Знайсці
07.06.2019 / 13:3714РусŁacБел

Даступная для ўсіх, але пад аховай. У скверы Мінска ўсталявалі скульптуру за 341 тысячу даляраў

У скверы па вуліцы Прытыцкага, 60/2, ля галоўнага офіса Белгазпрамбанка, урачыста адкрылі скульптуру Восіпа Цадкіна «Носьбіт дароў». Яе набылі ў Нью-Ёрку за 341 тысячу даляраў на таргах аўкцыённага дома Christie's, паведамляе tut.by.

На вуліцы Прытыцкага, ля офіса Белгазпрамбанка, урачыста адкрылі набытую ў Нью-Ёрку скульптуру ўраджэнца Віцебска Восіпа Цадкіна. Для гэтага на працягу трох месяцаў прыводзілі да ладу сквер каля офіса. Прастору, дарэчы, стваралі па праекце, распрацаваным маладымі архітэктарамі-студэнтамі. Сквер назвалі «Плошча Цадкіна».

Пра скульптуру «Носьбіт дароў» чытайце таксама: 
У Мінску з'явілася новая скульптура ураджэнца Беларусі Восіпа Цадкіна

У дзень адкрыцця для мінчукоў зладзілі свята з музыкай, невялікім фудкортам і забавамі да 23 гадзін. На мерапрыемства запрасілі таксама віп-гасцей.

— Упершыню праца сусветнай знакамітасці прадстаўлена ў гарадской прасторы. Я не буду казаць пра тое, што ў Мінску няма годных скульптурных кампазіцый, помнікаў, безумоўна, яны ёсць і гэта выдатна. Але мы хацелі зрабіць яшчэ адзін пункт гарадской прасторы, — сказаў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка, адкрываючы скульптуру.

Бабарыка не бачыць розніцы, у якім раёне, для каго і дзе ўсталяваная скульптура.

— Абсалютна перакананы ў тым, што ўсе людзі аднолькавыя. Чаму ў Парыжы не баяцца ставіць, а мы павінны баяцца? У Беларусі людзі гэтак жа беражліва ставяцца да любой скульптурнай кампазіцыі, як і ва ўсім свеце. Усюды ёсць экстрэмісты, якія могуць нешта зламаць і нешта дрэннае зрабіць. Іх — абсалютная меншасць. Мы не хочам рабіць для меншасці, для людзей, якія дрэнныя. Мы робім для большасці, — кажа Бабарыка.

Як распавялі парталу, за тэрыторыяй, дзе ўсталяваная скульптура, служба бяспекі Белгазпрамбанка будзе назіраць з дапамогай відэакамер.

— Мы не лічым патрэбным прымаць дадатковыя меры бяспекі. Мы верым у беларусаў.

У калекцыі Белгазпрамбанка ёсць некалькі работ Цадкіна. Адна з іх пакуль знаходзіцца ў музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча — яе банк плануе ўсталяваць на вуліцы ў родным горадзе мастака.

— Гэта залежыць не ад нас. Мы гатовыя яе паставіць у Віцебску гэтак жа, як і тут. Ёсць вельмі прыгожы праект для прасторы Восіпа Цадкіна, нават нашмат цікавейшы, чым тут. Нам трэба дзяржаўна-прыватнае партнёрства, мы прапанову зрабілі, цяпер чарга за Віцебскім аблвыканкамам. Але не заўсёды атрымліваецца зрабіць выключна за свае грошы, хочацца зрабіць гэта разам з кімсьці, з партнёрамі, пакуль не атрымліваецца, — тлумачыць Віктар Бабарыка.

***

Восіп Цадкін — адзін з яркіх прадстаўнікоў Парыжскай школы, ураджэнцаў Беларусі. Ён нарадзіўся 28 студзеня (9 лютага) 1888 года ў Віцебску. У 1905-м родныя адправілі яго да сваякоў на поўнач Англіі. У 1905—1909 гадах жыў у Лондане, пасля пераехаў у Парыж, дзе памёр у 1967 годзе.

Творы Цадкіна прадстаўленыя ў вядомых музейных і прыватных зборах розных краін свету. Сем яго твораў (4 скульптуры і 3 карціны) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.

Мая Кахно, фота Яўгена Ерчака, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930