Знайсці
06.06.2019 / 12:4616РусŁacБел

Расійскі філосаф: «За савецкім Мінскам хаваецца еўрапейская Беларусь»

Мінск. Фота Сяргея Гудзіліна. 

Мінск і Санкт-Пецярбург — два гарады, для якіх не працуюць стары рэкламны слоган «Наведаеце сталіцу — зразумееце краіну». У Санкт-Пецярбургу мала што ёсць ад Расіі, як у Мінску — ад Беларусі. Мінск і Санкт-Пецярбург — гэта гарады-шырмы: яны хаваюць за сабой краіны, чыімі сталіцамі з'яўляюцца.

За еўрапейскім Санкт-Пецярбургам, як за шырмай, хаваецца ўсходняя Масковія. За савецкі Мінск хаваецца еўрапейская Беларусь. Вывучаючы дамы на Неўскім праспекце, як і дамы на праспекце Незалежнасці ў Мінску, вы вывучаеце шырму, узведзеную знарок, каб увесці вас у зман.

Шырма-на-Няве

Санкт-Пецярбург нічым не адрозніваецца ад іншых сталіц Балтыкі. Капенгаген, Стакгольм, Талін, Рыга, Хельсінкі — і там, і там строгія лютэранскія будынкі ў спалучэнні з барочнымі палацамі, ідуць дажджы, шэрае неба.

Шведы і фіны — карэнныя жыхары Санкт-Пецярбурга. Пётр Вялікі будаваў новую сталіцу не «на балоце». У канцы XVII стагоддзя ў тым месцы, дзе рака Охта ўпадае ў раку Няву, у шведаў быў горад і царкоўны прыход. З часам прыход пераехаў бліжэй да цэнтра.

Храм Святой Кацярыны на Малой Канюшаннай і храм Святой Марыі на Вялікай Канюшаннай належаць шведскай і фінскай лютэранскім грамадам. Абедзве вядуць свае генеалогіі ад «першага горада на Няве». Там жа, на Малой Канюшаннай, зараз размяшчаецца Генеральнае консульства Каралеўства Швецыі. Консульства Фінляндыі стаіць крыху наводдаль.

Ад дзвярэй шведскага храма да Александрыйскага слупа на Дварцовай плошчы менш за дзесяць хвілін хады шпацырным крокам.

Для Балтыкі гэта звычайная гісторыя: гарады засноўваюць адны, а развіваюць другія.

Эстонскі Талін быў заснаваны датчанамі, латвійская Рыга — немцамі, фінскі Хельсінкі — шведамі.

Сучасная літоўская Клайпеда ў пачатку мінулага стагоддзя была нямецкім Мемелем. Побач, у Нідзе, курортным горадзе на Куршскай касе, знаходзіцца музей Томаса Мана, класіка нямецкай літаратуры. На сродкі ад Нобелеўскай прэміі, атрыманай ім у 1929 годзе, ён купіў надзел на ўзгорку ля заліва і пабудаваў дом. Краязнаўцы лічаць, што раман «Іосіф і яго браты» быў ім напісаны менавіта ў Нідзе. Па іншай версіі, раман быў напісаны ў Мюнхене, а ў Нідзе Ман адпачываў ад працы над ім. Да ўцёкаў ад нацыстаў ў 1933-м ён праводзіў у сваім доме на касе летнія месяцы, назіраючы за хвалямі. У любым выпадку, цяпер у Нідзе і Клайпедзе на нямецкай гавораць толькі турысты з Нямеччыны. Гарады перайшлі на літоўскую мову.

Санкт-Пецярбург у гэтых адносінах не вылучаецца з агульнага шэрагу. Заснавалі шведы, жылі шведы і фіны, цяпер жывуць расейцы. Звычайны балтыйскі горад, нічога асаблівага.

Але калі вы раптам вырашыце, што і астатняя Расея выглядае як Санкт-Пецярбург і адправіцеся ўглыб краіны, то вельмі хутка — праз чвэрць гадзіны — вы апынецеся па той бок шырмы. За шырмай Расія выглядае інакш.

Данія за межамі Капенгагена застаецца Даніяй. Які-небудзь правінцыйны дацкі Эльсінор — гэта як Капенгаген, толькі меншы, спакайнейшы і ў разы больш экалагічны. Расія за мяжой Санкт-Пецярбурга — гэта адкрыта іншая краіна. Расійскія гарады пашытыя інакш чым Санкт-Пецярбург; падобныя да Казані, сталіцу цюркскай Татарыі.

У цэнтры Казані стаіць (дакладней, стаяў да Івана Жахлівага, цяпер там маляўнічыя руіны) ханскі палац. Вакол палаца — белакаменны крэмль, вакол крамля — горад. Чым бліжэй дом да Крамля, тым ён больш дагледжаны і тым вышэйшы сацыяльны статус яго жыхароў. Дамы на вялікай адлегласці ад крамля падобныя да трушчоб з фільмаў маладога Лукіна Вісконці пра жыццё міжземнаморскай беднаты.

Калі замяніць ханскі палац на будынак адміністрацыі, гэта будзе ўніверсальны план любога расійскага горада.

Брытанскі гісторык Дамінік Лівэн у сваёй кнізе «Імперыя: Расійская імперыя і яе супернікі» піша, што Расея заўсёды была падобная да Асманскай імперыі. Да Брытанскай і Французскай імперый — не, а да Асманскай — так.

Абсалютная ўлада султана, вера на службе трона, адмаўленне прыватнай уласнасці, апетыт да ўкраінскіх чарназёмаў — усё гэта ў асманаў і маскавітаў супольнае. Лівэн называе іх найбліжэйшымі сваякамі.

Як яму ўдалося гэта ўбачыць? Сакрэт у тым, што яму ўдалося зазірнуць за шырму. Калі б ён не зазірнуў за шырму, калі б застаўся на Неўскім праспекце, наўрад ці яму б удалося ўбачыць Турцыю. Лівэн зрабіў крок па той бок, за што і атрымаў прызнанне.

Шырма-на-Свіслачы

У Мінску ўсё наадварот. Калі Санкт-Пецярбург будавалі так, каб ён быў падобны да суседніх еўрапейскіх гарадоў, то Мінск будавалі так, каб падобны не быў. У шэрагу Коўна — Вільня — Беласток — Мінск выглядае белай варонай і госцем з іншага свету.

Да Другой сусветнай вайны, як пішуць гісторыкі, Мінск белай варонай не быў. Аўтар з Гановера, Томас Бон, у сваёй кнізе «Мінскі феномен» піша, што да вайны гэта быў звычайны ўсходнееўрапейскі горад. Можа быць, не самы фешэнебельны і яркі, але са сваім тварам і не без шарму.

Праблема ў тым, што пасля вайны яго не сталі аднаўляць. Мінск будавалі наноў, як быццам на пустым месцы, адначасна разбураючы тое нямногае, што ацалела пасля пажараў і бамбёжак. Калі да сярэдзіны мінулага стагоддзя гістарычны Гданьск вярнуўся да жыцця, то гістарычны Мінск з яго кляштарамі, сінагогамі і мячэцямі памёр пад ампірам.

Сталінскія будынкі і наогул савецкая забудова зрабілі Мінск падобным да сталіц савецкіх рэспублік унутры Расійскай Федэрацыі. Да прыкладу, да Улан-Удэ, сталіцы Бураціі.

Як і Мінск, Улан-Удэ будавалі сталінскія архітэктары. У цэнтры горада знаходзіцца, напэўна, самы юнгіянскі помнік Леніну: велізарная — 8 метраў увышкі і 5 метраў ушыркі — галава правадыра сусветнага пралетарыяту. Адна галава. Шыі і плячэй няма. Ноччу, пры святле зорак, якіх у стэпавым небе больш, чым звычайна, Ленін падобны да каменных статуй Моаі з вострава Вялікадня.

Галава правадыра стаіць пасярод плошчы, акружанай тыповымі сталінскімі будынкамі. Не такімі гіганцкімі, як у Кіеве і Маскве. Значна сціплейшымі, не вышэйшымі за шэсць паверхаў, кропля ў кроплю як у Мінску.

Калі б галава правадыра была меншай і калі б не лысыя сопкі, якія раскрываюцца за ёй, можна было б падумаць, што дзесьці побач пачынаецца вуліца Карла Маркса.

Сталінскі ампір, адзіны і ва Улан-Удэ, і ў Якуцку, і ў якім заўгодна пункце ўнутры РФ, ператварыў Мінск у шырму. У ролі шырмы ён хавае ад вачэй абывацеля еўрапейскую гісторыю Беларусі.

Сюжэты з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — гэта апошняе, што прыйдзе вам у галаву падчас прагулкі па яго цэнтральных вуліцах. Шырма з усіх сіл пераконвае вас, што вы не дзе-небудзь, а ў еўразійскім горадзе. З-за шырмы ўдзел Беларусі ў рознага кшталту еўразійскіх саюзах — эканамічных і ваенных — не здаецца чымсьці дзікім.

Калі вы, як і ў выпадку з Санкт-Пецярбургам, вырашыце, што і астатняя краіна выглядае як яе сталіца, і зробіце крок за шырму, вас будзе чакаць расчараванне. За шырмай Беларусь роўная Літве, Польшчы і Латвіі. Кантраст паміж сталінскім Мінскам і замкам Радзівілаў у Нясвіжы будзе роўны толькі кантрасту паміж Санкт-Пецярбургам і суседнім Чарапаўцом.

Шырмы разбураюцца

За апошнія гады абедзве шырмы прыкметна здрахлелі, сталі празрыстымі, у іх з'явіліся дзіркі.

Новая забудова Санкт-Пецярбурга крок за крокам цягне яго на ўсход, у Масковію. Той факт, што гарадскія ўлады ў выніку адмовіліся ад праекта «Охта-цэнтра» — хмарачоса вышынёй у 400 метраў за два крокі ад Зімовага палаца — гэта выпадковасць. Пабудаваны замест яго «Лахта-цэнтр» — хмарачос вышынёй у 460 метраў — ужо навісае над «Паўночнай Венецыяй». То ли еще будет.

Лахта-цэнтр у Пецярбургу. Фота Wikipedia.

Абодва хмарачосы былі б арганічныя ў любым горадзе на ўсход ад шырмы. Сталіца Манголіі, дрымотны Улан-Батар, пасля таго, як ВУП краіны вырас у дзесяць разоў за кошт экспарту сыравіны, актыўна забудоўваецца Лахтамі і Охтамі. Праектуюць іх сусветныя зоркі, не Норман Фостэр і Кісё Куракава (абодва, дарэчы, былі рэзка супраць будаўніцтва Охты). Паўднёвакарэйскае архітэктурнае бюро і бярэ танней, і месціцца бліжэй. Але жанр той жа: шкло, сталь і бетон.

Відавочна, што, калі так пойдзе і далей, рана ці позна Масковія паглыне Санкт-Пецярбург, зробіць роўнымі Неўскі праспект і Крывакаленны завулак. І тады шырма падзе, і ілюзія еўрапейскасці рассеецца.

У Мінску сітуацыя адваротная. Так, ёсць «дом Чыжа» — «праект мары» мангольскіх забудоўшчыкаў. Ён папросту мог бы ўпрыгожыць сабой новыя раёны Улан-Батара: Баянгол, Хан-Уул і Багахангай, які асабліва хутка расце. З іншага боку ў 2004 годзе была адноўлена гарадская Ратуша. Ратуша — гэта ого-го дзірка ў сталінскай шырме. Праз гэтую дзірку бачныя не мінарэты і бязмежныя еўразійскія пусткі, як праз «Лахці» Санкт-Пецярбурга, а Магдэбургскае права, езуіцкія калегіумы, піўныя, друкарскя станкі, кальвінскія кірхі. Усходняя Еўропа, прасцей кажучы.

Ці трэба казаць, што кожны новы гістарычны будынак у Мінску, які ўдаецца вярнуць з нябыту, будзе пакідаць дзіркі ў сталінскай шырме? 

Максім Гаруноў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера