Знайсці
27.05.2019 / 10:223РусŁacБел

Пра што пішуць буйныя беларускія бізнэсоўцы ў сацыяльных сетках

У сацсетках можна пачытаць развагі палітыкаў, літаратараў, блогераў і іх рэакцыі на падзеі ў Беларусі і свеце. А вось бізнэсоўцы, асабліва калі ў іх буйныя прадпрыемствы, не так часта лічаць за лепшае выказвацца. 

Мы паглядзелі, пра што пішуць такія ўплывовыя ў свеце бізнэсу людзі, як Віктар Пракапеня і Леанід Томчын, Улад Луневіч і Віктар Бабарыка, у сваіх сацыяльных сетках. 

Віктар Пракапеня: віншуе з Днём Волі і падтрымлівае Tut.by

Вядомы айцішнік, заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня карыстаецца фэйсбукам не дужа часта, але дастаткова ўдала. Звычайна ягоныя пасты набіраюць шмат лайкаў і перапостаў.

Апошні вялікі допіс Віктара Пракапені быў датаваны жніўнем мінулага года. Прадпрымальнік не пабаяўся ўстаць на абарону партала Тut.by, калі ў іх рэдакцыю прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Следчага камітэта.

«Менавіта журналісты дазваляюць нам бачыць, што насамрэч адбываецца, што важна, што мае значэнне і што патрабуе ўвагі. Калі яны будуць прачынацца па начах 10 разоў ад стрэсу, то мы страцім гэтую самую далікатную сувязь і здольнасць размаўляць паміж сабой. Журналісты — гэта тыя людзі, якія звяртаюць увагу грамадства на праблемы і дазваляюць іх вырашаць. Гэта цяжкая праца, ад якой шмат у чым залежыць, як мы жыць будзем. Грамадства павінна стасавацца, інакш мы страцім сувязь з рэальнасцю. Гэта немінучы шлях да катастрофы», — напісаў Пракапеня. Той ягоны допіс набраў больш за тысячу лайкаў.

Пракапеня падтрымаў допісам і справай праект відэагутарак, які пачала журналістка Настасся Баранцава. Ён не проста прарэкламаваў інтэрв’ю з сабой, але і паабяцаў чалавеку, які прапануе самага цікавага суразмоўцу і складзе пытанні да яго, гадзіннік Garmin Fenix 5s, які мерае пульс і ўзровень стрэсу.

На Дзень роднай мовы Пракапеня адгукнуўся такім допісам у сваёй стужцы: «Беларусы — вы неверагодныя! Быў момант, калі я страціў веру ў тое, што ў Беларусі можна ствараць грамадзянскую супольнасць, якая будзе актыўна ўдзельнічаць у жыцці краіны. Але я атрымаў ад вас сотні ідэй па паляпшэнні ўмоў адукацыі ў Беларусі i ў мяне ўжо няма сумневаў. Я за доўгі пералёт прачытаў амаль усе вашыя прапановы і неверагодна ўражаны. Мы атрымалі лiсты ад велізарнай колькасці выкладчыкаў, настаўнікаў, кіраўнікоў — самых розных беларусаў. Цяпер я ўпэўнены: у нашай краіне жывуць сапраўды разумныя, актыўныя людзі, якія могуць і хочуць». Гэты пост Віктар Пракапеня напісаў па-беларуску.

На Дзень Волі Пракапеня адзначыўся яшчэ адным караценькім допісам на беларускай мове: «Са святам, беларусы».

 

Леанід Томчын: пра сумленне і яўрэйскую спадчыну

«Турбуйцеся больш пра сваё сумленне, чым пра сваю рэпутацыю. Таму што тваё сумленне — гэта тое, чым ты ёсць, а твая рэпутацыя — гэта тое, што думаюць пра цябе іншыя. А тое, што яны думаюць пра цябе, — гэта іх праблема», — гэта цытата са старонкі старшыні Рады дырэктараў холдынга «Аптэка-груп» Леаніда Томчына.

Уласнік найбуйнейшай сеткі недзяржаўных аптэк Томчын вядзе адметны і яркі фэйсбук. «Калі часта глядзець расійскае ТБ, то атрымаецца, што Расія — гэта маленькая краіна, якая з усіх бакоў акружаная Украінай», — змяшчае Томчын на сваёй старонцы іранічную цытату расійскага акцёра Валянціна Гафта.

Віцебскі бізнэсмен прыцягвае да сябе ўвагу не толькі адкрытай грамадзянскай пазіцыяй (напрыклад, асуджэннем сталінскіх рэпрэсій), але і яркімі крокамі на сваім прадпрыемстве. Напрыклад, ягоная аптэчная сетка адмыслова пачала браць на працу пенсіянераў, каб паказаць, як можна змагацца з эйджызмам.

Шмат увагі спадар Томчын надае пытанням яўрэйскай спадчыны Беларусі. Напрыклад, у пачатку года ён паставіў сабе на аватарку «Мы помнім. Тыдзень памяці ахвяраў Галакосту». Бізнэсовец быў сярод тых, хто ініцыяваў адраджэнне традыцыі чытання Торы ў віцебскай сінагозе. «Мы гэта зрабілі!» — так пракаментаваў ён гэтую навіну. Увогуле, Томчын актыўна бярэ ўдзел у грамадскім жыцці сінагогі «Оэль Давід».

Зусім не дзіўна, што важным пунктам у памяці Леаніда Томчына застаецца Другая сусветная вайна. Ён памятае пра ахвяраў Халакосту, а перамогу лічыць адной з найважнейшых падзей у гісторыі нашай краіны. 

Іван Міхневіч: кіпрская рэальнасць

Іван Міхневіч быў адным з заснавальнікаў кампаніі Wargaming. Апошнімі гадамі жыве на Кіпры. Штодзённасць гэтага вострава Міхневіч прымае вельмі блізка да сэрца. У 2017 годзе ён пайшоў у кіпрскую палітыку. Бізнэсовец разам з паплечнікамі заснаваў партыю «Эга а паліціс» («Я — грамадзянін»). Кіраўніцтва партыі складаюць рускамоўныя грамадзяне Кіпра, лідарам з’яўляецца ўраджэнец Урала — Аляксей Валабоеў.

У сваіх інтэрв’ю бізнэсовец казаў, што спрабуе змяніць Кіпр, а не радзіму, бо ў «Беларусі гэта ў прынцыпе немагчыма». Менавіта пра Кіпр і піша Міхневіч на сваіх старонках у сацсетках. За апошні год на Кіпры адбылося некалькі забойстваў мігрантаў. Вядома, што «руская партыя» адразу ўчапілася ў гэта, каб крытыкаваць улады.

«Як свецкая ўлада (прэзідэнт), так і рэлігійная ўлада (архіепіскап) дэманструюць жахлівую абыякавасць і неразуменне пачуццяў і эмоцый свайго народа. Для аднаго — гэта халатнасць і непрафесіяналізм, для другога — чэрствасць і чалавеканенавісніцтва, недапушчальныя для хрысціяніна. Шматлікія забойствы, учыненыя пры папушчальніцтве і халатнасці ўладаў, якія так абурылі народ, — гэта нязручнае для аднаго, і нязначнае — для другога. Такія людзі не маюць маральнага права быць лідарамі свайго народа», — напісаў у пачатку мая Міхневіч. Праўда, пад гэтым допісам ён сабраў усяго тры лайкі.

Вельмі шмат і іншых падобных допісаў. Выглядае, што на сёння гэта асноўная тэма, на якой партыя «Я — грамадзянін» спрабуе зарабіць свой палітычны капітал. «Знаходжанне іншаземцаў з ЕС ці трэціх краін на тэрыторыі Рэспублікі Кіпр — на свой страх і рызыку. Паліцыя ў краіне дэ факта не цікавіцца забойствамі іншаземцаў. На сённяшні дзень ні адзін паліцэйскі, які тармозіць працэс, не панёс ніякай адказнасці!» — такія эмоцыі ў Міхневіча выклікала забойства ў Кіпры латвійскага падлетка.

Зрэшты, часам Міхневіч адпачывае ад палітыкі і можа запосціць нешта незвычайнае з жыцця на паўднёвай выспе. Напрыклад, у сярэдзіне красавіка на Кіпры выпаў снег. Прычым не ў гарах, а недалёка ад мора. Бывае і такое.

А вось беларуская рэальнасць для Івана Міхневіча становіцца ўсё менш прываблівай і цікавай, таму і допісаў на гэтую тэму амаль няма. 

Віктар Бабарыка: палітычная сатыра і краўдфандынг

Актыўны ў сацыяльных сетках і старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка. Напрыклад, ён можа абсалютна спакойна ўзяць і змясціць жартаўлівы плакат дызайнера Уладзіміра Цэслера аб тым, як бы выглядала гара Рашмар, калі б яна была ў Беларусі. Зразумела, чый твар там можна пабачыць.

«Вось чаму так адбываецца? Не хочаш пісаць крытычных пастоў пра нашу ІТ-краіну або высвятляць, які ж такі важкі ўклад у казну ўносяць нашы праграмісты, але тут жа месца зануды хто-небудзь і займае. І гэта не «найміты варожага свету капіталу» або «жыда-масонскай мафіі», а самая, што называецца, прагрэсіўная і праўдзівая газета «Советская Беларусь». Адкрываю дадатак да гэтай газеты «Саюз» за 07.03.19 і знаходжу ў калонцы пошта «Саюза» наступную інфармацыю.

Заробак у нашых ІТ-спецыялістаў каля 4,5 тыс. рублёў, а падаходнага падатку яны, нягледзячы на ​​льготныя стаўкі, плацяць у 3,2 разы больш. І тут жа задаюся я пытаннем: ну хіба гэта не дыверсія? Хіба гэта не жаданне зганьбіць станоўчы імідж гэтых выдатных хлопцаў?

З якой мэтай прывялі гэтыя дзве лічбы разам, калі не з падрыўной? Бо любы чалавек, нават з выдатнай адзнакай па працы і фізкультуры і тройкай па матэматыцы тут жа зробіць параўнанне: сярэдняя зарплата ў нас па краіне няхай нарэшце будзе 1 тыс. рублёў. Значыць, праграміст атрымлівае ў 4,5 разы больш. Але чаму падаткаў ён плаціць у 3,2 разы больш? Бо ў нас плоская шкала падаткаабкладання. «Дзе ж справядлівасць?» — залямантуе любы беларус?» — піша Бабарыка.

Банкір шмат піярыць ініцыятывы свайго банка, асабліва культурніцкія. Напрыклад, на Ноч музеяў «Белгазпрамбанк» рыхтаваў выставу твораў мастацтва ў Брэсце. А ў красавіку на тусовачнай вуліцы Кастрычніцкай з’явіўся новы арт-аб’ект. Яшчэ Бабарыка шмат дапамагае самым розным краўдфандынгавым праектам. А прасторай «Улей» кіруе ягоны родны сын. 

Юрый Мельнічак: Пра ПВТ і як можна купіць дом мары

Заснавальнік Maps.me Юрый Мельнічак не адстае ў сацыяльнай актыўнасці. Не так даўно ён шукаў найлепшую ёга-студыю ў Мінску, каб там была аштанга-ёга. А яшчэ выкладаў абвестку, што прадае недабудаваны дом пад Лагойскам.

«У пасёлку кругласутачная ахова, абгароджаная тэрыторыя, інтэрнэт-оптавалакно, свая глыбокая артэзіянская свідравіна з чыстай вадой і г.д. Побач каталка на сноўбордзе і вэйку, возера з пляжам, лазня (у тым ліку па-чорнаму), трэнажорная зала, рэстаран з дзіцячай групай», — так апісаў дом мары Мельнічак.

«Віншаваць з 8 Сакавіка феміністак норм ці непрыгожа?» — мабыць, іранічна пытаецца Мельнічак.

У пачатку сакавіка ІТ-шнік пісаў наступнае: «Мінулай ноччу я даведаўся, што Эрык Гундарсэн з CEO Mapbox не ўпусцілі ў Расію і дэпартавалі назад у Хельсінкі, адкуль ён прыляцеў. Ён ляцеў з Хельсінкі ў Мінск з перасадкай у Маскве, каб выступіць на Bulbacon. Аказалася, што па збегу абставінаў і памылак яго дадалі і ў беларускі спіс неўязных. У 2 гадзіны ночы я ў адчаі напісаў Усеваладу Янчэўскаму, дырэктару ПВТ, і папрасіў дапамагчы. І здзівіўся, што а 2:05 (!) ён адказаў і паабяцаў заняцца гэтым пытаннем. А рана раніцай ён звязаўся з МУС і міграцыйнымі ўладамі і выправіў сітуацыю! Эрык прыляцеў прамым рэйсам у Мінск у той жа дзень і цяпер выступае на канферэнцыі. А я стаю і думаю, што не ведаю, дзе яшчэ, акрамя Беларусі і ПВТ, гэтае пытанне магло б вырашыцца за пару гадзін. Дзякуй ПВТ і асабіста Усеваладу Янчэўскаму за такую ​​ўцягнутасць, дзякуючы якой Эрык цяпер дзеліцца сваім досведам пабудовы аднарога з прадпрымальнікамі ў Мінску», — гэты допіс набраў паўтысячы лайкаў.

Што яшчэ можна дазнацца са старонкі Мельнічка? Напрыклад, што дызайн лідскіх кедаў быў «стыраны ў адыдаса», а яшчэ ён называе адмену візаў для замежнікаў і абнаўленне ПВТ найлепшым, што адбылося ў Беларусі за апошні час.

Улад Луневіч: віно і падарожжы

Улад Луневіч адкрыў шмат прыстойных рэстаранаў і кавярняў на мінскай Кастрычніцкай вуліцы. Напрыклад, славутую блінную «Дэпо». У фэйсбуку ён выкладае свае здымкі з падарожжаў. Напрыклад, не так даўно Луневіч быў у Бельгіі і Італіі.

Пры гэтым ён не прамінае магчымасці наведацца ў рэстараны гэтых краін, каб адзначыць нешта для сябе.

Падарожнічае ён і па Беларусі. Напрыклад, фотку з Нясвіжскага замка ён падпісаў так: «Падсілкавацца энергіяй».

З ягонага інстаграма можна зрабіць выснову, што Луневіч любіць Мінск, віно і добрыя здымкі.

Зміцер Панкавец. Фота Сяргея Гудзіліна і з сацсетак

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930