Даслаць навіну
Знайсці
20.05.2019 / 16:34 6

«90% рэчаў — ад беларускіх дызайнераў». Мінская айцішніца паказвае свой патрыятычны гардэроб

Мінчанка Наталля Залатарова працуе ў сферы ІТ і захапляецца модай. Толькі на шопінг яна адпраўляецца не ў Мілан, а ў айчынныя крамы. 90% яе гардэробу — адзенне і аксесуары беларускіх дызайнераў. Наталля паказала свае вобразы і расказала, ці дорага гэта — купляць беларускае і на якія брэнды варта звярнуць увагу.

Наталля ўспамінае, што ўсё пачалося з яе асабістай цікавасці да рукадзелля. У школе на ўроках працоўнага навучання вышывала і вязала, дома ляжалі купленыя мамай часопісы тыпу «зрабі сам». А калі пачалі развівацца сацыяльныя сеткі, мінчанка стала падпісвацца на розных майстроў.

Першымі дызайнерамі, з творчасцю якіх яна пазнаёмілася, былі Настасся Мірановіч, Настасся Ларыёнава і Юлія Ачыновіч.

— На той момант я выйшла з дэкрэту, і мне патрэбна было новае адзенне, але з мас-маркетам у нас было не вельмі добра. Калі хочаш штосьці купіць — ЦУМ, ГУМ са стандартнымі меркамі і растоўкай на 170 см. Я, маленькі чалавек 40-га памеру, не магла там нічога падабраць. Таму мяне прыцягнула, што дызайнеры маглі зрабіць рэч пад цябе — напрыклад, штаны ўшыць, блузку падагнаць.

Многія брэнды Наталля адкрыла для сябе на Беларускім модным маркеце — кірмашы дызайнерскага адзення і аксесуараў. Напрыклад, там яна ўбачыла славутыя світшоты з бусламі Вольгі Кардаш.

— Мяне вельмі зачапіла ідэя прынта. Я сама з Палесся, бабуля ў Століне жыла. Шчаслівае дзяцінства асацыявалася ў мяне менавіта з бусламі. І я адразу ў гэты прынт улюбілася.

Цяпер большасць рэчаў з гардэробу айцішніцы — дызайну Вольгі Кардаш.

— Яна мне спадабалася сваёй мінімалістычнасцю. У яе складаны крой, але пры гэтым простыя рэчы. А асобныя дэталі дадаюць жаноцкасці — адкрытыя спінкі, разрэзы, банцікі на рукавах.

Сярод любімчыкаў Наталлі — брэнд Limitedminsk (у іх можна знайсці базавыя касцюмы і світшоты з нацыянальным матывам), Zibra (за ручную вышыўку і інтэрпрэтацыю карцін Жаана Міро), сёстры Дубаенка (шыюць добрыя шарсцяныя касухі, трыкатажныя сукенкі і касцюмы). Уборы для выхаду ў свет мінчанка раіць шукаць у Юліі Латушкінай. Верхняе адзенне — у Citydzen i LSD.

З дызайнераў Наталля адзначае таксама брэнд Leorgofman.

— Гэта адзенне прэміум-класа, я б сказала. У іх калекцыях прасочваюцца сусветныя модныя тэндэнцыі.

Што да аксесуараў, то мінімалістычныя ўпрагажэнні з металу на кожны дзень Наталля выбірае ў Karavai (у іх таксама ёсць цікавыя калье-трансформеры), яркую біжутэрыю з дэкаратыўнай смалы — у Vanilla Naomi. Сярод фаварытаў — і дызайнер Міла Ігнацік, якая лепіць рэалістычныя кветкавыя ўпрыгажэнні.

Тыя 10% гардэробу, якія не ад беларускіх вытворцаў, складаюць базавыя рэчы (тыя ж джынсы, цішоткі) і трэндавыя. Наталля тлумачыць: няма сэнсу набываць у мадэльераў адзенне, якое хутка выйдзе з моды.

— Так, апранацца ў беларускіх дызайнераў дорага, — прызнаецца мінчанка. — Бо працоўных рук у іх мала, тканіны дарагія, арэнда памяшканняў шмат каштуе. Дызайнеры закладаюць у цану ўсе рызыкі адзінкавай вытворчасці.

Колькі грошай спатрэбіцца, каб апрануцца ў сваё? Світшоты ў асноўным каштуюць каля 200 рублёў, сукенкі — 300, паліто — усе 600.

— Ёсць тыя, хто выстаўляе завышаныя цэны, а ёсць і тыя, хто ідзе насустрач пастаянным кліентам і дае вялікую зніжку, — дзеліцца Наталля.

За такія грошы можна дазволіць сабе замежнае адзенне прэміум-класа. Але, кажа мінчанка, у яе ёсць прычыны падтрымліваць беларускіх вытворцаў.

— Я разумею, наколькі гэта цяжкая праца — рабіць штосьці рукамі. Гэта не проста сеў і сабраў тры пацеркі. Майстроў насамрэч, якія выпускаюць упрыгажэнні, шмат, але не ўсе яны сумленныя — некаторыя проста капіруюць ідэі іншых і купляюць камплектуючыя на кітайскіх сайтах. Яны не ўкладаюць у рэчы душу. А ёсць дызайнеры ўнікальныя, якія прапануюць штосьці новае. І вось пра такіх я хачу расказваць, бо іх павінны ведаць.

Наталля дадае: на тое, каб хадзіць па крамах мас-маркета і шукаць годныя рэчы, ёй шкада часу. А ў дызайнераў яна ўжо ведае асартымент і дакладна можа сказаць, што ёй падыдзе. Плюс адзенне з аўтарскіх калекцый добра спалучаецца між сабой.

З некаторымі творцамі Наталля паспела пазнаёміцца асабіста.

— Для мяне дызайнер уяўляўся чымсьці чароўным. Думала, што гэта недасягальныя асобы. А аказалася, усе людзі простыя, адкрытыя, з нялёгкім шляхам да сваёй мары.

У дызайнерскім адзенні мінчанка часта збірае кампліменты.

— У падарожжах за мяжой да мяне падыходзяць спытаць, што гэта за рэчы. Асабліва кітайцы цікавяцца. Людзі адразу заўважаюць, што ты апрануты нестандартна.

Наталля Лубнеўская

1
Наталля З / адказаць
21.05.2019 / 11:11
Усяслаў, есть! Люблю ее сумочки, она даже оттиск с именем может сделать.
0
Усяслаў / адказаць
22.05.2019 / 00:42
Наталля З, я упершыню ўбачыў заплечнік killtoday у маёй сяброўкі. Ён мне вельмі спадабаўся і вельмі прыемна было даведацца, што гэта беларускі брэнд!
0
хамса / адказаць
25.05.2019 / 11:43
Максим Дизайнер, спадзяюся мы зразумелі нарэшце адзін адну = адну каманду ) астатнім бясконцую колькасць раз тлумачыць амаль* бессэнсоўна * але бачыце чарговы раз, спадарства, як ваша дура-хамса цягне за сабой нешта іншае.. нейкае такое бабскае перажыванне
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31