Знайсці
29.05.2019 / 17:428РусŁacБел

«Катаванні, гамафобія, сэксізм». У Беларусі знялі аматарскі серыял пра міліцыю

Ён называецца «Сцяпаныч» і вытрыманы ў жанры трагіфарсу. Пра што ён — стваральнікі распавялі «Радыё Свабода».

Знялі серыял грамадскія арганізацыі «Прававая ініцыятыва» і «Дзея».

Сябра праўлення «Прававой ініцыятывы» і выканаўца загалоўнай ролі маёра Сцяпаныча Сяргей Усьцінаў кажа, што асноўнай мэтай аўтараў было ахапіць праблемы парушэння правоў чалавека з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у постсавецкіх краінах.

«Мы выношвалі ідэю вельмі доўга. І абралі фармат мастацкага фільма», — кажа Сяргей Усьцінаў.

Сцэнар творчая каманда пісала каля 5 месяцаў, ён не раз карэктаваўся падчас здымак. Агулам стварэнне серыялу заняло 8 месяцаў.

Ці пра Беларусь серыял? Не зусім. Дзеянне 10 серый разгортваецца ў выдуманым горадзе Комску ў Рэспубліцы Комія. Так вырашылі зрабіць, бо правы чалавека не маюць межаў і супольныя для ўсіх краін. Катаванні, гамафобія, сэксізм, непрыманне заяў аб злачынстве — гэта безумоўныя парушэнні правоў чалавека. Стваральнікі паспрабавалі пазбегнуць асацыяцый з пэўнай постсавецкай краінай. Але прызнаюцца, што цалкам гэта не выйшла.

Паводле іх, інакш праект можна было б назваць «Будні супрацоўніка паліцыі».

Кадр з серыяла «Сцяпаныч».

Уся каманда, якая працавала над праектам, складалася з 24 чалавек.

«У нас не было бюджэту, і таму каманда была абмежаваная ў выбары акцёраў, але намагаліся падысці з пэўным прафесіяналізмам. Хтосьці з актораў ужо здымаўся раней, для кагосьці «Степаныч» стаў першым такім досьведам. Таму, што ў нас не было грошай для ганарараў, я сам быў вымушаны зняцца ў галоўнай ролі», — кажа Сяргей Усьцінаў.

Сярод пазнавальных твараў — былы следчы пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска, больш вядомы як праваабаронца, Алег Воўчак, які ўжо паспеў зняцца не ў адным мастацкім фільме на крымінальную тэматыку.

Алег Воўчак (у цэнтры).

Сярод такіх дэбютантаў — выканаўца галоўнай жаночай ролі Юлія Швабовіч. Дзяўчына сканчае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «Міжнароднае права». Юлія цікавіцца правамі чалавека і супрацоўнічае з «Прававой ініцыятывай». У асноўным дзяўчына дапамагае пісаць скаргі, часцей за ўсё, на адмову ў юрыдычнай дапамозе і на катаванні.

Пробаў у класічным выглядзе не было — трэба было толькі даслаць некалькі відэа рэжысёру.

«Насамрэч, атрымалася цікавая сітуацыя: я не акцёрка і раней нічым падобным не займалася. Але атрымалася, што я стала першай, каго дакладна ўзялі здымацца ў серыяле. На той момант нават галоўны актор планаваўся іншы, а астатнія ролі толькі абмяркоўваліся», — кажа Юлія.

Зоя Нікіціна — маладая паліцэйская.

Яе гераіня Зоя Нікіціна — колішняя студэнтка. Яна толькі трапіла ў паліцыю і яшчэ не паспела пазнаёміцца з асаблівасцямі працы. Гэта зусім наіўная дзяўчына, якая верыць у закон, справядлівасць і хоча ўсім дапамагчы.

«Але з часам асімілюецца і сама ператвараецца ў монстра», — кажа Юлія.

Нягледзячы на нявопытнасць Юліі, здымкі даваліся ёй нескладана. У сярэднім было ад 5 да 10 дубляў.

Складаней за ўсё ёй давалася сцэна катаванняў.

»Катаваць» трэба было чалавека, які значна вышэйшы за мяне, ды яшчэ і мае нейкую фізічную падрыхтоўку. Выглядала проста смешна! Але ў выніку атрымалася лепш, чым я разлічвала», — кажа акцёрка-аматарка.

Усе 10 серый «Сцяпаныча» з'явяцца на YouTube-канале «Прававой ініцыятывы» 1 чэрвеня, адразу пасля прэзентацыі. Таксама серыял можна будзе паглядзець у сацсетках.

Прэзентацыя «Сцяпаныча» адбудзецца 31 траўня ў прасторы Imaguru.

Паводле Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930