Знайсці
11.06.2019 / 14:1717РусŁacБел

Расіянін з нажом напаў на мужчыну ў Іванаве. Яго пакінулі на волі — тады ён абрабаваў і ледзь не забіў жанчыну

15 студзеня грамадзянін Расіі Алег Б. напаў з нажом на жаніха сваёй былой сужыцелькі. Параненага забралі ў бальніцу, нападніка — ў міліцыю. Звычайна замежнікаў у такіх выпадках затрымліваюць, каб яны не з’ехалі з Беларусі. Але ўжо на наступны дзень Алега Б. адпусцілі. Міліцыя тлумачыла гэта так: маўляў, і цяжкасць цялесных пашкоджанняў пацярпелага яшчэ не вызначаная, і месцазнаходжанне расіяніна вядомае міліцыі, за ім прыглядвае ўчастковы, нічога страшнага не здарыцца.

Але здарылася.

Прычым праблемы пачаліся адразу пасля таго нападу. Б. заставаўся на волі, крымінальную справу ўсё ніяк не маглі завесці, бо чакалі вынікаў экспертыз аб цяжкасці цялесных пашкоджанняў пацярпелага. З Б. нават не ўзялі падпіску аб нявыездзе.

У Алега Б. і яго былой сужыцелькі, двое дзяцей. Разам яны не жывуць даўно, але тут Б. узгадаў і пра дзяцей, і пра яе, і пра яе маці. Б. пастаянна дасылаў паведамленні з намёкамі на няшчасныя выпадкі, а то і проста з пагрозамі. Дасылаў іх і экс-сужыцельцы, і яе маці.

Жанчыны пісалі начальніку мясцовага РАУСа, што іх фактычна шантажуюць: Б. патрабаваў, каб яго былая сужыцелька адмовілася падаваць пазоў на аліменты, інакш ён абяцаў абвінаваціць жанчыну ў вырабе наркотыкаў. Але ж, кажуць жанчыны, і міліцыя, і пракуратура адказвалі адпіскамі.

Жанчыны сцвярджаюць: Б. адчуваў сваю беспакаранасць. Ён пастаянна званіў і пісаў паведамленні з пагрозамі, заходзіў у двары, псаваў маёмасць (нават краў яйкі з куратніка). На судзе ўзводзіў паклёпы на былую сужыцельку. Але ўсё сканчвалася дробнымі адміністратыўнымі справамі. Б. прызнавалі вінаватым, але ён заставаўся на волі і працягваў тэрарызаваць жанчын.

У выніку ўсё ледзь не скончылася бядой. У маі Алег Б. здзейсніў новы напад — цяпер на маці сваёй былой сужыцелькі. Жанчына чакала ў госці дачку з дзіцём. Пазванілі ў дзверы, яна думала, што дачка. Адчыніла — але там быў Б. Алег зайшоў у кватэру, душыў жанчыну, пагражаў прадметам, падобным на нож, і абяцаў яе забіць, распавяла пацярпелая. Яна страціла прытомнасць. Пасля Б. забраў буйную суму грошай — каля 2 тысяч даляраў.

Але праз пэўны час у дзверы пазванілі — гэта і была дачка жанчыны, былая сужыцелька Б., якая прыйшла з дзіцём. Тады Б. збег праз акно.

Пацярпелая жанчына сцвярджае, што гэта было не рабаванне. Яна ўпэўненая, што Б. спрабаваў яе забіць, але прыход дачкі выратаваў ёй жыццё.

Пасля гэтай гісторыі Б. ўсё ж змясцілі пад варту.

У яго свая версія здарэння. Спачатку Б. казаў, што ўвогуле не быў у Іванаве ў той дзень, а пасля расказваў, што нібыта прыйшоў дамовіцца, каб бабуля арганізавала сустрэчу з дзецьмі, а жанчына пачала вымагаць у яго грошы.

У выніку на Алега Б. завялі дзве крымінальныя справы. Першую — за той напад у студзені, Б. вінавацяць у тым, што ён свядома нанёс жаніху былой сужыцелькі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні. Другая справа — за рабаванне былой «цешчы». Цяпер Алегу Б. пагражае да 10 гадоў зняволення.

Вось толькі, найхутчэй, тое не канец гісторыі. Бо нават калі Б. асудзяць — раней ці пазней ён выйдзе.

«У горшым варыянце мяне закрыюць на некалькі гадоў — але я ж адназначна вярнуся і дараблю справу, вось толькі буду нашмат болей злы, чым зараз», — пісаў мужчына сваёй былой «цешчы» яшчэ да нападу. Але ж тады міліцыя праігнаравала ўсе скаргі жанчыны. Чым скончылася — мы бачым.

А што будзе тады, калі Б. выйдзе, як і абяцаў, «нашмат болей злы»? Скаргі на небяспеку ізноў праігнаруюць, маўляў, калі заб’юць, тады і прыходзьце? Што яны будуць рабіць — жанчыны не ведаюць. Што іх абароніць міліцыя, яны ўжо не вераць.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930