Знайсці
17.06.2019 / 09:514РусŁacБел

Гары Потэр не будзе есці дранікі і бабку — перакладчыца пра беларускае выданне знакамітай кнігі

Радыё Свабода сустрэлася з Аленай Пятровіч, перакладчыцай першага рамана Джоан Роўлінг, і пагаварылі, чаму яна вырашыла перакласьці «Гары Потэра», як перапісвалася з праваўладальнікамі і ці будзе абеларушваць тэкст.

Алена Пятровіч перакладае з ангельскай, польскай, украінскай моваў, выкладае на філфаку БДУ. У яе перакладзе выйшаў раман Рышарда Капусьціньскага «Падарожжы з Герадотам». Дзесяць гадоў Алена ўваходзіць у рэдкалегію часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісьвет».

«Кнігі пра Гары Потэра захапляюць мяне як пазл»

— Чаму вы ўзяліся за пераклад «Гары Потэра»? Гэта ж цяжка, доўга і вельмі адказна.

— Гэта доўгая гісторыя (сьмяецца). Калі я вучылася ў школе і пачаў выходзіць «Гары Потэр» у расейскіх перакладах, я думала, што я занадта дарослая, каб чытаць такую літаратуру. Але ў 26—27 год гэтыя кнігі трапілі да мяне зноў, і ўжо ў такім больш-менш дарослым узросьце я імі праніклася.

Зацікавілі кручкі, якія пакідала Роўлінг у першых кнігах, каб вярнуцца да іх потым, тое, наколькі добра прадуманы сюжэт і як тлумачацца многія рэчы. Хоць фанаты знайшлі некалькі нестыковак, мяне гэтыя кнігі захапляюць, як пазл.

Вырашыла перакладаць, бо я добра арыентуюся ў гэтым сусьвеце. Я разумела, што гэты праект практычна не ажыцьцяўляльны праз правы, праз тое, што гэта сур’ёзнае выдавецтва. Таму я да гэтага сур’ёзна ня ставілася.

Але год таму я даведалася, што ў паветры лунае ідэя выданьня беларускага перакладу «Гары Потэра». Тады я сама зьвярнулася да выдаўца, пра якога хадзілі такія чуткі, і сказала, што вось я, ваша перакладчыца.

Празь нейкі час прадстаўнікі выдавецтва паведамілі, што яны зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, але кандыдатуру перакладчыка зацьвярджае Bloomsbury [брытанскае кніжнае выдавецтва. — РС.]. Я, ні на што не спадзеючыся, пачала перакладаць першую частку «Гары Потэра» яшчэ амаль год таму і чакала адказу выдавецтва. А потым мяне зацьвердзілі ў якасьці перакладчыцы.

— Выхад кнігі ў беларускім перакладзе плянуецца на сьнежань. А пра тое, што яна выйдзе, стала вядома ў траўні. То бок у вас ужо была частка перакладзеная?

— Так, калі мяне зацьвердзілі, паўкнігі ўжо было перакладзена. Я цяпер працую сур’ёзна над тэкстам, каб да мяне было мінімальна прэтэнзій. Яны ўсё роўна будуць, і я гэта разумею. Мне засталося вырашыць самыя складаныя пытаньні, тыпу — перакладаць ці не перакладаць імя, што рабіць з алюзіяй на твор. Гэта складана, калі твор, да якога ёсьць адсылка, не перакладзены на беларускую. Альбо калі пераклад ёсьць, але не захаваная структура назвы тэксту, а спасылка ідзе менавіта на назву, то бок на беларускай гучыць па-іншаму.

Нэвіл — не Даўгапупс, у яго іншае прозьвішча

— Ёсьць два афіцыйныя пераклады сэрыі кніг «Гары Потэра» на расейскую мову: пераклады выдавецтваў «РОСМЭН» і «Махаон». Дагэтуль вядуцца дыскусіі пра тое, які пераклад больш удалы, хоць, безумоўна, у абодвух ёсьць свае недасканаласьці.

— Цяжка сказаць, бо я разумею, у якіх умовах працавалі перакладчыкі РОСМЭН. Яны рабілі гэта вельмі хутка, таму якасьць тэксту пацярпела. Сьпівак [перакладчыца «Махаона». — РС.], я думаю, перакладала ў больш камфортных умовах. Да таго ж былі вядомыя хібы першага перакладу, якія маглі быць улічаныя ў іншых працах. Павінна сказаць, што Зладзеюса Зьлея ў маім перакладзе ня будзе [сьмяецца. — РС.]. Ёсьць таксама і народны пераклад, ня самы благі. У ім улічылі хібы Сьпівак і РОСМЭН. Але мне цяжка выставіць камусьці балы.

Цяпер я даволі шмат чытаю пра асобныя рашэньні ў францускіх, нямецкіх перакладах. Як адно і тое ж імя, напрыклад, перадаюць на той ці іншай мове. Я б сказала, што многія рэчы не ідэальныя.

Увогуле мастацкі пераклад немагчыма зрабіць так, каб ён падабаўся ўсім. Усё адно штосьці кагосьці не задаволіць, асабліва калі гэта нейкі вядомы твор. У кожнага будзе свая думка. У сеціве зараз можна знайсьці шмат інфармацыі навуковага пляну, якая тычыцца калямоўных, калялітаратурных рэчаў, напрыклад, этымалёгіі імёнаў у «Гары Потэры».

— Сьпівак крытыкуюць за «абрусеньне» кнігі, таго ж Зладзеюса Зьлея, які, дзякуй богу, так і ня трапіў у канчатковы варыянт. Алена, вы будзеце абеларушваць «Гары Потэра», і калі так, то ў якой ступені?

— Мінімальна буду абеларушваць, калі і буду. На гэтае пытаньне я ўжо адказвала самім праваўладальнікам. У нас была перапіска, і яны хацелі ўпэўніцца, што я не сапсую тэкст [сьмяецца. — РС.]. Я крыху тлумачыла сваю пазыцыю, якую, як я зразумела, яны ўхвалілі.

У прынцыпе, «Гары Потэр» — гэта вельмі брытанскі твор. Нягледзячы на тое, што дзеяньне адбываецца ў школе чарадзейства, мы ведаем, што яна знаходзіцца ў Брытаніі. Да прыкладу, усе стравы, што апісваюцца ў кнізе, збольшага брытанскія. Я не зьбіраюся зь іх рабіць дранікі і бабку, умоўна кажучы.

Справа ў тым, што мы ўжо існуем у кантэксьце гэтага твору. Ясна, што будуць людзі, якія прачытаюць гэты твор упершыню, і, можа, нават па-беларуску. І я на гэта спадзяюся. Але ёсьць людзі, якія ўжо чыталі гэты тэкст, якія ўжо ўяўляюць яго больш-менш, і рабіць яго беларускім для іх непатрэбна. Больш за тое, для будучых маладых людзей гэта, магчыма, таксама няважна.

Мы больш не жывём у закрытым сьвеце, дзе мы можам пазнаваць штосьці выключна празь сябе і сваю культуру. Мы ад нараджэньня ведаем, што ёсьць шмат культур, і пагрузіцца ў новую, здаецца, больш не праблема.

У кнізе ёсьць пара момантаў, дзе сытуацыя вымушае нейкую слоўную гульню з прозьвішчам, празь якую давядзецца абеларушваць тэкст. Але я хачу, каб твор застаўся брытанскім. Я разумею, што мяне будуць крытыкаваць. Хтосьці прызвычаіўся да Даўгапупса, але Даўгапупса там ня будзе. Я ўвогуле не разумею, як гэтае слова магло ўтварыцца [сьмяецца. — РС.]. Ясна, што хтосьці гэтага не ацэніць. Можа, у кагосьці Нэвіл — любімы герой, і ён нават ня ведае, як яго прозьвішча гучыць па-ангельску. Гэтага не пазьбегчы, я гатовая да таго, што будзе пасьля.

«Браты Ўізьлі няпатасныя, а Герміёна крыху нудная»

— Выдаўцы выказвалі якія-небудзь пажаданьні да перакладу?

— Я нават ня ведаю, ці былі ў іх пажаданьні. Мне былі пастаўленыя пытаньні, як я буду спраўляцца з той ці іншай сытуацыяй. Я ня ведала «правільнага» адказу, але неяк пастаралася адказаць. І ў выніку пажаданьняў ніякіх мне выказана не было.

Перапіску вёў беларускі выдавец. У мяне ніякіх непасрэдных кантактаў не было. Калі праваўладальнікі задавалі пытаньні наконт перакладу, выдавец пераадрасоўваў іх мне, і я на іх, уласна, адказвала. Затым выдавец ім гэта дасылаў.

Я вельмі задаволеная тым, што яны дазволілі мне зьвяртацца да іх праз выдаўца, калі ў мяне будуць узьнікаць пытаньні ў працэсе перакладу. Пакуль я спраўляюся сама, але гэта мой першы досьвед такой сур’ёзнай камунікацыі з праваўладальнікамі.

— Вы хацелі б перакласьці і іншыя часткі раману?

— Наколькі я разумею, гэта залежыць ад таго, як будзе прадавацца першая кніга. Я ў фінансавыя пытаньні не заглыбляюся, гэта збольшага справа выдаўца. Мы спадзяёмся, што ўсё будзе добра.

Напэўна, гэта будзе адсочвацца брытанскім бокам, наколькі кніга тут запатрабаваная і ці ёсьць сэнс перакладаць далей. У мяне ёсьць любімыя кнігі, і гэта ня першая і не другая, і я хачу іх хутчэй перакладаць. І, вядома, я мару, што я перакладу іх усе.

— Якая частка «Гары Потэра» вам падабаецца больш за ўсё?

— Я страшна люблю чацьвёртую частку, дзе Герміёна засноўвае асацыяцыю па абароне правоў эльфаў. Уся дзейнасьць асацыяцыі накіраваная на вызваленьне прыгнечаных народаў, якія самі не ўсьведамляюць сваёй прыгнечанасьці. І вось Герміёна спрабуе са сваёй дэмакратычнай пазыцыі давесьці гэтым народам, эльфам, што яны не павінны цярпець. Уся псыхалёгія эльфаў, якая раскрываецца ў гэтым, вельмі актуальная сёньня.

Так шкада, што яе няма ў кіно, бо многія глядзелі кіно і не чыталі кніг, а гэтая рэч шмат што тлумачыць у сёньняшнім сьвеце.

«Гары Потэр і вязень Азкабана» — напэўна, мая любімая частка. Але калі б я вучылася ў школе і мне трапіліся гэтыя кнігі тады, маёй улюбёнай часткай быў бы «Ордэн Фэнікса», дзе вучні аказваюць супраціў міністэрству.

— У вас, напэўна, ёсьць і любімыя героі?

— Вядома. Гэта браты Ўізьлі, блізьняты. Яны забаўныя, вясёлыя. У братах Уізьлі мяне вельмі прываблівае пачуцьцё гумару, уменьне радавацца простым рэчам і тое, што яны максымальна няпатасныя. Відаць, я павінна была сказаць, што мне падабаецца Герміёна, калі гаварыць пра трох галоўных герояў. Сапраўды, яна мне падабаецца, але месцамі яна крыху нудная. Але цікава чытаць, як мяняецца яе вобраз, як яна пераступае празь нешта дзеля больш важных рэчаў.

— Як вы думаеце, у беларускай літаратуры ёсьць нешта падобнае да «Гары Потэра» ці гэта новы для нас сьвет?

— У беларускай літаратуры я такога не сустракала, хоць я тут не вялікая спэцыялістка. Роўлінг добра трапіла ў час, калі ў дзіцячай літаратуры пачалі ўздымацца сур’ёзныя дарослыя праблемы.

Мне падабаецца, што «Гары Потэр» — гэта глябальны твор, які цікавы ў кожнай краіне. Аднак у той жа момант Роўлінг зрабіла яго брытанскім і эўрапейскім у тым сэнсе, што выкарыстала там старажытнагрэцкую, скандынаўскую і іншыя эўрапейскія міталёгіі.

Любы тэкст, які быў бы зроблены ў такім ключы, мне здаецца, стаў бы спробай напісаць «Гары Потэра». Я ня ведаю, ці гэта магчыма і ці гэта ўвогуле патрэбна.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930