Знайсці
30.05.2019 / 11:23РусŁacБел

Звяры-філосафы загамоняць па-беларуску: ідзе падпіска на адну з найлепшых кніг Паўночнай Еўропы

Навошта дзецям філасофскія вершы і навошта дарослым дзіцячыя кнігі? Выдавецтва Koska і перакладчыца Алеся Башарымава збіраюць на Вуллі сродкі, каб выдаць кнігу пра нашых унутраных звяроў. Засталося ўсяго 9 дзён, каб падтрымаць праект.

Кніга-карцінка так і называецца — «Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас». Нашае я — якое яно? Калматае і злое, мяккае і пухнатае, няшчаснае ці трапяткое? Ці мяняецца яно ў розных сітуацыях? Выбітныя аўтары — шведскі пісьменнік Ульф Старк і фінская ілюстратарка Лінда Бундэстам стварылі незвычайную дзіцячую кнігу, дзе гумар спалучаецца з глыбінёй думак.

Ульф Старк і Лінда Бундэстам.

Аўтары ўжо вядомыя ў беларусі па дзіцячай кнізе «Дыктатар», якая выйшла ў 2012 годзе ў перакладзе Вольгі Рызьмаковай і Насты Лабады. Тады Ульф Старк прыязджаў у Мінск ды Магілёў сустракацца з чытачамі. Яго ўразіў цёплы прыём, пра які ён шмат расказваў Ліндзе Бундэстам.

На жаль, два гады таму Ульфа Старка не стала. Але яго кнігі працягваюць жыць і вандраваць па свеце. Кніга пра Звяроў пакуль выходзіла ў перакладах толькі на нарвежскую, дацкую і фінскую. Беларусь можа стаць наступным пунктам у яе падарожжы па свеце.

Кнігу перастварыла па-беларуску перакладчыца Алеся Башарымава, вядомая па перакладах мумітроляў Тувэ Янсан, «Снежнага чалавека» Эвы Суса, «Найлепшага спевака ў свеце» Ульфа Нільсана, паэзіі нобелеўца Тумаса Транстромера, фінскай паэткі Эдыт Сёдэргран ды іншых.

Перакладчыца Алеся Башарымава (справа) і заснавальніца выдавецтва Koska Надзея Кандрусевіч. 

Як толькі я ў 2016 годзе ўбачыла анонс пра выхад кнігі, то захацела яе пачытаць і прымерыцца, ці захачу ўзяцца яе перакласці, - расказала Алеся. - Я прыняла гэты выклік і за год яе пераклала. Звяры зачароўваюць, бо пазнаеш у іх сябе і іншых. Гэта нашыя ўнутраныя звяры — існасці, нашыя адчуванні, настроі, характары. Аўтар нікога з іх не асуджае, але вучыць нас заўважаць усю гэтую разнастайнасць, вучыць эмпатыі і спагадзе.

Пазнаёмцеся з беларускімі іпастасямі гэтых звяроў: Спячкур збірае водары восені, а ў сне бачыць сонейка і зелянее ад шчасця; Кракавяк голасна спявае, перакрываючы мізэрнадзюбыя піскі дробнага птаства; Чшшш усяго баіцца і хаваецца глыбока пад зямлёй, але раз на год так раз’юшваецца, што сам можа напалохаць любога; Клыпантропка такая вялізная, што цяжка клыпае па зямлі і пхае ў рот усё навокал, але марыць быць лёгкім матыльком.

Каляровыя вобразы гэтых звяроў стварыла фінская ілюстратарка Лінда Бундэстам. Спачатку яна спрабавала знайсці натхненне ў музеях прыроды розных краін, але ўсе выстаўленыя там чучалы пачалі яе прыгнятаць. І тады яна паспрабавала назіраць за наведнікамі гэтых музеяў і спрабаваць разгледзець іх унутраных звяроў. Справа пайшла! У выніку атрымалася кніга ў паўсотні старонак, прычым усе развароты ярка і густоўна ілюстраваныя ў цікавай змяшанай тэхніцы.

— Я пазнаёмілася з Ліндай падчас вандроўкі па Фінляндыі, якую я сабе зладзіла да стагоддзя Тувэ Янсан у 2014 годзе. Лінда разам з дзіцячымі пісьменніцамі Стэлай Парланд і Анікай Сандэлін зладзіла неверагодна вясёлыя пастаноўкі па кнігах-карцінках Тувэ з цікавым рэквізітам. Я яшчэ тады прапанавала Ліндзе, як будзе магчымасць, завітаць з якім-небудзь такім перформансам у Беларусь, і яна сказала, што была б радая ў нас пабываць. Пра краіну і ўдзячную публіку яна ўжо чула ад Ульфа Старка. Мы спадзяёмся, што праект збярэ патрэбную суму, бо тады мы запросім да нас Лінду з выступамі, майстар-класамі і выставай ілюстрацый з кнігі.

Кніга вартая, каб з ёй пазнаёміліся беларускія дзеці і дарослыя. Прадуманыя і прафесійна зробленыя ілюстрацыі дапамогуць сфармаваць густ, вершы з цікавай рытмікай і калі-нікалі нечаканай расстаноўкай рыфмаў навучаць успрымаць розныя формы паэзіі, а самі звяры са сваімі маленькімі гісторыямі падораць багата нагодаў для разваг, для гутарак бацькоў і дзетак.

Інакшы

ІНАКШАГА ў сабе нашу
пад яркім апярэннем.
Ён часам уздымае шум:
«Пусці, прашу!
Пусці, прашу!»
Ён брыдкі і страшэнны.
Ён, пэўна, мне не крэўны. 

Выдавецтва KOSKA ладзіць краўдфандынг-кампанію ўпершыню. Яго заснавальніца Надзя Кандрусевіч кажа: «Кніга Ульфа Старка і Лінды Бундэстам «Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас» — незвычайная і вельмі прыгожая і тэкстамі, і малюнкамі. У ёй паказваецца прыклад разнастайнасці і іншасці. Гэта вельмі важная рэч — прымаць і бачыць разнастайнасць і іншасць у сабе і людзях навокал. Нашае выдавецтва пакуль зусім маленькае, і кнігі выходзяць не так хутка. Каб кніга пра Звяроў з’явілася бліжэйшым часам, нам вельмі патрэбная вашая падтрымка».

Аўтаркі праекта прапаноўваюць перадзамовіць кнігу па выгадным кошце або выбраць лот на свой густ: ёсць тут і сувенірная ігральная карта ад Лінды Бундэстам, на якой яна намалюе вашага ўнікальнага звера; ёсць магчымасць трапіць у госці да выдавецтва ці сустрэцца з перакладчыцай кнігі за кавай; вы можаце набыць кнігі ў дзіцячыя дамы і бібліятэкі або стаць спонсарам выдання.

Кнігу можна падтрымаць да раніцы 8 чэрвеня. Калі праект назбірае ўсю суму, увосень кніга выйдзе па-беларуску. Калі ж сума не назбіраецца, краўдфандынг-пляцоўка верне грошы ўсім, хто падтрымаў праект.

Праект ужо назбіраў 41 % дзякуючы амаль сотні зацікаўленых. Далучайцеся і вы — дапаможам разам густоўнай і вартай кнізе сустрэцца з беларускімі чытачамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера