У Расіі адмаўляюць заяву Трампа пра вывад расійскіх спецыялістаў з Венесуэлы
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў назваў фэйкам заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб тым, што Расія апавясціла яго «пра вывад сваіх людзей з Венесуэлы».
«Я здзівіўся, калі прачытаў. Мы нікога не апавяшчалі. Ён, мабыць, прачытаў артыкул у The Wall Street Journal, які ўжо пракаментавала і карпарацыя Растэх, і наша міністэрства. Там былі згаданыя нейкія тысячы расійскіх спецыялістаў, якіх цяпер адтуль прыбралі», — заявіў ён.
Пры гэтым Лаўроў паставіў пад сумнеў якасць працы дарадцаў Трампа па пытаннях Венесуэлы.
Ён дадаў, што Расія ніколі не ўтойвала працу расійскіх ваенных спецыялістаў у Венесуэле. Паводле яго слоў, у апошні раз адправілі 95 экспертаў па абслугоўванні тэхнікі.
Раней Дональд Трамп заявіў, што Расія вывела з Венесуэлы большую частку сваіх людзей.