Знайсці
09.06.2019 / 10:233РусŁacБел

На заводзе АКБ пад Брэстам — перавышэнне шкодных выкідаў. Распачаты адміністрацыйны працэс

Акумулятарны завод пад Брэстам.Фота перададзена «Брэсцкай газеце» актывістамі.

На заводзе ТАА «АйПаўэр» пад Брэстам, які працуе ў рэжыме пусканаладкі, зафіксаваныя перавышэнні нормаў выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, паведамляе «Брэсцкая газета».

«Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачаў адміністрацыйны працэс па факце перавышэння выкідаў.

Калі парушэнні будуць і надалей, забяром дазвол на выкіды», — заявіў 8 чэрвеня намеснік міністра прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, адказваючы падчас прамой лініі на пытанне брэсцкага актывіста Дзмітрыя Бекалюка.

На заводзе ТАА «АйПаўэр» паблізу абласнога цэнтра ідуць пуска-наладачныя работы. На перыяд пусканаладачных работ прыродаахоўны аблкамітэт выдаў прадпрыемству «АйПаўэр» дазвол на выкід забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра да 22 жніўня гэтага года. У дазволе прапісаны нормы выкідаў такіх рэчываў.

Напярэдадні ў сацсетках з'явілася копія дакладной запіскі абласнога прыродаахоўнага камітэта ў аблвыканкам.

Паводле яе, 17 і 26 красавіка ўзялі пробы і правялі вымярэнні выкідаў. У пратаколах зафіксавана перавышэнне нарматываў па 5 з 38 складнікаў выкідаў.

Распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 15.48 КаАП «Забруджванне атмасфернага паветра». Па гэтым артыкуле на юрыдычную асобу могуць накласці штраф да 200 базавых велічынь.

Вымярэнні правядуць яшчэ раз на працягу 30 дзён для пацвярджэння факта перавышэння нормаў выкідаў. Заяўка на правядзенне такіх вымярэнняў пададзеная ў Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю і аховы навакольнага асяроддзя 30 мая.

Аблкамітэт можа разгледзець пытанне аб прыпыненні дзеяння дазволу на выкіды або аб яго спыненні, сказана ў дакладной запісцы ў аблвыканкам.

Нагадаем, брэсцкія актывісты штонядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Брэсце, каб карміць галубоў. Такім чынам яны пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Акцыя ў Брэсце, 26 мая 2019 года.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера