Знайсці
31.01.2020 / 20:179РусŁacБел

«Яўрэяў падчас Халакосту ратавалі пашпарты, а не адсутнасць антысемітызму»

Перакласці адказнасць за Халакост з нацыстаў на жыхароў Усходняй Еўропы — маніпуляцыя і падмена паняццяў, піша амерыканскі гісторык, спецыяліст па гісторыі Усходняй Еўропы Цімаці Снайдэр у адной са сваіх апошніх прац «Чорная зямля. Халакост як гісторыя і перасцярога». 

Светапогляд Гітлера і Lebensraum

Чаму Гітлер ненавідзеў яўрэяў? Са спробы зразумець гэта Снайдэр пачынае сваю кнігу.

Гітлер па-цемрашальску атаясамліваў паводзіны відаў жывёл і чалавечых рас. Ён лічыў, што прыродзе ўласцівая вечная барацьба паміж рознымі відамі жывёл. І расавыя войны, адпаведна, лічыў неабходнымі для выжывання чалавецтва. Вучэнні ж, якія супярэчылі гэтаму, казаў Гітлер, прыдумалі яўрэі. І толькі ізаляцыя альбо ліквідацыя яўрэяў, якія кідалі выклік прыродзе, магла, на думку Гітлера, уратаваць чалавецтва і адрадзіць планету.

Адно з галоўных азначэнняў у гітлераўскай ідэалогіі — Lebensraum (жыццёвая прастора). Гэты тэрмін нацысты выкарыстоўвалі, каб апраўдаць каланіяльную вайну ва Усходняй Еўропе. Маўляў, Германія перанаселеная, ёй не хапае сельскагаспадарчых зямель. Тэарэтычна яна магла сябе пракарміць, але мусіла б пры гэтым ахвяраваць некаторымі галінамі прамысловасці, экспартам і валютай. Выправіць сітуацыю, на думку Гітлера, маглі толькі новыя вялізныя тэрыторыі — еўразійскія прасторы, заселеныя славянскімі народамі.

Гітлер успрымаў Савецкі Саюз як дзяржаву, якой кіруюць яўрэі, бо верыў у міф пра «жыдабальшавізм». Тады ў Еўропе была папулярная ідэя, што бальшавіцкая рэвалюцыя — выключна яўрэйскі праект. Крыніцы гэтага міфу Снайдэр бачыць у тым, што падчас грамадзянскай вайны ў Расіі ў шэрагах Белага руху было шмат чарнасоценцаў і антысемітаў. Яны даводзілі, што камуністычная рэвалюцыя — яўрэйскі праект, спрабуючы дыскрэдытаваць бальшавікоў у вачах насельніцтва былой Расійскай імперыі. Эміграваўшы на Захад пасля паразы, яны пашыралі міф пра «жыдабальшавізм» і там. А разам з расійскімі белымі ў Еўропу масава імігравалі і балтыйскія немцы, якія прывезлі гэтыя ўяўленні ў Германію.

Снайдэр падкрэслівае, што Гітлер не быў нямецкім нацыяналістам. Ён толькі карыстаўся гэтай ідэалогіяй, каб падняць немцаў на вайну — зверскую вайну супраць іншых «рас». У выніку яе павінны былі знікнуць усе дзяржавы, а Германія была толькі інструментам для гэтага. Снайдэр называе такую ідэалогію «заалагічным анархізмам».

Антысемітызм і Халакост

У міжваеннай Еўропе антысемітызм быў пашыранай з’явай. Можа гучаць парадаксальна, але, на думку Снайдэра, у Польшчы, напрыклад, ён быў нават мацнейшы, чым у Германіі. І Берлін, і Варшава хацелі, каб яўрэяў у Еўропе не засталося. Але Польшча, у адрозненне ад Германіі, ніколі не лічыла яўрэяў бядой для ўсяго чалавецтва.

Палякі меркавалі, што прысутнасць яўрэяў у іх краіне была непажаданай з эканамічнага і палітычнага пункту гледжання. Таму Польшча падтрымлівала сіянісцкі рух і дабівалася ад Брытаніі стварэння ў Палесціне яўрэйскай дзяржавы, каб туды маглі пераязджаць яе грамадзяне-яўрэі. Але Брытанія не хацела псаваць адносіны з арабскім насельніцтвам сваіх калоній. У якасці альтэрнатывы разглядаўся… Мадагаскар: існавалі планы стварэння яўрэйскай дзяржавы на гэтым афрыканскім востраве, але і такі праект без дапамогі вялікіх каланіяльных дзяржаў рэалізаваць было немагчыма.

Немцы ж спачатку планавалі проста выселіць яўрэяў сілай, а потым — увогуле знішчыць. У самых зацятых польскіх антысемітаў такога не было і ў думках. У акупаванай немцамі Польшчы было шмат выпадкаў, калі грамадскія дзеячы, вядомыя перад вайной антысеміцкімі выказваннямі, ратавалі яўрэяў ад смерці, бо лічылі Халакост дзікунствам. У тыя складаныя часы можна было быць антысемітам і сіяністам адначасова — і ў гэтым не было супярэчнасці.

Важная думка, якую хоча давесці Снайдэр у сваёй кнізе, — узровень антысемітызму ў той ці іншай краіне амаль не карэляваўся з працэнтам забітых/ацалелых яўрэяў падчас Халакосту.

Ёсць вялікая спакуса тлумачыць татальнае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва ва Усходняй Еўропе антысемітызмам мясцовых жыхароў. Снайдэр бязлітасна крытыкуе такі падыход і лічыць яго несправядлівым і нават расісцкім у дачыненні да ўсходнееўрапейцаў.

У краінах Балтыі Халакост быў найбольш масавым і татальным — там пагінулі амаль усе яўрэі. Але Снайдэр адзначае, што ўзровень антысемітызму там быў нават меншы, чым у Заходняй Еўропе. У 1939—1940-м, калі Германія і СССР знішчылі польскую дзяржаву, балтыйскія дзяржавы прынялі вялікую колькасць яўрэйскіх бежанцаў, якія ўцякалі ад нямецкага і савецкага рэжымаў. Яўрэі ўспрымалі гэтыя дзяржавы як бяспечнае для сябе месца. У той час як заходнееўрапейскія дзяржавы і ЗША нават забаранялі і істотна абмяжоўвалі яўрэйскую міграцыю для бежанцаў з тэрыторыі акупаваных Польшчы, Чэхіі і Аўстрыі.

Снайдэр мяркуе, што спробы пералажыць адказнасць за Халакост з нацыстаў на жыхароў Усходняй Еўропы (для якіх быў нібыта характэрны прыродны антысемітызм) — звычайная маніпуляцыя і падмена паняццяў, якую прыдумалі нямецкія нацысты для свайго апраўдання пасля вайны. Падтрымлівалі гэты міф і савецкія ўлады.

Ён быў выгадны камуністам, каб дыскрэдытаваць нацыянальна-вызваленчыя рухі краін Балтыі, Заходняй Украіны і Польшчы.

Але факт застаецца фактам: у Эстоніі 99% яўрэяў знішчылі, а вось у Даніі, якая не прымала яўрэйскіх бежанцаў з 1935 года і дзе антысемітызм быў больш распаўсюджаны, 99% яўрэяў выжылі. У чым была прычына?

Ізраіль Басаў. Успаміны. 1968 год. Са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Халакост і дзяржаўнасць

Снайдэр мяркуе, што самыя страшныя і катастрафічныя наступствы Халакосту былі там, дзе былі знішчаныя нацыянальныя дзяржавы са сваімі інстытутамі і бюракратыяй. Першыя масавыя забойствы яўрэяў пачаліся ў Чэхаславакіі і Аўстрыі — дзяржавах, ліквідаваных Германіяй. І гэта пры тым, што антысемітызм у гэтых краінах не быў асабліва моцным.

Ва Усходняй Еўропе шанцы яўрэя выжыць падчас Халакосту былі найменшыя, бо на рэгіён лёг падвойны цень акупацыі: спачатку савецкай, а потым нямецкай.

У катастрафічных наступствах Халакосту ва Усходняй Еўропе ёсць віна і Савецкага Саюза, лічыць Снайдэр. Спачатку Саветы разам з Германіяй падзялілі Польшчу, а потым аднаасобна ліквідавалі балтыйскія дзяржавы, іх палітычную эліту і бюракратычны клас. Калі ў 1941 годзе на гэтыя землі напалі нацысты, ім заставалася знішчыць не да канца сфарміраваныя на гэтых землях савецкія дзяржаўныя інстытуты. Гэта стварыла ва Усходняй Еўропе ўнікальную сітуацыю, якой больш нідзе на кантыненце не было.

У Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, у дзяржавах-сатэлітах Германіі і акупаваных дзяржавах, нягледзячы на шэраг дыскрымінацыйных законаў, яўрэі з пашпартам маглі атрымліваць візы, захоўваць маёмасць і прадаваць яе. Дзяржаўная бюракратыя ставілася да іх як да грамадзян і ў многіх выпадках магла тым ці іншым спосабам абараніць ад высылкі ў канцлагеры. Падробка дакументаў была ў той час папулярным бізнэсам, які ратаваў жыцці людзей. У Львове ў ваенныя часы нават хадзіў жарт: «Што трымае цела і душу разам? Пашпарт».

Пашпарты розных дзяржаў ратавалі яўрэяў (акрамя польскага і савецкага, бо немцы іх не прызнавалі). Калі немцы лавілі яўрэя з брытанскім ці амерыканскім пашпартам, яны не маглі з ім нічога зрабіць. 2/3 яўрэяў Румыніі, палова яўрэяў Венгрыі, 3/4 яўрэяў Балгарыі і Францыі, 4/5 яўрэяў Італіі выжылі. А большасць яўрэяў, якія загінулі ў гэтых краінах, жылі ў «зонах бездзяржаўнасці» — на тэрыторыях, якія пераходзілі ад адной дзяржавы да другой (напрыклад, у Трансільваніі, якая перайшла ад Румыніі да Венгрыі, ці ў Бесарабіі, якую спачатку заняў СССР, а пасля акупавала Румынія). Там яўрэі мелі праблемы з пашпартамі і былі больш безабароннымі.

У марыянеткавых дзяржавах, створаных Германіяй (Славакіі і Харватыі), а таксама дзяржавах з ліквідаванымі дзяржаўнымі інстытутамі (як Грэцыя ці Нідэрланды), шанцы яўрэя выжыць падчас Халакосту былі меншыя, чым у пералічаных вышэй краінах, але ўсё адно большыя, чым на тэрыторыях двойчы акупаваных краін Балтыі, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Віна СССР не толькі ў знішчэнні дзяржаўнасці ўсходнееўрапейскіх краін, але і ў тым, што сваімі дэпартацыямі мясцовых эліт у ГУЛАГ ён стварыў палітычныя і матэрыяльныя матывы для Халакосту. Былыя чыноўнікі і сілавікі знішчаных СССР балтыйскіх краін хацелі аднаўлення дзяржаўнасці, і значная частка з іх успрымала Германію як натуральнага хаўрусніка, які дапамог бы аднавіць Літву, Латвію і Эстонію. Немцы абяцалі падтрымку, але патрабавалі ад сваіх хаўруснікаў знішчэння камуністаў і яўрэяў. Нагадаем, нямецкая прапаганда атаясамлівала адных і другіх. Падобная сітуацыя была і ў Заходняй Украіне, дзе мясцовыя нацыяналісты чакалі, што Германія дапаможа ім са стварэннем незалежнай Украіны. Але нацысты проста выкарысталі эстонцаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў — ніхто і не думаў аднаўляць іх дзяржаўнасць.

Не варта забываць і пра тое, што шмат сілавікоў і чыноўнікаў у краінах Балтыі і ў Заходняй Украіне перайшло спачатку на бок СССР (пасля савецкай акупацыі), а потым на бок Германіі (пасля 1941 года). Падвойны калабарацыянізм быў у тыя часы пашыраны. І для такіх людзей забойства яўрэяў было простым спосабам паказаць лаяльнасць новай уладзе і замесці сляды ўласнага супрацоўніцтва з СССР. Яны забівалі яўрэяў як «камуністаў» (што ў большасці выпадкаў не было праўдай), каб нацысты не здагадаліся, што яны самі былі ў мінулым камуністамі. У Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, дзе не было падвойнай акупацыі, такіх палітычных матываў для масавага вынішчэння яўрэяў проста не было.

А што далей?

Снайдэр мяркуе, што ў будучыні гісторыі, падобныя да Халакосту, могуць паўтарыцца. Хоць «зялёная рэвалюцыя» істотна павялічыла ўраджайнасць сельгаскультур, што дазваляе пракарміць на планеце большую колькасць людзей, глабальны экалагічны крызіс зможа выклікаць новую катастрофу, падобную да Халакосту. Прычым у розных формах. Частыя засухі могуць выклікаць дэфіцыт ежы ў краінах Афрыкі і Азіі, глабальнае пацяпленне — затапіць мегаполісы і г. д.

Бачыць Снайдэр небяспеку і ў Кітаі. Хоць гэтая дзяржава і здольная пракарміць сябе, аўтар баіцца, што, разбагацеўшы, жыхары Кітая могуць захацець лепшага рацыёну, і тут можа ўзнікнуць спакуса каланізаваць бедныя афрыканскія краіны. Падобныя планы ў той ці іншай форме існуюць і ў Паўднёвай Карэі. Альбо Кітай зможа захацець каланізаваць расійскі Далёкі Усход з яго прыроднымі багаццямі… Ад глабальнай змены клімату больш за ўсё пацерпяць Паўднёвая Азія і Паўночная Афрыка, то бок арабскія краіны. І тут зноў можа ўзнікнуць спакуса абвінаваціць каго-небудзь ва ўсіх экалагічных праблемах…

Але адной каланіяльнай вайны за сельскагаспадарчыя землі мала для генацыду. Трэба, каб існавала ідэалогія, якая магла б абвінаваціць цэлыя этнічныя, нацыянальныя, рэлігійныя і сацыяльныя групы. І Снайдэр паказвае, што стварыць такую ідэалогію таксама не праблема — на прыкладзе сучаснай Расіі. Яе дзяржаўная прапаганда стварыла міф пра сусветнае гей-лобі, якое нібыта правакуе дэмаграфічныя і экалагічныя праблемы ва ўсім свеце і вядзе да выраджэння чалавецтва — гэта вельмі нагадвае антыяўрэйскую рыторыку Трэцяга рэйха.

Але галоўны чыннік для любога генацыду — руйнаванне ці аслабленне дзяржавы, перасцерагае Снайдэр. Ён у сваёй кнізе кпіць і з левых, і з правых, якія выступаюць за аслабленне ролі дзяржаўных інстытутаў. Адныя гэта робяць з надзеяй, што слабая дзяржава дасць больш свабодаў чалавеку, а другія мяркуюць, што транснацыянальныя карпарацыі зробяць свет глабальным, а дзяржавы — непатрэбнымі. На думку Снайдэра, гэта небяспечная ілюзія, якая можа выклікаць трагедыю ў будучыні. Бо Халакост (як і любы іншы генацыд) быў магчымы там, дзе дзяржава была слабой або яе зусім не існавала.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930