Знайсці
03.06.2019 / 11:565РусŁacБел

Папа Францішак адказаў на пытанне, калі наступіць канец свету

Жанчыны на сустрэчы з Папам у Ясах, Румынія. Фота Andrew Medichini, AP.

Падчас сустрэчы з моладдзю і сем’ямі ў румынскім горадзе Ясы Папа Францішак працытаваў прароцтва аднаго святога румынскага пустэльніка, які, на гэтае пытанне адказаў: «Калі зарастуць сцяжынкі паміж суседзямі».

«Гэта значыць, калі больш не будзе хрысціянскай любові і разумення паміж братамі, сваякамі, хрысціянамі і народамі! Калі людзі перастануць любіць адно аднаго, тады наступіць канец свету, бо без любові і без Бога, ніводны чалавек не можа жыць на зямлі!» — патлумачыў Папа Францішак, піша Vaticannews.

Сустрэча прайшла 1 чэрвеня.

Францішак выказаў радасць у сувязі з тым, што ў сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі розных народаў. «Святы Дух збірае ўсіх нас і дапамагае адкрыць прыгажосць быцця разам, магчымасці сустрэчы, каб крочыць супольна.

Кожны са сваёй мовай і традыцыяй, але шчаслівы быць сярод братоў», — заўважыў ён.

«Нялёгка крочыць разам, праўда? Гэта дар, аб якім мы павінны прасіць, гэта праца, якую мы павінны рабіць і скарб, які павінны перадаваць!» — сцвердзіў пантыфік.

Папа нагадаў пра важнасць захавання каранёў і перадачы веры ў сям’і. «Не забывай пра сваіх маму і бабу, а таксама пра тое, як проста, але моцна верылі яны, як гэта давала ім сілу і нястомнасць, каб ісці наперад і не апускаць рук», — заклікаў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што вера «не вельмі цэніцца на біржы», але яна спрыяе будаванню Божага Валадарства і стымулюе любоў.

«Мы ўсе расцвітаем, калі адчуваем сябе любімымі, бо любоў пускае карані і заклікае нас пусціць іх у жыццё іншых. (…) Мы належым адзін аднаму, і мы робімся шчаслівымі, калі робім шчаслівымі іншых. Усё іншае — казкі», — падкрэсліў Папа.

Чытайце таксама: Папа Францішак падчас візіту ў Румынію ездзіў на звычайнай «Дачы Логан» ФОТЫ

Папа едзе па Бухарэсце. Фота romania-actualitati.ro.

Папа звярнуў увагу на вялікую колькасць «правакацый», якія могуць «прывесці да роспачы і прымусіць закрыцца ў сабе». Перад абліччам гэтых небяспек вера заўсёды дапамагае чалавеку дарыць іншым лепшае з сябе.

Францішак заклікаў перадаваць веру не толькі на словах, але з дапамогай жэстаў, позірку, ласкі, прастаты і шчырасці.

Ён заклікаў маўчаць і слухаць там, дзе гармідар; аднаўляць гармонію там, дзе хаос; несці яснасць там, дзе ёсць неадназначнасць; дзяліцца там, дзе існуе адчужэнне; змагацца за мір там, дзе ёсць агрэсія; несці праўду туды, дзе ёсць фальш; ва ўсім аддаваць перавагу адкрыццю шляхоў, якія дапамогуць людзям адчуваць сябе дзецьмі і братамі.

Акрамя Ясаў, Папа наведаў сталіцу Румыніі Бухарэст, мясціны, населеныя венграмі ў цэнтры Румыніі, санктуарый Дзевы Марыі ў Карпатах і беатыфікаваў уніятаў, пакутнікаў камуністычнага рэжыму.

Сустрэча ў санктуарыі Багародзіцы ў Шумулеу-Чук у Карпатах. Фота Andrew Medichini, AP.

СГ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера