Знайсці
29.05.2019 / 16:167РусŁacБел

Скандальны экс-стратэг Трампа назваў тры ключавыя геапалітычныя зоны (і мы ў адной з іх)

Цэнтральная Азія (найперш Казахстан), Паўднёва-Усходняя Азія, а таксама Усходняя Еўропа — вось тры новыя ключавыя геастратэгічныя зоны свету, лічыць Стыў Бэнан, былы стратэгічны дарадца Дональда Трампа. Прычына — «зрух тэктанічных плітаў» паміж ЗША і Кітаем.

«Гэтыя тры зоны зробяцца вельмі важнымі ў геапалітычным сэнсе ў будучыні, таму я спрабую праводзіць у іх як мага болей часу», — сказаў Бэнан пад час медыяфоруму, які праходзіў у Казахстане, піша Bloomberg.

Канфлікт паміж ЗША і Кітаем бачыцца Бэнану як экзістэнцыйны.

Трамп павінен яшчэ больш узмацніць гандлёвую вайну з Кітаем, лічыць ён, каб цалкам адрэзаць кітайскі бізнес ад амерыканскіх рынкаў капіталу і тэхналогіяў.

«Трамп не адступіцца, бо гэта канфлікт пра тое, каб фундаментальна змяніць кітайскую эканоміку, каб зрабіць іх здольнымі працаваць з свабоднымі рынкавымі эканомікамі Захаду. Таму што цяпер мы маем дзве сістэмы, якія проста не сумяшчальныя».

Бэнан быў адным з архітэктараў праграмы Трампа «Амерыка найперш», якая дазволіла яму атрымаць уладу.

Трамп прызначыў Бэнана сваім галоўным стратэгам, але ў 2017 годзе той сышоў з Белага дому і напісаў кнігу, дзе крытычна адазваўся пра свайго былога патрона. Трамп абрынуўся на экс-дарадцу з крытыкай у сваёй тыповай манеры — маўляў, Бэнан страціў не толькі працу, але і розум. 

Хоць Бэнан апошнім часам сышоў у цень, да яго думак варта прыслухоўвацца, бо ён мае нюх на глабальныя змены ў палітычнай культуры.

У 2007 годзе Бэнан быў адным з сузаснавальнікаў сайту Брайтбарт, які праз некалькі гадоў імкліва набыў папулярнасць, бо намацаў балёвы пункт амерыканскага электарату — стомленасць ад забранзавелага палітычнага істэблішмэнту і зрух настрояў у ЗША і ў свеце ў цэлым на карысць нацыяналізму з папулісцкім прысмакам.

Мэйнстрымавыя амерыканскія медыі лічаць Бэнана адыёзным маніпулятарам, аднак усё роўна ўважліва сочаць за кожным яго рухам. Сам жа сябе Бэнан называе найперш «эканамічным нацыяналістам».

Цікава, што медыяфорум у Алматы, дзе выступаў Бэнан, праходзіў пад патранажам Дарыгі Назарбаевай, старэйшай дачкі першага прэзідэнта Казахстана.

Руслан Гаёк

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930