Знайсці
24.05.2019 / 11:2316РусŁacБел

Ярмошына прапанавала не прызначаць, а выбіраць кіраўнікоў сельвыканкамаў

У новай перадачы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка «У абстаноўцы міру» на тэлеканале СТБ госцяй была старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Марзалюк успомніў, што ў сваім Пасланні да народа і парламента Лукашэнка сказаў, што не хацеў бы пакінуць свайму пераемніку цяперашнюю Канстытуцыю. «Што неабходна змяніць у Канстытуцыі?» — спытаў Марзалюк.

У Беларусі трэба абіраць кіраўнікоў сельскіх і пасялковых выканаўчых органаў, а затым, калі гэта спрацуе, пераходзіць да выбараў кіраўнікоў раёнаў і мэраў гарадоў, адказала Ярмошына.

«Нам трэба пераходзіць на больш канкрэтнае мясцовае самакіраванне. Я даўно выступаю за тое, каб сельскія і пасялковыя саветы былі скасаваныя. Гэта чыста дэкаратыўныя пасады. Я выступаю за тое, каб мы абіралі кіраўнікоў гэтых органаў. Гэта будзе адначасова і выканаўчая, і прадстаўнічая ўлада ў рэгіёне.

Давайце паглядзім, як гэта пойдзе. Калі добра, то можа мы пяройдзем на ўзровень раёнаў, гарадоў. І ў нас будуць абраныя мэры», — адзначыла кіраўніца Цэнтравыбаркама.

Марзалюк падтрымаў гэтыя словы Ярмошынай. Маўляў, чалавек будзе лепш працаваць, калі будзе адчуваць, што ён абраны.

Ярмошына адзначыла, што зрабіць гэта можна будзе толькі змяніўшы Канстытуцыю. 

Ярмошына назвала таксама некаторыя іншыя нормы ў выбарчым кодэксе, якія, на яе думку, патрабуюць змены.

«Я магу казаць толькі пра раздзелы 3 і 4 аб правядзенні выбараў і рэферэндумаў, там сапраўды ёсць састарэлыя нормы. Яны не замінаюць праводзіць выбары, але можна памяняць. Там ёсць нормы з яшчэ савецкай сацыялістычнай, нават сталінскай, Канстытуцыі. Гэта норма аб абмежаванні выбарчых правоў грамадзян, які знаходзяцца пад арыштам да вынясення прысуду. То бок фармальна невінаватыя людзі не ўдзельнічаюць у выбарах. Але парадокс: яны могуць вылучацца кандыдатамі ў прэзізэнты і дэпутаты, ніякіх абмежаванняў няма», — кажа Ярмошына.

Сапраўды, быў выпадак у 2006 годзе, калі з СІЗА кандыдатам у прэзідэнты спрабаваў стаць палітвязень Сяргей Скрабец.

Старшыня ЦВК сказала, што састарэла паняцце «працоўныя калектывы», якія могуць вылучаць кандыдатаў у дэпутаты.

«Гэта паняцце працоўныя калектывы адсутнічае цалкам у грамадзянскім заканадаўстве. Няма ніводнага закона, які дае расшыфроўку, што такое працоўны калектыў. Увесь свет адышоў ад гэтага: вытворчасць і палітыку не блытаюць», — расказала ў эфіры старшыня ЦВК.

«Калі мы хочам перайсці да змешанай выбарчай сістэмы, прапарцыйнай выбарчай сістэмы, то нам трэба адыходзіць ад інстытута адклікання дэпутатаў. Пакуль ён існуе, у нас немагчыма ўвесці партыйныя спісы», — адзначыла Ярмошына.

У сваю чаргу, Ігар Марзалюк паўтарыў дзве думкі Лукашэнкі. Заканадаўчая ўлада павінна ў будучыні браць большыя паўнамоцтвы на сябе, сказаў ён. Таксама ён падкрэсліў, што парламент «мусіць быць дыскусійнай пляцоўкай».

Кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў да 1996 года ў Беларусі выбіралі. Аднак з пераходам краіны да асабістай дыктатуры прызначаць мясцовых кіраўнікоў стаў наўпрост кіраўнік дзяржавы.

Роля сельвыканкамаў мінімальная і фармальная, яны цалкам залежаць ад органаў улады вышэйшага ўзроўню.

Варта адзначыць, што паводле Канстытуцыі, парламент — гэта орган заканадаўчай улады. Аднак у рэальнасці ў яго, як і ў мясцовыя саветы, трапляюць толькі людзі па загадзя вызначаным спісе і парламент ніколі не аспрэчвае рашэнняў выканаўчай улады.

Чытайце таксама: Вы ідзяце галасаваць? А спіс дэпутатаў ужо вядомы

СГ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930