Знайсці
30.05.2019 / 16:369РусŁacБел

Беларусь увайшла ў чацвёрку сусветных экспарцёраў сыру і тварагу

Беларускія сыры і тварог заўважна пашырылі сваю прысутнасць на замежных рынках, паказаўшы ў першым квартале вялікі прырост экспарту ў 23,9%. Беларусь заняла чацвёртае месца сярод сырных экспарцёраў свету, апярэдзіўшы нават Аўстралію і Швейцарыю.

Беларускія вытворцы, па дадзеных Белстата, за студзень—сакавік прадалі за мяжу амаль 57,8 тысячы тон сыроў і тварагу. Для параўнання, за аналагічны перыяд мінулага года краіна экспартавала 46,6 тысячы тон. У першым квартале сукупны экспарт сыроў і тварагу склаў 225,7 мільёна даляраў.

Асноўным рынкам беларускіх сыроў і тварагу застаецца Расія. На яе прыходзіцца 94,2% экспарту, што прыносіць амаль 212 мільёнаў даляраў. Пастаўкі падраслі ў натуральным выражэнні на 22,2%, а ў вартасным — на 16,6%.

Акрамя Расіі і краін СНД, беларускія сыры і тварог прадаюцца таксама ў Балгарыі, Грузіі, Іарданіі, Кітаі, Латвіі, ААЭ, ЗША і Японіі. Рынак экспартных паставак тварагу і сыроў аднаго толькі «Савушкава прадукта» — больш за 15 краін свету.

Па дадзеных Еўрапейскай камісіі, Беларусь заняла чацвёртае месца ў свеце сярод краін-экспарцёраў сыру па выніках першага квартала. На першым месцы — Еўрасаюз, які за тры месяцы паставіў амаль 262 тысячы тон сыру. Другое месца аблюбавалі ЗША з 99 тысячамі тон, трэцяе — Новая Зеландыя (89,8 тысячы). Ніжэй беларусаў размясціліся аўстралійцы, іранцы і швейцарцы.

Паводле дадзеных Мінсельгасхарча, 28% малака, што вырабляецца ў краіне, ідзе на сыры. Такія ж прапорцыі і ў перадавых краін свету. У беларускім рытэйле прадстаўлена 330 відаў сыроў.

У тройку лідараў па вытворчасці сыру ў Беларусі ўваходзяць «Савушкаў прадукт», «Бярозаўскі СК» і «Тураўскі МК». Гэтыя тры прадпрыемствы ў сукупнасці выпускаюць амаль траціну (31,3%) сыроў у краіне. З улікам падкантрольнага «Савушкаву» Бярозаўскага сыраробнага камбіната гэтай кампаніяй вырабляецца 24% усіх сыроў.

«Мы не забываем пра традыцыйныя гатункі, з якімі знаёмыя нашы пакупнікі ўжо даўно. Разам з тым, мы працягваем удасканальваць рэцэптуры, прымяняць новыя тэхналогіі. І асвойваем вытворчасць сыроў, якія раней у Беларусі не выпускаліся, але на якія ёсць стабільны попыт. За апошнія гады ў нашай краіне значна павялічыўся аб'ём выпуску элітных гатункаў сыру», — каментуюць у кампаніі «Савушкаў прадукт».

На экспарт з Беларусі часцей за ўсё накіроўваюцца галандскія гатункі сыроў. Яны ж уваходзяць у лік самых папулярных і ў беларусаў. У апошні час айчынныя вытворцы таксама асвоілі выпуск фінскага сыру і мяккіх тварожных крэм-сыроў (Cream Cheese), мода на якія прыйшла з Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930