Сяргей Лазараў: Крыўдна, што не далі балаў Беларусь і Грузія
Фото: Martin Fjellanger, Eurovision Norway, EuroVisionary
Сяргей Лазараў, які заняў сёлета трэцяе месца на Еўрабачанні, заявіў ТАСС па тэлефоне з Тэль-Авіва, што гатовы прадстаўляць краіну і ў трэці раз. Але ў цэлым лічыць поспехам і сёлетні вынік.
«Я, як баец, заўсёды гатовы», — сказаў Лазараў, адказваючы на пытанне ТАСС. Разам з тым ён адзначыў, што цяпер важна ацаніць дасягнутае ў конкурсе, вынікі якога для сябе ён лічыць вельмі годнымі.
«Мару выспацца і пабачыць сына, які вельмі сумуе. Ён два тыдні мяне не бачыў», — сказаў Лазараў.
На пытанне, ці лічыць ён аб'ектыўнымі вынікі галасавання прафесійнага журы, спявак адзначыў, што для яго гэта «балючае пытанне».
«Вядома, трохі крыўдна, таму што некаторыя краіны галасавалі прадузята», — сказаў ён. Асабліва, па яго словах, крыўдна, што не далі Расіі балаў Беларусь і Грузія.
Беларускія гледачы аддалі Сяргею Лазараву 12 балаў, а беларускае прафесійнае журы не галасавала ў фінале «Еўрабачання». Эксперты былі дыскваліфікаваныя, бо у інтэрв'ю Tut.by разгалосілі свае перавагі. Але Сяргей Лазараў, імаверна, пра гэта не ведае.
Разам з тым, адзначыў Лазараў, шэраг еўрапейскіх краін усё ж далі яму некалькі балаў. «У мяне быў вельмі складаны нумар, мэта была — паказаць мяне з іншага боку. Гэта менавіта вакальнае выкананне, у адрозненне ад 2016 года, калі ў цэнтры нумару быў перформанс», — сказаў Лазараў, дадаўшы, што шмат хто з удзельнікаў конкурсу асабіста выказаў захапленне яго выкананнем.
Ён лічыць, што вяртанне на сцэну Еўрабачання — сур'ёзнае выпрабаванне для артыста, які ўжо быў на п'едэстале, бо ёсць рызыка паказаць больш нізкі вынік. Сваё трэцяе месца, заваяванае двойчы на конкурсе, выканаўца лічыць прыкметай стабільнасці.