Знайсці
19.06.2019 / 11:0714РусŁacБел

Pussy Riot: Нам патэлефанавала Наталля Качанава і папрасіла прабачэння за забарону на ўезд

У прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта пацвердзілі факт такой размовы, але адмовіліся каментаваць яе змест, піша Радыё Свабода.

Кіраўнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун пацвердзіў Радыё Свабода, што Нікульшына і Курачава не маюць забароны на ўезд у Беларусь і могуць прыехаць на Еўрагульні.

Вольга Курачава і Вераніка Нікульшына маюць запіс размовы з жанчынай, якая назвалася кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталляй Качанавай, выказала шкадаванне аб тым, што адбылося, і запрасіла прыязджаць у Беларусь.

17 чэрвеня ўдзельніцам гурту Pussy Riot, якія ляцелі транзітным рэйсам у Кіеў з перасадкай у Мінску, паставілі штамп аб забароне на ўезд у Беларусь да 2020 года. Забарону пацвердзіў прэс-сакратар Памежнага камітэта Беларусі.

Удзельнік гурту Пётр Вярзілаў расказаў Свабодзе, што спачатку з дзяўчатамі звязаўся нехта, хто назваўся прадстаўніком МУС. Удакладніў іхны тэлефон, а пазней адбыўся такі званок у «Тэлеграм». Вось яго расшыфроўка:

— Вольга Уладзіміраўна, гэта вас турбуе кіраўнік адміністрацыі Беларусі Наталля Іванаўна Качанава.

— Вельмі прыемна… А можна вас папрасіць крыху грамчэй казаць, усё-такі сувязь не вельмі добрая.

— Вольга Уладзіміраўна, ну маніторым мы тут усю сітуацыю. І Аляксандр Рыгоравіч, прэзідэнт наш, даведаўся пра гэтую сітуацыю, што тут нейкія прэтэнзіі да вас. Дык вось, вы ведаеце, у нас да вас няма ніякіх прэтэнзій. Вольга Уладзіміраўна, калі ласка, у беларускага боку няма да вас ніякіх прэтэнзій. Калі хочаце, прыязджайце, будзем радыя.

…Ну ведаеце, як заўсёды, дзесьці перастар… перапрацавалі нашы органы, незразумела па якіх пытаннях, таму тут ужо так атрымалася…

— Мы разумеем, дзякуй вам вялікі.

— Кажу, што было здзіўленне, проста здзіўленне — навошта, чаму, што? Мы ўбачылі са сродкаў масавай інфармацыі, убачыў наш прэзідэнт, кажа: «Божа, што гэта такое? А якія ў нас да іх пытанні? Няма ніякіх пытанняў». Усё, няма пытанняў, значыць, я вам тэлефаную. Так што, Вольга Уладзіміраўна, усяго добрага вам.

«Калі ў нашых базах дадзеных няма звестак пра тое, што ім забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, яны будуць прапушчаныя», — паведаміў Свабодзе прадстаўнік прэс-службы Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі. Паведамляць, ці адмененая ў дачыненні дзяўчат забарона на ўезд, ён адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што гэта асабістыя звесткі.

«Мы, вядома, вельмі моцна былі зьдзіўленыя, — кажа Пётар Вярзілаў. — Здзіўленыя, па-першае, раптоўнай забароне, бо дзяўчаты не ляцелі ў Мінск і не мелі планаў выходзіць у Мінску. Усім кампетэнтным органам было відавочна, што яны ляцяць транзітам з Масквы ў Кіеў, не маюць ніякіх планаў знаходзіцца ў Беларусі.

І ўдвая больш дзіўным быў факт такога тэлефанавання, бо Беларусь вядомая сваім даволі строгім стаўленнем да дысідэнтаў. Але радасна, што прынамсі так хутка кіроўныя асобы краіны адрэагавалі на такую дзіўную забарону і знялі яе асабістым тэлефанаваннем кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. І я, і дзяўчаты моцна здзівіліся гэтаму факту».

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930