Знайсці
11.06.2019 / 10:5415РусŁacБел

Памятаеце гісторыю з падробленымі подпісамі членаў БРСМ? Яна адбылася ў 23-й беларускамоўнай гімназіі

Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

Раней паведамлялася, як вучні знайшлі ведамасьць сплаты складак сяброў БРСМ. Насупраць прозвішчаў больш як 30 чалавек, якія не ўступалі ў гэтую арганізацыю, стаяць падробленыя подпісы.

Чытайце:
Педагог-арганізатар мінскай гімназіі падрабіла подпісы 11-класнікаў, якія не ўступілі ў БРСМ

Скандал здарыўся ў мінскай гімназіі № 23, піша Радыё Свабода.

Сярод 23 вучняў 11-га класа толькі трое былі сябрамі БРСМ. У дакуменце — амаль усе

22 мая педагог-арганізатар Святлана Молакава папрасіла адну з вучаніц занесці ў БРСМ Савецкага раёна складкі сяброў арганізацыі. Такія ведамасці разам з грашыма падаюцца раз на паўгода. У дакуменце былі прозвішчы больш як 30 чалавек. Але вучні 11-га класа, якія былі ў тым спісе, насамрэч не ўступалі ў БРСМ. Больш за тое, подпісы ў дакуменце выявіліся падробленымі.

У ведамасці было прозвішча выпускніцы Анастасіі Быкоўскай. Як дзяўчына распавяла Свабодзе, на фатаздымку ведамасці амаль увесь 11-ы клас. Але насамрэч сярод 23 вучняў у сябрах БРСМ былі толькі тры чалавекі.

«Усе мы былі вельмі абураныя, — скзазала Анастасія. — Магчыма, нас маглі запісаць у БРСМ і раней».

Паводле яе, 23 мая дырэктарка і завуч школы папрасілі прабачэння ў вучняў. Яны сказалі, што ў гэтай сітуацыі вінаватая Святлана Молакава, педагог-арганізатар, якая і папрасіла вучаніцу аднесці ведамасць.

Дырэктар гімназіі: хтосьці дрэнна пажартаваў

​У каментары Свабодзе дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч сказала, што ў гімназіі «адбылася сітуацыя, якой не павінна было быць». Яна падкрэсліла, што паводле закона ўступленне ў БРСМ магчымае толькі са згоды бацькоў.

«Адміністрацыя пра гэта не ведала. Пра тыя спісы я даведалася ад класных кіраўнікоў і ад бацькоў, якія пачалі тэлефанаваць», — сказала Ірына Пасюкевіч.

Дырэктарка паведаміла, што будзе праводзіцца расьследаванне. На момант размовы (24 траўня) яна не ведала, хто і калі мог падрабіць ведамасць. Гэтую сітуацыю яна назвала дрэнным жартам.

«Паверце мне, калі б педагог-арганізатар сама нешта падрабіла, яна не давала б гэтага дзецям, каб яны гэта бачылі. Як такое магчыма? Я думаю, хтосьці з маіх педагогаў не зусім добра пажартаваў», — сказала Ірына Пасюкевіч.

У той жа час вучням абвесцілі, што менавіта Святлану Молакаву звольнілі за парушэньне працоўнага заканадаўства. Атрымаць каментар у самой Молакавай пакуль не ўдалося.

БРСМ Савецкага раёна: мы не прынялі ведамасць, бо яна несапраўдная

Ірына Пасюкевіч таксама дадала, што ў БРСМ Савецкага раёна ведамасць не прынялі, бо «сьпісы не адпавядаюць рэальнасці».

«Там фактычна ёсьць прозвішчы дзяцей, якія ў нас не вучацца. Запоўненая ведамасьць абы-як», — сказала дырэктарка.

Гэта пацвердзілі ў раённым БРСМ. Як паведамілі Свабодзе, ведамасць з гімназіі не супала са спісамі сяброў БРСМ, якія былі раней у раённай арганізацыі БРСМ.

«Ведамасьць мы не прынялі ў іх, мы ім вярнулі, — сказалі ў адміністрацыі БРСМ. — У гімназіі цяпер разбіраюцца, відаць. Складкі ў нас не прайшлі».

Аднак са словаў вучаніцы, якая адносіла ведамасць, у Савецкім БРСМ не было пытанняў да дакумента. І ведамасць у яе прынялі. Толькі праз дзень пасля таго, як яна аднесла ведамасць, намесніца дырэктаркі паведаміла вучням, што дакумент забяруць назад.

Бацькі: такі сьпіс мог з'явіцца не ў першы раз

Бацькі выпускнікоў падалі ў адміністрацыю гімназіі пісьмовы зварот з нагоды выяўленай падробленай ведамасці БРСМ. У ім гаворыцца, што бацькі не давалі згоды на ўдзел сваіх дзяцей у ГА «БРСМ» і што яны выступаюць супраць палітызацыі навучальнай установы.

Паводле Вольгі Быкоўскай, маці выпускніцы, 23-я гімназія доўга лічылася месцам, дзе не было праблемаў накшталт прымусовага запісу вучняў у піянеры ці БРСМ.

Яна лічыць, што падобныя сьпісы з падробленымі подпісамі сяброў маглі з'яўляцца і раней. Бо апублікаваная ведамасць сведчыць, што гэта чарговыя складкі, а не заявы на ўступленне.

«Адбыўся збой матрыцы, — сказала Свабодзе Вольга Быкоўская, маці выпускніцы. — Практыка складання падобных спісаў магла існаваць у школе доўгі час. Проста цяпер такі спіс стаў вядомы грамадскасці».

Да канца чэрвеня адміністрацыя гімназіі мусіць даць адказ бацькам. Яны спадзяюцца, што абнародаванне гэтага здарэння мусіць гарантаваць, што падобных рэчаў больш не будзе.

«Вінаватая перадусім сістэма, дзе педагог-арганізатар чамусьці вымушаны здаваць ведамасці пра грамадскую арганізацыю БРСМ, а школа, хутчэй за ўсё, павінна выконваць нейкія пляны сяброўства ў ёй», — сказала Вольга Быкоўская.

Антон Трафімовіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930