Што хавае ў сабе найстарэйшы гадзіннік Нясвіжа
Пра 300-гадовы гадзіннік з калекцыі музея-запаведніка «Нясвіж» піша супрацоўніца музея Людміла Жук.
Гэты гадзіннік экспануецца ў Зорнай зале Нясвіжскага палаца. Выраблены ён быў у першай палове ХVІІІ стагоддзя англійскімі майстрамі, якія ўпрыгожылі корпус гадзінніка традыцыйнымі кітайскімі сюжэтамі ў стылі шынуазры.
Корпус нясвіжскага гадзінніка выкананы ў складанай шматслаёвай кітайскай тэхніцы лакавання і разьбы. Элементы дэкору паўтараюць класічныя кітайскія знакі. Пейзажы гор і вады — «шань-шуй» — перадаюць адчуванне велічы і гармоніі свету.
На дзверцах гадзінніка мы бачым водную роўнядзь, над якой узвышаецца гара з квітнеючымі магноліямі — сімвалам жаночай прыгажосці. У цэнтральнай частцы панэлі паказаны невялікі човен, на беразе — фігура рыбака. Тэма рыбнай лоўлі ў Кітаі сімвалізуе працавітасць, урадлівасць і працяг роду. А каля гары выяўленыя дзве качкі — прадвеснікі шчаслівага шлюбу. Іх часта малявалі з лотасамі — сімвалам спакойнага шчасця.
Раслінныя арнаменты і пышныя кветкі ўпрыгожваюць амаль увесь корпус гадзінніка. Архідэя — гэта пабожнасць або дасканаласць, хрызантэма — адпачынак, сліва — жыццёвая сіла і надзейнасць. На бакавой панэлі ўнізе — вялікая фігура жураўля, знак шчасця і ўдачы.
Ёсць сярод сімвалаў і выявы людзей, але выглядаюць яны на фоне прыродных элементаў другасна. У кутах над аркай цыферблата знаходзяцца фігуры мужчын. Адзін з іх мае шаблю, што можна вытлумачыць як ахову, абарону. Другі трымае ў руках кітайскую вынаходку — парасон: сімвал сілы і шляхетнасці.
Цэнтральная частка цыферблата гравіраваная фігурамі птушак і парасткамі. Рымскія лічбы паказваюць гадзіны, арабскія — хвіліны. Над стрэлкамі невялікі секундамер з арабскімі лічбамі, а пад стрэлкамі — каляндар, які паказвае дзень тыдня. У цэнтры аркі — медальён, апраўлены лаўровым вянком з гравіроўкай: William / Bawou / London. Ахоўваюць медальён амфіптэры — паводле сярэднявечнай міфалогіі, крылатыя змеі, якія валодалі мудрасцю, звышнатуральнай сілай і ахоўвалі скарбніцы. Тут змеі ўвасабляюць каштоўнасць і незваротнасць часу, пра якую варта памятаць кожнаму.
***
Шынуазры
(ад французскага chinoiserie — «кітайшчына») — стыль у еўрапейскім мастацтве і інтэр’ерах, стылізаваны пад сярэднявечнае кітайскае мастацтва. У ХVІІІ ст. было модна абстаўляць пакоі як сапраўднымі кітайскімі рэчамі, так і еўрапейскімі карцінамі, шпалерамі, каміннымі экранамі, мэбляй і гадзіннікамі з кітайскімі матывамі.