Знайсці
28.08.2019 / 14:131РусŁacБел

«Ты там як абязьяна: увесь твар ссох, толькі нос тырчыць». Стаханаў і стаханаўцы

Як людзі рабіліся героямі працы, піша Святлана Курс.

Аляксей Стаханаў — дужы і просты — твар руху перадавікоў у СССР. Фото: Wikimedia Commons.

У 1936 годзе дзядзька маёй бабкі, 19-гадовай Настулі, увайшоў у яе сенцы, папіў конаўкаю з ацынкаванага вядра і прамовіў:

— Настуля! Колькі ты будзеш ганьбіць нашу сям’ю? Бачыў цябе на дошцы пашаны. Ты там як абязьяна: увесь твар ссох, толькі нос тырчыць. Стаханаўка! Кідай ты жопу рваць, ніхто табе дзякуй не скажа.

— Я не паслухала яго, — сказала мне Настуля праз 70 год пасля тае размовы, — а ён жа, родненькі, праў быў.

Перада мной сядзела старая, якую ад цяжкой «стаханаўскай» працы скруціла і сагнула так, што яна магла глядзець толькі ў зямлю, амаль аслепла, а ногі яе балелі дзесяцігоддзямі. Бабка працавала на кароўніку і цялятніку, зімой і летам у гумовых ботах, цягала на сабе мяхі-«кітайцы», падкрадала дзецям бульбу і адгон і нават парасячую муку насіла ў станіку. Выгадавала дзяцей, рызыкуючы трапіць пад «закон аб каласках». Стаханаўства ў спалучэнні з нястачай выцягнула з яе сокі і пакінула хворую абалонку, аддзячыўшы медалём «Ветеран труда» і маленькай пенсіяй (дый тую далі не адразу).

Жанчына ў Давыд-Гарадку. Спрацаваныя рукі для людзей гэтага пакалення — не выключэнне, а норма. Фота Сяргея Гудзіліна.

Ад Стаханава да Стаканава

4 лютага 1931 года на Першай усесаюзнай канферэнцыі працаўнікоў сацыялістычнай прамысловасці Іосіф Сталін заявіў: «Мы адсталі ад развітых краін на 50—100 год. Нам трэба прабегчы гэту адлегласць за 10 год. Або мы зробім гэта, або нас самнуць». Савецкая краіна паслухмяна рванулася наганяць. А ў якасці прыкладу ёй патрабаваліся героі.

Дробныя начальнікі намагаліся дагадзіць вялікім любой цаной. І злавіць птушку шчасця ўдалося партаргу самай звычайнай вугальнай шахты ў Луганскай вобласці «Цэнтральная-Ірміна» Канстанціну Пятрову. Ён доўгі час спрабаваў змусіць шахцёраў да рэкорднай здабычы вугалю адбойным малатком. Тыя, аднак, у перадавікі не рваліся і выскачак не любілі. «Калі адзін перавыканае норму, яе падымуць усім», — ведалі яны. Але ўрэшце на ўгаворы Пятрова паддаўся 29-гадовы шахцёр родам з Арлоўшчыны Аляксей Стаханаў. «У яго быў кулак з галаву дзіцяці», — згадвалі яго ўласныя дзеці. Таксама расказвалі, што Стаханаў мог у заклад падняць каня.

Другім фактарам, апроч сілы Стаханава, была новая арганізацыя працы: забойшчык не спыняўся, каб мацаваць скляпенне шахты і адкідаць здабыты вугаль — гэта рабілі памочнікі.

Уначы з 30 на 31 жніўня 1935 года Стаханаў спусціўся ў шахту. Не адзін, а з чатырма памочнікамі, а таксама з Канстанцінам Пятровым ды карэспандэнтам мясцовай газеты. Стаханаў сек вугаль, памочнікі мацавалі скляпенне шахты і адкатвалі насечанае. За ноч такім чынам насеклі 102 тоны, у 14 разоў перавыканаўшы норму на аднаго шахцёра. Ужо а шостай раніцы Пятроў сабраў парткам, каб рапартаваць пра рэкорд Стаханава. Чацвёрка, якая дапамагала рэкардсмену, засталася ў цяні.

Праз два дні пра подзвіг на шахце «Ірміна-Цэнтральная» даведаўся наркам цяжкой прамысловасці СССР Сярго Арджанікідзэ. Ініцыятыва знізу! — узрадаваўся ён і далажыў Сталіну. Той быў у захапленні. Партыя пастанавіла лічыць дасягненне Стаханава сусветным рэкордам працы на адбойным малатку. Тых жа, хто будзе браць у штыкі новы пачын, запісваць у ворагі народа.

Стаханава і Пятрова выклікалі ў Маскву на злёт перадавікоў. Там Аляксей з трыбуны паабяцаў пабіць свой рэкорд. На гэтым з’ездзе ў 1935 годзе і нарадзіўся стаханаўскі рух.

У снежні 1935-га фота Стаханава змясціў на вокладцы амерыканскі часопіс «Time».

Стаханаў стаў асабістым улюбёнцам Сталіна, пастаянным спадарожнікам і сябрам ягонага сына Васіля. Пра вяртанне на Данбас не было і мовы. Яму далі кватэру ў Маскве, у славутым «Доме на набярэжнай», дзе жыла камуністычная эліта. Стаханаў ездзіў па калектывах, расказваў пра свой чын і… паступова співаўся.

Пакуль быў жывы Сталін, герой працы пракудзіў па Маскве. Яму сышлі з рук і страта партбілета ў п’янай бойцы, і біццё люстэрак у рэстаране «Метраполь», і шлюб з непаўналетняй…

Калі да ўлады прыйшоў Мікіта Хрушчоў, ён выслаў сталінскага ўлюбёнца назад на Данбас, у мястэчка Чысцякова (Тарэз) Луганскай вобласці. Там, усімі забыты і скінуты з Алімпа ў адхлань, Стаханаў піў насмерць. У мястэчку ягонае прозвішча за гэта перарабілі ў «Стаканаў».

У Маскве пра яго зноў успомнілі ў 1970-м, да 35-годдзя рэкорда. Новы генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў даў Стаханаву зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Але запрашэнне ў прэзідыумы не магло змяніць скончанага алкаголіка. Яго лячылі ад белай гарачкі, а памёр 71-гадовы ўсесаюзны рэкардсмен у 1977 годзе ў бальніцы ў Данецку — трапіў туды пасля крывазліцця: паслізнуўся на скурцы ад яблыка і ўдарыўся галавой аб востры кут стала. І нават ягоная магіла на могілках Тарэза доўгі час была занядбаная.

«Цілі-цілі-цірлі-лі, нам заплацяць тры рублі…»

Камуністы і самі ад пачатку не верылі, што стаханаўскі рух можа развівацца стыхійна. 10 кастрычніка 1935 года «Праўда» апублікавала перадавіцу «Стаханаўскі рух трэба арганізоўваць». І арганізавалі яго бліскавічна, за пару тыдняў. Савецкая Беларусь не стала выключэннем: да 1 лістапада ў прамысловасці рэспублікі было ўжо дзесяць тысяч стаханаўцаў (11% усіх працаўнікоў), а да канца года — больш за 25 тысяч. У снежні 1935-га пленум ЦК Кампартыі Беларусі пастанавіў уцягнуць у стаханаўскі рух кожнага працоўнага. І панесліся стаханаўскія змены, месячнікі, тыдні, вахты. Усю краіну ахапіў працоўны энтузіязм (на паперы).

У савецкай планавай эканоміцы нават працэнты ўзятых на сябе «сацыялістычных абавязкаў» па перавыкананні працоўных нормаў задаваліся з матэматычнай дакладнасцю. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Толькі дакументы для ўнутранага карыстання сведчаць, што масавае стаўленне да стаханаўшчыны было ў найлепшым выпадку стрыманае.

Калі на Стаханава пасля ягонага чыну праліўся шчодры дождж розных дабротаў, то ягоныя паслядоўнікі мусілі здзяйсняць працоўныя подзвігі задарма.

Што, натуральна, не натхняла ні рабочых, ні сялян. Людзі скардзіліся на несправядлівасць, паказуху, прыпіскі, дэфіцыт, нішчымніцу. У маі 1936-га сакратар ЦК КПБ(б) Мікалай Гікала атрымаў дакладную «Аб фактах процідзеяння стаханаўскаму руху на прадпрыемствах БССР», з якой вынікала, што «антыстаханаўскія настроі» былі паўсюднымі.

Ды і як магло быць інакш? Да другой паловы 1930-х пераважная большасць сялян была калектывізаваная, і іх жыццё ў калгасах было пастаянным змаганнем за выжыванне. У 1937 годзе на «працадзень» у БССР давалі ў сярэднім усяго па 1,7 кг збожжа і 35 капеек. А свая гаспадарка была жорстка абмежаваная. У выніку сяляне выжывалі як маглі.

У гарадах было ненашмат лепш. Тут стаялі чэргі па 200—500 чалавек: па мяса, малако, сыр, масла, газу, муку, бульбу, рыбу, тканіны, абутак, вопратку. Сяляне станавіліся ў тыя ж чэргі па спецыяльных даведках ад праўлення, што тое адпускае іх на закупку прадуктаў і мануфактуры.

Тады з’явілася шмат злосных прыпевак пра Сталіна, калгасы і стаханаўскі рух. Яны пашыраліся, нягледзячы на смяротную небяспеку. Беларускія калгаснікі ціхенька прыпявалі: «Верабейкі ціў-ціў-ціў, усе хацім у калякціў, а варона не да нас, ёй не хочацца ў калгас» або «Дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас у рызіну, цілі-цілі-цірлі-лі, нам заплацяць тры рублі».

На гэтым тле ідэолагі мусілі ствараць міф, які б засланяў непрыглядную рэчаіснасць. Да стаханаўскага станка паставілі таксама пісьменнікаў і паэтаў, змушаючы іх пісаць, кажучы словамі Янкі Купалы, «дрындушкі». Дзяржкіно дзясяткамі здымала кіначасопісы пра стаханаўцаў. Шаснаццаць пісьменнікаў Беларусі адправілі ў гарады і вёскі для збору матэрыялаў і стварэння адпаведных тэкстаў. Скульптарам і мастакам загадалі ляпіць герояў працы. І пісалі, і ляпілі. Выказваючы, прынамсі на словах, надзею, што памяць аб тым працоўным подзвігу застанецца навек.

З 1930-х сярод іншага па ўсім Саюзе развіваўся масавы рух скараснікоў — паслядоўнікаў токараў-перадавікоў Паўла Быкава і Генрыха Станкевіча. Удзельнікі руху ў найкарацейшыя тэрміны авалодвалі новай тэхнікай і выкарыстоўвалі хуткасныя метады працы. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Але сталася зусім не так. Імёнаў калісьці знакамітых на ўсю краіну стаханаўцаў — братоў Скабло, меліяратара Цэйтліна, свінаркі Гендзелевай, даярак Вехцеравай і Цяста, ільнотрапальшчыц Быкоўскай і Дзяжурнай — сёння не памятаюць. Іх называлі «знатнымі», каб падкрэсліць, што гэта яны цяпер «знаць», «дваранства», «эліта» новай савецкай дзяржавы. Былі знатныя лесасплаўшчыкі, свінаркі, цялятніцы, слесары, скотнікі…

Толькі якая ж знаць будзе стаяць у чарзе па панчохі і красці галодным дзецям свіную муку? Сапраўднай знаццю былі тыя, хто жыў у «Дамах на набярэжнай», харчаваўся і адзяваўся ў спецкрамах, лячыўся ў спецбальніцах. А шараговым «стаханаўцам» заставалася толькі сядзенне ў прэзідыумах і алюмініевыя медалі. А пасля — гаротная старасць. Зрэшты, не лепшы лёс напаткаў і самога Аляксея Стаханава.

 ***

Тры жонкі Аляксея Стаханава

Норавы на Данбасе былі вольныя: Стаханаў, напрыклад, пяць гадоў жыў нераспісаны з цыганкай Аўдоццяй.

Яны пазнаёміліся ў шахцёрскай сталоўцы, дзе Дуся працавала. Яна была супраць таго, каб Аляксея высоўвалі ў перадавікі, і ўрэшце сышла з цыганскім табарам, пакінуўшы Стаханаву дваіх нажытых з ім дзяцей. А пасля сышлася з мясцовым міліцыянерам. І хутка памерла ад падпольнага аборту.

Наступную жонку Стаханаў згледзеў, выступаючы ў Харкаве перад вучнямі. Яго не спыніла тое, што Галі Бандарэнка было ўсяго чатырнаццаць: ёй прыпісалі два гады, каб 30-гадовы рэкардсмен мог з ёй ажаніцца.

Стаханаў дзіка яе раўнаваў: мог ударыць за любы выпадковы мужчынскі позірк. Калі Хрушчоў выправіў Стаханава з Масквы ў Тарэз, жонка з дзвюма дочкамі з ім не паехала: адна дачка сканчала школу, другая паступала ў тэатральны інстытут.

У Тарэзе Стаханаў сустрэў Антаніну, стрыечную сястру таго самага партарга Пятрова, што вывеў яго ў людзі. Іх звязвала даўняя гісторыя: у маладосці Стаханаў узяў яе — фактычна згвалціў, але… Антаніна — закахалася і ўсё жыццё яго чакала.

І Стаханаў вярнуўся — алкаголікам, і жыў фактычна на вуліцы, запаскудзіўшы да немагчымасці свой дамок. Тоня рынулася ратаваць яго: выцягваць з алкагалізму, адмываць, адчышчаць… Стаханаў нават распісаўся з ёй. Праўда, зрабіў гэта, не развёўшыся з Галінай, — і дзеці ад другога шлюбу аспрэчылі трэці праз суд…

Пра ўсё гэта з данецкай прастатой расказваюць мясцовыя журналісты і супрацоўнікі музея Стаханава. 

Святлана Курс

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930