Знайсці
21.05.2019 / 12:093РусŁacБел

Віцебскага псіхіятра-праўдаруба Пастнова асудзілі на тры гады «хіміі» — за паклёп на пракурора

Тры гады абмежаваньня свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — такі вырак быў агучаны 20 мая ў дачыненьні віцебскага «доктара-праўдаруба» Ігара Пастнова. Яго прызналі вінаватым у паклёпе на пракурора горада Віцебска Юрыя Раманоўскага. Прысуд не набыў пакуль законнай сілы, піша Віцебская вясна.

Суд Бешанковіцкага раёну пад старшынёўствам судзьдзі Натальлі Рошчынай прызнаў вінаватым Ігара Пастнова «ў распаўсюдзе заведама ілжывых выдумак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп), разьмешчаных у глябальнай сетцы Інтэрнэт», і на падставе ч.2 арт. 188 КК Рэспублікі Беларусь пакараў яго абмежаваньнем свабоды на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Паводле выраку суду, выпраўленьне абвінавачанага «магчымае толькі шляхам ускладаньня абавязкаў, якія абмяжуюць ягоную свабоду ва ўмовах ажыцьцяўленьня за ім нагляду».

«Іншыя віды пакараньняў для абвінавачанага неэфэктыўныя», — гаворыцца ў прысудзе.

Нагадаем, што паседжаньні выязнога суду Бешанковіцкага раёну адбываліся ў Віцебску і праходзілі ў закрытым рэжыме.

Ад самага пачатку абвінавачанымі па справе аб паклёпе на пракурора Раманоўскага праходзілі два віцябляніна — Ігар Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, але пазьней іх вытворчасьці разьдзялілі.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў лічыць прысуд Пастнову несправядлівым.

«Лічу, што наогул не павінна быць крымінальнай адказнасьці за абразу альбо паклёп. Гэта проста нонсэнс! А казаць пра тое, даказаная тут віна Пастнова ці не, таксама немагчыма, таму што, зь незразумелых прычынаў, судовае паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме», — мяркуе Левінаў.

«Між тым, маніторынг паказаў, што асоба, якую абразілі і на якую ўзьвялі паклёп, у судзе практычна не зьяўлялася і ніякіх паказаньняў у судзе не давала. Прысуд быў збольшага абгрунтаваны на матэрыялах дасудовага сьледзтва. А казаць пра нейкае спаборніцтва бакоў у працэсе, калі аднаго боку не было, а другі бок судзьдзя выдаліла да канца разбору з залі паседжаньня, проста не выпадае. Таму — гэта поўная вакханалія ўладаў, у тым ліку судовай сыстэмы», — дадаў праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930