Знайсці
17.05.2019 / 00:333РусŁacБел

Выпадкі, калі супрацоўнікі беларускай міліцыі гінулі пры выкананні службовых абавязкаў

На сайце Міністэрства ўнутраных спраў няма статыстыкі, колькі супрацоўнікаў міліцыі загінула пры выкананні службовых абавязкаў. Але, на жаль, такія гісторыі здараюцца. Некаторыя становяцца рэзананснымі і трапляюць на першыя старонкі газет, а некаторыя так і застаюцца маўклівым болем сямей, якія страцілі мужа, бацьку, сына.

У жніўні 2018 года краіну ўскалыхнула здарэнне пад Івацэвічамі, калі вясковец адкрыў страляніну па двух міліцыянерах, якія правяралі законнасць захоўвання зброі ў насельніцтва.

42-гадовы ўчастковы інспектар Ігар Лукашэвіч быў застрэлены на месцы, другі інспектар Дзяніс Сагановіч быў паранены.

Пад Івацэвічамі вясковец адстрэльваўся ад міліцыі: адзін участковы забіты, другі ў рэанімацыі

8 студзеня 2013 года 37-гадовы міліцянер Ігар Іванчык выехаў на выклік ў прыватны сектар Мінска. Жанчына паведаміла, што яе сусед страляе са зброі па сабаку. Калі міліцыянеры сталі апытваць мужчыну, той раптам выхапіў пісталет і стрэліў па супрацоўніках міліцыі.

Мінчук забіў міліцыянта і сам застрэліўся

У 2007 годзе ў Светлагорску трагічна загінуў участковы інспектар Юры Шутаў. Ён прыехаў на выклік ў адзін са шматпавярховікаў. Жанчына тэлефанавала ў 102 з просьбай дапамагчы ўціхамірыць мужа, які пагражаў ёй расправай. Юрый Шутаў паспяшаўся з жанчынай у кватэру, дзе знаходзіўся дэбашыр. Той паводзіў сябе неадэкватна ў адносінах да прадстаўніка міліцыі, і Юры Шутаў па мабільнай сувязі патэлефанаваў у дзяжурную частку з просьбай аб падмацаванні. Падчас размовы ў дзяжурнай частцы пачулі падзенне тэлефона і шум барацьбы. Калі падмацаванне прыехала на месца здарэння, Юрый Шутаў ляжаў на пляцоўцы трэцяга паверха, сцякаючы крывёю. 57-гадовы дэбашыр нанёс яму шэсць нажавых раненняў, ад якіх міліцыянт сканаў. Сам жа забойца, завалодаўшы табельнай зброяй загінулага міліцыянта, забарыкадзіраваўся ў кватэры. Калі праз дзве гадзіны праваахоўнікі ўзламалі дзверы і ўвайшлі ў кватэру, яны знайшлі мужчыну ў спальні мёртвым. Ён стрэліў у сябе з адабранага ва ўчастковага пісталета.

У 1995 годзе міліцыянер-кінолаг групы затрымання Навабеліцкага раённага аддзела аб'яднання «Ахова» Анатоль Бурлак затрымліваў грузавы аўтамабіль, у якім знаходзілася выкрадзеная прадукцыя фанерна-запалкавага камбіната. Ускочыў на падножку аўтамабіля і разбіў бакавое шкло. Спрабуючы сысці ад адказнасці, злачынец скінуў супрацоўніка міліцыі з падножкі аўтамабіля. Ад атрыманых траўмаў Анатоль Бурлак памёр.

Але, напэўна, самы страшны выпадак адбыўся ў лістападзе 1993 года ў Гомелі. Тады на Прывакзальнай плошчы горада кілер расстраляў машыну гомельскага крымінальнага аўтарытэта Мікалая Салдаценкі. За кілерам пабеглі міліцянеры з патрульнай службы, а злачынец, спрабуючы адарвацца, пачаў па іх страляць. У выніку кілер забіў двух праваахоўнікаў — Эдуарда Сярогіна і Канстанціна Барысенка. Прычым, параненага Сярогіна кілер дабіваў стрэлам у галаву. Паколькі страляніна пачалася ў цэнтры горада, дзе было шмат людзей, ад шальной кулі загінула 40-гадовая жанчына. Таксама атрымала раненне 18-гадовая дзяўчына.

На вялікі жаль, гэта далёка не ўсе выпадкі, калі жыццё беларускіх міліцыянтаў абрывалася падчас выканання службовых абавязкаў.

Наталля Тур, фота minsknews.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031