Знайсці
11.06.2019 / 10:143РусŁacБел

Палёты над Налібоцкай пушчай з Віктарам Малышчыцам — вельмі крутыя ФОТЫ

Пры слове «пушча» любы беларус адразу ўзгадвае пра белавежскія лясныя прасторы. У гэтым сэнсе Налібоцкай пушчы пашанцавала менш — яна пакуль зусім нераскручаная для турыстаў. Але затое ў ёй вы не сустрэнеце памежны рэжым, дачы наменклатуры і натоўп аўтобусаў да Дзеда Мароза — лясныя абшары за Налібакамі для тых, хто хоча растварыцца ў амаль некранутай прыродзе.

Калі зірнуць на Налібоцкую пушчу з вышыні (дарэчы, над ёй праходзяць авіямаршруты з Мінска ў многія еўрапейскія гарады), то яна падасца вам бяскрайнім зялёным морам ад гарызонта да гарызонта. Але калі сесці ў аўто ці на ровар і праехацца вузкімі ляснымі дарогамі, то вы ўбачыце, што пушча зусім не аднастайная: сасновыя бары змяняюцца бярэзнікамі, балоты пераходзяць у пясчаныя дзюны, а за чарговым паваротам лёгка можна спужаць статак аленяў, зубра ці нават мядзведзя. Праўда, разлічвайце сілы свайго аўтамабіля — добрых дарог тут наогул не існуе.

Дарэчы, гэты лясны абшар зусім не бязлюдны — у гушчарах Налібоцкай пушчы растварыўся дзясятак-другі дробных вёсачак і хутароў. Канешне, жыць у такім адрыве ад цывілізацыі не надта лёгка, таму старыя хаты там усё часцей выкупляюцца пад лецішчы гараджан.

Налібоцкая пушча — гэта яшчэ і мноства рэк, якія нясуць свае воды ў Нёман. Адна з галоўных водных артэрый ляснога масіва — Заходняя Бярэзіна, на якую то тут, то там нанізаныя невялікія вёскі: Паташня, Мільва-Бярэзіна, Малая Чапунь — гэта надзвычай маляўнічыя месцы са сваім лясным каларытам, дзе можна пад’ехаць да самай ракі. Многія аматары водных паходаў спускаюць на ваду байдаркі яшчэ на Іслачы, затым перасякаюць усю Налібоцкую пушчу па Заходняй Бярэзіне і завяршаюць свой маршрут на Нёмане.

І хоць рэк у пушчы вялікае мноства, возера тут практычна толькі адно. Гэта Кромань. Каля возера ёсць пляж, куды часам прыязджаюць нават з Мінска, і невялікая лясная турбаза. А крыху далей пачынаецца запаведная зона, куды ўвогуле не павінна ступаць нага чалавека.

Дарэчы, нягледзячы на пэўную блізасць да сталіцы, па ўзроўні засветкі ад ліхтароў населеных пунктаў Налібоцкая пушча з’яўляецца адным з самых цёмных месцаў Беларусі. Сюды можна ехаць за крутым зорным небам! Толькі ўлічвайце, што зараз у Беларусі пара светлых начэй, таму сапраўдную асалоду ад россыпаў зорак можна будзе атрымаць пачынаючы з канца ліпеня.

Віктар Малышчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера