Знайсці
29.08.2019 / 11:481РусŁacБел

Як працуе Азія і што не так з Кітаем

У чым сакрэт імклівага эканамічнага росту «азіяцкіх тыграў»? Працавітасць, клімат, палітычная сістэма, грамадскія інстытуты ці амерыканская дапамога? Чаму ў Паўднёвай Карэі, Японіі, Тайваня, Кітая атрымалася, а ў Інданезіі і Філіпінаў — не? У азіяцкім эканамічным буме ёсць нешта ўнікальнае ці эфект будзе спрацоўваць і ў іншых рэгіёнах? Пра кнігу «Як працуе Азія» («How Asia works») брытанскага рэпарцёра The Financial Times, выкладчыка Кембрыджа Джо Стадвэла піша Максім Маханькоў.


Каго нельга лічыць «тыграм»

Стадвэл пачынае з таго, якія краіны можна лічыць «азіяцкімі тыграмі», а якія не. На яго думку, паспяховымі з’яўляюцца ўсе краіны Паўночна-Усходняй Азіі (за выключэннем КНДР, якую аўтар разглядае як failed state — «дзяржаву, якая не адбылася»). У гэты спіс уваходзяць Японія, Карэя, Тайвань і, з пэўнымі агаворкамі, Кітай. Краіны Паўднёва-Усходняй Азіі (Інданезія, Малайзія, Філіпіны і Тайланд) нельга лічыць failed state, як КНДР, але і «тыграмі» яны не з’яўляюцца, хоць і спрабавалі паўтарыць поспех паўночных краін.

Не ўключае ў спіс «тыграў» Стадвэл і Сінгапур, Ганконг ды Макаа. Хоць гэтыя гарады-дзяржавы дабіліся поспехаў, аўтар не лічыць іх паўнавартаснымі дзяржавамі. Іх багацце забяспечваецца ў першую чаргу буйнымі партамі і гульнявым бізнэсам. Гэта вялізныя афшорныя цэнтры, якія проста высмоктваюць рэсурсы ў іншых краін — а таму яны не могуць быць прыкладам.

Што дакладна не прычына

Стадвэл пералічвае самыя папулярныя версіі прычын поспеху і адразу ж іх абвяргае.

Напрыклад, хтосьці лічыць, што для развіцця эканомікі неабходныя дэмакратыя і палітычны плюралізм. Ці, наадварот, што менавіта аўтарытарызм дазволіў «тыграм» правесці хуткую індустрыялізацыю. Але досвед Усходняй Азіі паказвае, што карэляцыі паміж узроўнем дэмакратыі і эканамічным развіццём няма.

Ёсць прыклад дэмакратычнай Японіі, якая імкліва мадэрнізавалася разам з паступовым развіццём дэмакратычных інстытутаў. А ёсць прыклад Паўднёвай Карэі, якая таксама вельмі хутка развівалася, але ажно да сярэдзіны 1980-х была яўна аўтарытарнай дзяржавай. Ёсць таксама прыклады Інданезіі і Філіпінаў. Яны паспелі пабыць і аўтарытарнымі, і дэмакратычнымі, але на эканамічны вынік гэта не паўплывала.

Яшчэ адна версія — што эканамічнае развіццё магчымае толькі ў краінах з «вяршэнствам права». Але прыклады Кітая, дзе камуністычная партыя дагэтуль уплывае на разгляд важных юрыдычных спраў, і Паўднёвай Карэі, дзе суды і таемная паліцыя на замову вялікага бізнэсу займаюцца запалохваннем і збіццём прафсаюзных актывістаў, гэта абвяргаюць.

Таксама Стадвэл не згодны, што эканамічнае развіццё вызначаюць геаграфія і клімат. Шмат людзей вераць, што паўднёвыя краіны адстаюць, бо там спякотна. А Паўночна-Усходняя Азія, маўляў, у авангардзе таму, бо там умераны клімат. Але ўспомнім досвед развітага Тайваня, які жыве ў субтрапічнай і трапічнай зонах (як і неразвітыя Філіпіны).

Першы крок — падтрымаць фермераў

На думку Стадвэла, у поспеху азіяцкіх «тыграў» амаль нічога выключна «азіяцкага» няма. Краіны гэтага рэгіёна ўсяго толькі праходзяць той этап, які краіны Захаду прайшлі ў XVIII і XIX стагоддзях.

Тайвань, Японія, Кітай, Паўднёвая Карэя — вельмі розныя, з рознай гісторыяй, але ў эканамічнай палітыцы іх аб’ядноўваюць тры фактары, дзякуючы якім яны пераскочылі ў вышэйшую лігу.

Першая прычына поспеху — зямельная рэформа. На гэтым этапе дзяржава фактычна забірае зямлю ў буйных землеўласнікаў-латыфундыстаў і пераразмяркоўвае яе сярод звычайных фермераў. Такім чынам ствараюцца высокаканкурэнтныя дробныя фермерскія гаспадаркі. Прадукцыйнасць працы ў такіх гаспадарках значна вышэйшая. Калі зямля належала латыфундыстам, а дробныя фермеры працавалі на арандаванай зямлі, у сялян не было стымулаў вырабляць больш, таму што гэта амаль не ўплывала на іх дабрабыт. Было мала стымулаў і ў буйных землеўласнікаў-латыфундыстаў, бо яны маглі спакойна жыць, проста здаючы дзялянкі ў арэнду.

Пасля таго, як дзяржава стварае ўмовы для канкурэнцыі дробнага фермерства, сяляне істотна павялічваюць ураджайнасць. З’яўляецца лішак харчовых прадуктаў, які можна накіраваць у гарады альбо экспартаваць. Грошы ад экспарту можна выкарыстаць для індустрыялізацыі. Фермеры, якія гандлююць вынікамі сваёй працы, таксама багацеюць. Яны становяцца спажыўцамі прамысловай прадукцыі, што дае для індустрыялізацыі дадатковы імпульс.

Роля дзяржавы — не проста раздаць зямлю фермерам, але зрабіць так, каб зямля праз нейкі час зноў не апынулася ў руках латыфундыстаў. Таксама дзяржава павінна стварыць для фермераў добрую інфраструктуру для перавозкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, курсы павышэння кваліфікацыі і абмену досведам, крэдыты для куплі тэхнікі, угнаенняў і г. д.

Усе азіяцкія «тыгры» пачыналі менавіта з зямельных рэформаў. І правялі іх рашуча ды паслядоўна, абапіраючыся на заходні досвед. А вось краіны Паўднёва-Усходняй Азіі свае зямельныя рэформы правалілі. Падзел зямлі там быў толькі фармальны. Адгэтуль і іншы вынік.

Другі крок — падтрымаць інаватараў і стымуляваць экспарт

На працягу ўсёй кнігі Стадвэл бязлітасна і з’едліва крытыкуе міжнародныя фінансавыя арганізацыі (кшталту Міжнароднага валютнага фонду) і ўрады багатых дзяржаў, якія рэкамендуюць бедным краінам адмовіцца ад розных субсідый для прамысловых прадпрыемстваў і дэрэгуляваць эканоміку.

Сярод міжнародных фінансавых структур пануе думка, што толькі свабодны рынак зможа дапамагчы бедным краінам выйсці з галечы. Стадвэл мяркуе, што такія парады вельмі шкодныя для краін, якія развіваюцца. Бо калі для развітых постындустрыяльных краін свабодны рынак сапраўды з’яўляцца неабходным, то бедныя аграрныя дзяржавы, наадварот, павінны абараняць сваю прамысловасць і даваць ёй субсідыі. Але падтрымліваць трэба толькі тыя кампаніі, якія выпускаюць высокаканкурэнтную прадукцыю на экспарт.

І толькі калі краіна стварыла свае транснацыянальныя карпарацыі, здольныя прадаваць на сусветныя рынкі высокатэхналагічную прадукцыю, прыдумляць і ўкараняць уласныя інавацыі, толькі тады можна памяншаць ролю дзяржавы і ўводзіць «англа-саксонскую мадэль рынку», калі роля дзяржавы мінімальная. Перад тым, як зрабіць рынак свабодным, дзяржава ў партнёрстве з бізнэсам павінна яго пабудаваць. Тое самае рабілі і еўрапейскія краіны падчас сваёй індустрыялізацыі ў XVIII—ХІХ стагоддзях.

Але хіба не так рабіў СССР, які праводзіў прымусовую індустрыялізацыю, ці сучасная Беларусь, якая ўкладае велізарныя грошы ў МАЗ і іншыя прамысловыя гіганты, якія належаць дзяржаве? Не, не так.

Па-першае, Японія, Карэя, Тайвань, а з канца 1970-х і Кітай не былі эканамічна ізаляванымі, як СССР. Яны гандлявалі са знешнім светам, пазычалі ў яго грошы, пераймалі і нават кралі тэхналогіі, а самае галоўнае — патрабавалі ад сваіх кампаній прадаваць прадукцыю на экспарт. І не займаліся імпартазамяшчэннем, як гэта робяць сёння ў Беларусі.

Карэя, Японія, Тайвань і Кітай не абмяжоўвалі імпарт, а стымулявалі экспарт.

Па-другое, дзяржаўная падтрымка прадпрыемстваў наўпрост залежала ад памераў экспарту. У азіяцкіх «тыграў» была сапраўдная экспартная дысцыпліна. Яркі прыклад — Паўднёвая Карэя. Спачатку яна стварыла некалькі аўтамабільных заводаў, прымусіўшы іх экспартаваць аўтамабілі. Тым, у каго гэта атрымлівалася, дзяржава дапамагала, а кампаніі-няўмекі спецыяльна ліквідавала. У выніку ў Карэі з’явіўся аўтамабільны гігант Hyundai.

У Беларусі дзяржаўная падтрымка МАЗа і іншых прадпрыемстваў ніяк не прывязаная да іх экспартных паказчыкаў. Гэтаксама было ў «няўдахаў» Інданезіі і Малайзіі: тут дзяржава таксама давала вялікія субсідыі сваім вытворцам, але не прымушала экспартаваць прадукцыю. Яны абыходзіліся ўнутраным рынкам, таму іх прадукцыя на глабальным узроўні была неканкурэнтаздольнай.

Хоць у багатых заходніх постындустрыяльных краінах на першую ролю замест прамысловасці выйшлі сферы паслуг і IT, Стадвэл мяркуе, што бедныя краіны не змогуць ліквідаваць сваю адсталасць, абапіраючыся толькі на гэта. Ім усё адно жыццёва неабходна развіваць сваю прамысловасць. Па-першае, паслугі немагчыма экспартаваць у такіх памерах, як прадукцыю прамысловасці. Па-другое, у сферы IT працуе мізэрная колькасць людзей, і глабальна гэты сектар на эканоміку краіны амаль не ўплывае.

Трэці крок — умяшацца ў фінансавы рынак

«Фінансавая палітыка набывае вагу, калі можа накіраваць абмежаваныя рэсурсы краіны ў патрэбнае рэчышча», — піша Стадвэл. Калі коратка, то Цэнтрабанк дае льготныя пазыкі банкам, што крэдытуюць вытворцаў, якіх падтрымлівае дзяржава. Даходзіла да таго, што ў Японіі і Карэі профільныя чыноўнікі ўказвалі такім кампаніям, як Toyota і LG, якую прадукцыю яны павінны выпускаць, каб атрымаць танны крэдыт.

Дэпазітная стаўка абмяжоўвалася і была ніжэйшай за ўзровень інфляцыі ў краіне, а ўзятыя з розніцы сродкі накіроўваліся на вытворчасць.

Акрамя таго, Паўднёвая Карэя шмат пазычала на міжнародных рынках і ўлівала ў свае карпарацыі. Бралі так шмат пазык, што МВФ і Сусветны банк пастаянна панікавалі і прадказвалі хуткі дэфолт. Але дзякуючы экспартнай дысцыпліне карэйцы атрымлівалі пастаянны прыток валюты і разлічваліся з даўгамі.

Стадвэл даказвае, што краінам, якія развіваюцца, нельга дэрэгуляваць фінансавыя рынкі і ліквідаваць умяшанне дзяржавы. У бедных дзяржавах гэта прыводзіць да надзімання бурбалкі нерухомасці.

Прыклад — Інданезія, якая, як і азіяцкія «тыгры», фінансава дапамагала свайму бізнэсу. Пасля парад міжнародных арганізацый умяшальніцтва дзяржавы ў бізнэс істотна скарацілася. У выніку грошы ішлі мясцовым алігархам, якія нажываліся на манапалізме ўнутранага рынку (экспартнай дысцыпліны не было) і не думалі ўкладаць у тэхналагічнае развіццё. Замест гэтага яны ўкладалі даходы ў люксавую нерухомасць.

Дайшло да таго, што ў канцы 1980-х цэнтр Джакарты, сталіцы Інданезіі, быў забудаваны люксавай нерухомасцю. У тыя часы сталіца прамыслова развітай Карэі, Сеул, была проста бедным і бляклым гарадком. Але ў 1997—1998 гадах, падчас Азіяцкага фінансавага крызісу, бурбалка нерухомасці лопнула.

Панарама сталіцы Паўднёвай Карэі — Сеула. У цэнтры — галоўны дзелавы квартал. Фота: shutterstock, by Moses Sye.

Тайланд, Інданезію і Філіпіны падштурхнулі да фінансавай дэрэгуляцыі занадта рана, і гэта абярнулася катастрофай. А вось Паўднёвая Карэя правяла дэрэгуляцыю фінансавага рынку ўжо пасля таго, як стварыла моцныя прамысловыя транснацыянальныя кампаніі.

А што Кітай?

Хоць Кітай і ставяць у адзін шэраг з іншымі «тыграмі» (Японіяй, Карэяй, Тайванем), сітуацыя там спецыфічная. На думку Стадвэла, пакуль што заўчасна казаць, наколькі Кітай паспяховы.

З усіх «тыграў» ён пачаў рэформы найпазней, толькі ў канцы 1970-х, таму яму яшчэ давядзецца прайсці шлях, які ўжо даўно прайшлі Японія, Паўднёвая Карэя і Тайвань.

Пакуль што Кітай за кошт велізарных інвестыцый здольны пераймаць і красці замежныя тэхналогіі. Але

ці здольны будзе Кітай сам ствараць інавацыйныя прадукты — пытанне адкрытае. Нядаўні паказальны прыклад — кітайская сетка хуткаснай чыгункі. Кітай разгарнуў яе па ўсёй краіне, а таксама распрацаваў спецыяльныя цягнікі. Хадзілі гэтыя цягнікі нават хутчэй, чым французскія ці японскія. Гэта ўсё выдавалася за ўласную інавацыйную тэхналогію. Але хутка аказалася, што ніякіх кітайскіх інавацый не было. Кітайцы проста запазычылі замежныя тэхналогіі, а хуткасць цягнікоў павысілі за кошт змяншэння патрабаванняў да бяспекі.

Кітай гіганцкі і можа дазволіць сабе маштабныя праекты. Але ВУП на душу насельніцтва па парытэце купчай здольнасці там нават меншы, чым у Беларусі. За дзесяцігоддзі рэформаў Кітай так і не стварыў сусветна вядомых транснацыянальных карпарацый, якія б на аснове ўласных інавацыйных распрацовак выраблялі якасны тавар, вядомы на сусветным рынку. Выключэннем з’яўляецца хіба што сфера тэлекамунікацый.

Кітай дасягнуў поспехаў у кіраванні дзяржаўнымі прадпрыемствамі, але сітуацыя з прыватнымі не такая пазітыўная. Яны дагэтуль пазбаўленыя дзяржаўнай падтрымкі, таму ім цяжка канкураваць на сусветным рынку.

Цяжка жыць і кітайскім вяскоўцам. Калі ў Японіі і Паўднёвай Карэі ўзровень жыцця гараджан і вяскоўцаў прыкладна аднолькавы, то ў Кітаі расслаенне проста катастрафічнае — вяскоўцы ўтрая бяднейшыя за гараджан. Хоць у Кітаі і прайшла зямельная рэформа, у выніку якой замест калгасаў сяляне сталі працаваць на сямейных фермах, сітуацыя ў сельскай гаспадарцы далёкая ад ідэальнай. Зямля, на якой працуюць кітайскія фермеры, юрыдычна ім не належыць, яны не могуць ёй гандляваць па рынкавай цане.

І апошні фактар, які ставіць далейшы рост Кітая пад сумнеў, — дэмаграфічны. Калі Карэя, Японія і Тайвань імкліва развіваліся, у іх была вельмі высокая нараджальнасць, што пазітыўна для эканомікі: шмат моладзі, працоўных рук, і вельмі мала пенсіянераў. Толькі пасля таго, як гэтыя краіны дасягнулі высокага ўзроўню эканамічнага развіцця, нараджальнасць там істотна зменшылася. У Кітая іншая сітуацыя. З насельніцтвам, якое хутка старэе, яму цяжка будзе падтрымліваць цяперашнія тэмпы эканамічнага росту.

Таксама Стадвэл звяртае ўвагу, што якасць жыцця чалавека і прагрэс грамадства вызначаюцца не толькі эканамічным развіццём. Эканамічнае развіццё — гэта толькі адзін са складнікаў развіцця грамадства. Іншыя чыннікі, звязаныя са свабодамі і правамі чалавека, экалогіяй і г. д., таксама важныя. А Кітай застаецца адсталай і карумпаванай дзяржавай.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера