Прэзідэнцкія выбары ў Літве выйграў Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа з жонкай Дыянай, фота Delfi.lt
У Літве адбылося галасаванне ў другім туры выбараў прэзідэнта, а таксама на выбарах у Еўрапарламент. Яўка на выбарах прэзідэнта склала 53,43%.
Пасля апрацоўкі звестак з усіх участкаў (усяго іх 1972) Гітанас Наўседа перамог з вынікам 65,86%. У Інгрыды Шыманіце — 32,86%
У першым туры Шыманіце выйграла ў Наўседы ў 0,18%, а цяпер ужо павіншавала суперніка з перамогай.
Шыманіце была міністрам фінансаў у 2009—2012 гг., яе падтрымлівае тая ж партыя, што вылучала Далю Грыбаўскайце дзесяць гадоў таму — «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты».
«Я бачу, што людзі паверылі. Так што цяпер самае дрэннае, што можа адбыцца — калі мы падарвем давер людзей. Я буду рабіць усё і я спадзяюся, што мая каманда будзе рабіць усё, аддасць усе сілы Літве, каб не здарылася так, каб людзі расчараваліся ў палітыцы наогул», — сказаў ён.
«Па сваіх чалавечых якасцях я адрозніваюся ад прэзідэнта Далі Грыбаўскайце», — падкрэсліў Науседа.
Наўседа — беспартыйны, яму 19 мая споўнілася 55 гадоў. Быў дарадцам кіраўніка Банка Літвы, з 2008 па 2018 год дарадцам прэзідэнта SEB Bankа, а ў 2004—2009 гг. дарадцам прэзідэнта Валдаса Адамкуса.
Пасля першага тура Наўседа заявіў, што Літва хацела б «вельмі дружалюбных адносін з Беларуссю, заснаваных на эканамічным развіцці, заснаваных на лагістыцы, на транспартнай інфраструктуры… Ёсць шмат пытанняў, якія б мы маглі абмеркаваць на розным узроўні — міністэрстваў, міністраў, і магчыма, не магу гэта выключаць, магчыма, і на вышэйшым палітычным узроўні».
Наўседа тады дадаў, што тэма БелАЭС не павінна поўнасцю зацямніць адносіны паміж Вільняй і Мінскам, бо Літве важна захаваць Беларусь незалежнай ад Расіі.