Даслаць навіну
Знайсці
25.05.2019 / 11:13 13

Як дачка Пуціна, усходазнаўца па спецыяльнасці, абараніла дысертацыю па матэматыцы 

Кацярына Ціханава, якую СМІ называюць малодшай дачкой прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, у пятніцу стала кандыдатам фізіка-матэматычных навук. За прысваенне ступені рада прагаласавала аднагалосна, ніхто з прысутных на абароне не крытыкаваў працу, а адзіны навуковец, у якога былі пытанні да дысертацыі, на абарону патрапіць не змог, піша Бі-бі-сі.

Абаранялася Ціханава ў МДУ ім. Ламаносава, адным з навуковых кіраўнікоў працы быў рэктар універсітэта Віктар Садоўнічы. Ён па сумяшчальніцтве загадчык кафедры матэматычнага аналізу на механіка-матэматычным факультэце МДУ.

Інстытут механікі МДУ, дзе праходзіла абарона, - НДІ са складаным прапускным рэжымам. Прайсці туды можна толькі па пропуску супрацоўніка або студэнта-практыканта, або па загадзя зацверджаным спісе.

Разам з журналістамі трапіць у будынак спрабаваў і пажылы мужчына, які прадставіў як Гіві Гаргіладзэ, прафесар Інстытута медыка-біялагічных праблем РАН. Ён распавёў, што тэма дысертацыі Ціханавай - даследаванне работы вестыбулярнага апарата ў касманаўтаў - уваходзіць у сферу яго навуковых інтарэсаў. Але, да здзіўлення вучонага, трапіць у будынак без пропуску ён не змог (трапіць на абарону можна, калі дысрада ўнясе жадаючых у спецыяльны спіс).

Гаргіладзэ звярнуў увагу, што ўсе публікацыі Ціханавай зробленыя ў суаўтарстве, цалкам самастойных работ у яе няма. Акрамя таго, яго бянтэжыць, што Ціханава матэматык, а даследаванне вестыбулярнага апарату патрабуе дэталёвага ведання будовы мозгу. У выніку ён апынуўся ў гэты дзень адзіным навукоўцам, хто задаваў хоць нейкія пытанні і крытыкаваў работу Ціханавай. Праўда, з прыступак НДІ.

Невялікая зала, дзе праходзіла абарона, была цалкам забітая: паслухаць абарону Ціханавай прыйшлі каля ста чалавек, сярод якіх быў дзясятак журналістаў.

Ціханава ўвайшла ў залу роўна ў чатыры, ёй падарылі кветкі. Яна прыйшла ў суправаджэнні Садоўнічага, ніхто з яе блізкіх сваякоў на абарону не прыйшоў.

Ціханава прадстаўляла сваю дысертацыю па тэме «Матэматычныя задачы карэкцыі актыўнасці вестыбулярных механарэцэптараў» каля паўгадзіны. Пасля выступу ёй задалі толькі адно ўдакладняючае пытанне.

Першым пасля гэтага слова ўзяў яе навуковы кіраўнік рэктар Садоўнічы. Ён упершыню распавёў, што Ціханава па адукацыі ня матэматык і ня фізік, а ўсходазнавец. Раней афіцыйнай інфармацыі аб адукацыі Ціханавай не было. Па словах Садоўнічага, у 2009 годзе яна скончыла Інстытут краін Азіі і Афрыкі МДУ і стала спецыялістам па Японіі.

«Я не пачатковец у падрыхтоўцы кандыдатаў і дактароў навук, але я хачу адзначыць выключную працавітасць і талент дысертанта. …Мы атрымліваем годнага спецыяліста ў вельмі складанай тэматыцы, такіх навукоўцаў не так шмат», - нахвальваў Садоўнічы.

Другі навуковы кіраўнік дысертацыі Уладзімір Аляксандраў адзначыў актуальнасць праведзенага даследавання: «З улікам апошніх здарэнняў ў аэрапорце Шарамеццева частку віны трэба ўскласці на навучальныя цэнтры для пілотаў, дзе адсутнічаюць сучасныя трэнажоры».

Апанент Уладзімір Салаўёў, былы касманаўт, адзначыў, што праца «цікавая, патрэбная, складаная, дыхтоўная». Іншы апанент, Інэса Казлоўская (галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута медыка-біялагічных праблем), сказала, што «праца добра аформленая, любоўна». «Прадумана малюнкі. Для жанчын гэта важна», — падкрэсліла яна.

Ціханава ў заключным слове пагадзілася з усім сказаным і падзякавала. Яна пацвердзіла, што на дысертацыю яе натхніў акрабатычны рок-н-рол. «Дзякуй, што далі мне магчымасць заняцца тым, што і практычна, і рамантычна», - сказала Ціханава.

За прысваенне навуковай ступені кандыдата навук Ціханавай прагаласавалі ўсе 18 членаў рады. Адразу пасля галасавання Ціханава ў суправаджэння Садоўнічага імкліва пакінула аўдыторыю. Пакуль яна выходзіла, група маладых людзей, вонкава не падобных да студэнтаў мехмата, арганізавана выстраіліся ля выхаду з аўдыторыі і адгарадзілі праход для журналістаў - гэтак жа, як яны зрабілі падчас перапынку на галасаванне членаў рады па дысертацыі.

 Пра тое, што Ціханава даводзіцца малодшай дачкой прэзідэнту Пуціну, у 2015 годзе распавялі агенцтва Рэйтэр і Блумберг. Некалькі крыніц Бі-бі-сі таксама пацвярджалі гэтую інфармацыю. У прэс-рэлізе міністэрства фінансаў ЗША ад 6 красавіка 2018 года Ціханава названая дачкой расейскага прэзыдэнта. Сам Пуцін ніколі не пацвярджаў, але і не абвяргаў сваяцтва з ёй.

Тое, што навуковым кіраўніком Кацярыны Ціханавай быў асабіста рэктар МДУ - гэта незвычайна і вельмі ганарова. Садоўнічы нячаста выступае навуковым кіраўніком дысертацый, з 2009 года дысертацыя Ціханавай - чацвёртая па ліку.

Дысертацыя Ціханавай прысвечана таму, як адкарэктаваць сігналы вестыбулярнага апарата, што паступаюць у мозг і аднавіць нармальнае пачуццё раўнавагі ва ўмовах нязвыклай гравітацыі або ў выпадку хваробы. Яе распрацоўка павінна дапамагчы у прыватнасці лётчыкам і касманаўтам.

Напярэдадні абароны 23 мая гэтага года Садоўнічы ў гутарцы з «Коммерсантом» назваў Ціханаву сваёй асьпіранткай і прадказаў ёй «бліскучую абарону» дысертацыі. Распрацоўку Ціханавай ён назваў аналагічнай сваёй - трэнажорам па стымуляцыі вестыбулярнага апарата для касманаўтаў. Але, па яго словах, калі яго трэнажор быў заснаваны на механічнай стымуляцыі, то трэнажор Ціханавай - на гальванічнай. За сваю працу Садоўнічы, паводле яго слоў, атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 2015 годзе стала вядома, што кампанія «Інапрактыка», створаная на базе структур МДУ, пад кіраўніцтвам Ціханавай распрацоўвае канцэпцыю праекта «даліны МДУ». Рэктар Віктар Садоўнічы ў 2015 годзе на сустрэчы з Пуціным ацэньваў кошт «даліны» ў 110 млрд руб.

«Інапрактыка» працуе на базе фонду «Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё» і «Цэнтра нацыянальнага інтэлектуальнага рэзерву» (структурнае падраздзяленне МДУ). Фонд быў зарэгістраваны ў снежні 2012 года. З тых часоў ён зарабляў на дзяржзамове, атрымаўшы з 2014 года дзяржкантракты на суму больш за мільярд рублёў на навуковыя распрацоўкі, у асноўным звязаныя з геалогіяй. Галоўны заказчык фонду - «Раснафта» і яе «дачка» «Арктычны навуковы цэнтр».

Кацярына Ціханава таксама вядомая як спартсменка, якая прафесійна займаецца акрабатычным рок-н-ролам. Яна выйгравала медалі на чэмпіянатах Расіі, Еўропы і свету.

Зараз Ціханава — адна з віцэ-прэзідэнтаў Сусветнай канфедэрацыі рок-н-ролу. Яна таксама ўзначальвае міжнародны камітэт расійскай федэрацыі ў гэтым відзе спорту.

0
Алесь / адказаць
25.05.2019 / 20:18
У альфа-самца павiнны быць альфа-дзеткi. Такi закон прыроды й аутакратыi. У Беларусi, напрыклад, расце генiяльны пiянicт i дыпламат...
8
Брыдкая пачвара / адказаць
25.05.2019 / 23:17
Звыклы беларус, адкуль ты ведаеш мэты і натхненні шчырых і сапраўдных беларусаў,бо ў цябе нік беларускі толькі, а нутранка яўна не наша, не беларуская
0
Яугенi / адказаць
27.05.2019 / 10:14
А чего сразу не докторскую? А там и в академию наук\ одной бездарью больше одной меньше\ . Надеются что путин оценит- глядишь и подкинет трохи.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30