня. Карацей, як наш АМАП».

Аляксандр не выключае «наводкі», што яго маглі выслаць на замову беларускіх спецслужбаў.

«Мне праз «Тэлеграм» прыходзілі зь Беларусі пагрозы, што хутка выдвараць на радзіму. Пры гэтым і самі супрацоўнікі СБУ казалі, што я зьвязаны з украінскім анархістамі, што некаму даваў начлег. І што, хіба прытуліць чалавека на ноч — гэта забаронена? Але дакладная прычына мне невядомая, лічу, што гэтае выдварэньне неадэкватнае маім учынкам. Так, я застаўся ў поглядах анархістам, але ні ў якіх незаконных справах ня ўдзельнічаў. Таксама я ня браў удзелу ў баях на Данбасе», — кажа Аляксандар Францкевіч.

«Буду падаваць у Эўрапейскі суд правоў чалавека»

Былы беларускі палітвязень сказаў, што паспрабуе аспрэчыць сваю дэпартацыю ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека.

«Тое, што Беларусь ня сябра Рады Эўропы, у маёй справе ня мае значэньня, бо пазваная — Украіна, а яна падпісла ўсе адпаведныя дакумэнты і мусіць адказваць за такое беззаконьне», — мяркуе Францкевіч.

Пры гэтым Аляксандар Францкевіч ня думае, што падпаў пад дэпартацыю ў сувязі з унутранай палітыкай новага прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага.

Чым будзе займацца ў Беларусі, Аляксандар пакуль ня ведае.

«Я праграміст, мая праца зьвязаная з кампутарамі, але калі бясконца праводзяць ператрусы, як было тут, і арыштоўваюць тэхніку, дык працаваць немагчыма. Таму ня ведаю, дзе апынуся ў выніку. Пакуль еду да мамы ў Наваполацак», — сказаў Аляксандар Францкевіч.

Зь Менску ў Наваполацак былы палітвязень без праблем выехаў на маршрутцы. На менскім вакзале супрацоўнікі міліцыі да яго не падыходзілі.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930