Знайсці
10.06.2019 / 14:50РусŁacБел

«Ну калі ўжо Мясніковіч прыехаў па тэлевізар — бяры два!»

Выбраныя моманты з інтэрв'ю саўладальніка сеткі «Пяты элемент» Андрэя Балабіна прыводзіць «Салідарнасць».

Андрэй Балабін, скрыншот відэа

Пра «Карону Тэхна»

У інтэрв'ю праекту Баранцава саўладальнік сеткі крам «Пяты элемент» Андрэй Балабін сярод іншага адказаў на пытанне аб магчымай куплі сеткі «Карона Тэхна», якая належыць Паўлу Тапузідзісу.

— Будзем казаць так: на плошчах «Кароны Тэхна» мы будзем адкрываць свае крамы. Але гэта не значыць, што я купіў «Карону Тэхна». Проста праект бытавой тэхнікі ў «Тытунь-інвеста» скончыўся.

Пра войска і ворагаў

Андрэй Балабін скончыў Сувораўскае вучылішча, ён ваенны інжынер. На пытанне аб тым, хто для беларускай арміі з'яўляецца ворагам, бізнэсмен адказаў:

— У нас няма ворагаў, мы сябруем з усімі. На радасці ці на жаль — мы невялікая краіна. І мы дакладна не агрэсар. Адпаведна, нашы амбіцыі не распасціраюцца на чужыя тэрыторыі. Ці на тое, каб дамінаваць над кімсьці, ваяваць. Але ў тым, што мы сваё не аддамо — я ўпэўнены на сто працэнтаў.

Пра бізнэс і ўлады

— Улада — гэта апарат рэпрэсіўны. Дзяржава ствараецца для таго, каб забіраць.

Для таго, каб нам добра жылося і спакойна спалася, ёсць дзяржава, якая абавязана нам вось гэтыя функцыі прадастаўляць. Спакой па-добраму. Але за гэта мы плацім, кожны з нас: зусім не важна — бізнэсмэн ты ці просты чалавек, ты плаціш падаткі. Гэта называецца плата за спакой. Ты засынаеш, прачынаешся і ў цябе нічога не адбываецца.

Дзеці твае спакойна ходзяць па вуліцах. Калі ты захварэў, ты выразна разумееш, куды табе ісці. Калі ты хочаш нечаму навучыцца, ты таксама разумееш, куды табе ісці. Гэта такі дагавор па азначэнні.

І вось калі атрымліваецца, што мы дамовіліся, а потым мяняюцца ўмовы дагавора… Ты садзішся, умоўна кажучы, гуляць у даміно, а заканчваеш ў «дурня», гэта самае дрэннае. Мне здаецца, што мы павінны праз гэта прайсці і зразумець, што гэта лішняе.

Пра тое, што загартоўвае. Гісторыя 2014-га

Не перастаю здзіўляцца кожны раз таму, што нам падкідвае жыццё. Гэта сапраўды загартоўвае. Спачатку я да такіх выпадкаў ставіўся як да таго, што ўсё не проста прапала. Як жыць, напрыклад, калі ў 2014-м выдатная была рэч, калі забаранілі падымаць кошты. Шыкоўна проста! Курс расце, даходзіла да абсурду: людзі прыходзілі ў краму, куплялі тэлевізары, ішлі на базар і прадавалі іх за даляры.

Прыходзілі адны і тыя ж людзі, па тры разы на дзень, куплялі зноў тэлевізары, памяняўшы ў абменніку па новым курсе даляры. Цэны ж не растуць!

Гісторыя з жыцця

У інтэрв'ю Балабін распавёў гісторыю пра тое, як ў 2014-м пасля нарады ў Мінгарвыканкаме пра недахоп тавараў у «Пяты элемент» адправіўся Міхаіл Мясніковіч, які быў у той час прэм'ер-міністрам. Бізнэсмэн прывёў дыялог двух пакупнікоў, якія ўбачылі дэлегацыю чыноўнікаў.

— Два мужыкі стаяць і адзін кажа: «Глядзі, гэта ж Мясніковіч». Другі: «Да ну! Ты здзекуешся? Які Мясніковіч?» — « Ды не, сто працэнтаў! Паглядзі, вакол столькі мужыкоў у гальштуках. Гэта дакладна Мясніковіч». — «Слухай, ну калі ўжо Мясніковіч прыехаў па тэлевізар, бяры два!»

Гэта жыццё. Народ рэагуе так, як рэагуе. Ты ж яму не патлумачыш, што чалавек сапраўды прыехаў паглядзець: ці праўда адбываецца ўсё так, як адбываецца.

Чытайце таксама: Бізнэсмен Балабін: Аднаўлю гістарычнае аблічча хаты Караткевіча і перадам гораду

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера