Знайсці
15.05.2019 / 11:404РусŁacБел

Унікальная сітуацыя: мінчука пратрымалі 10 месяцаў у СІЗА, але ўсё ж прызналі недатычным да забойства

Гэтая гісторыя пачалася дзевяць гадоў таму. У пасёлку Прывольны пад Мінскам на працы застрэлілі Уладзіміра Кузняцова, ён ахоўваў ноччу аўтамабілі. Напярэдадні яго фірма зарабіла 40 тысяч даляраў, грошы былі ў сейфе. Следчыя доўга не маглі знайсці вінаватых. У 2018-м абвінавачванне прад'явілі дваім былым супрацоўнікам — Івану Паланевічу і Максіму Дышлевічу. На той момант Паланевіч ужо памёр. Дышлевіч у судзе заявіў, што на следстве яго прымусілі агаварыць і сябе, і калегу. 12 лютага Мінскі абласны суд вынес апраўдальны прысуд, яго абскардзіла пракуратура. А ўчора Вярхоўны суд апраўдаў абодвух фігурантаў, і гэта вялікая рэдкасць для Беларусі, бо колькасць апраўдальных прысудаў у нас усяго 0,2%. Пра справу піша TUT.BY. 

Максім Дышлевіч падчас апеляцыі па справе ў Вярхоўным судзе. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Генеральная пракуратура не пагадзілася з апраўдальным прысудам. Максім Дышлевіч, яго родныя і адвакат зноў прыйшлі ў суд, на гэты раз у Вярхоўны, каб даказаць: ён невінаваты. Побач — маці памерлага Івана Паланевіча. Гэта яна не пагадзілася, каб яе сына прызналі пасмяротна вінаватым, і дабілася, каб расследаванне па справе было адноўленае.

Работніка забілі, але сейф так і не змаглі адкрыць

Уладзімір Кузняцоў працаваў у фірме свайго сына «ГлобалАўтаСіці», займаліся перапродажам аўто. І хоць бацька намінальна быў дырэктарам, усе фінансавыя пытанні вырашаў яго намеснік. 15 кастрычніка 2010 года, калі і адбылося забойства, Кузняцоў прадаў «Фольксваген-Туарэг» за 38 тысяч даляраў, яшчэ 2 тысячы атрымаў у якасці закладу ад іншага кліента. Грошы паклаў у сейф у сваім працоўным кабінеце. Звычайна выручку на фірме не пакідалі, стараліся пакласці на рахунак у банку, але ў той вечар пятніцы вырашылі, што не паспеюць перавесці грошы. Кавалёў-старэйшы ў тую ноч застаўся за вартаўніка — на стаянцы перыядычна разбівалі аўто на продаж, таму працаўнікі па чарзе дзяжурылі на фірме.

Па версіі следства, у дзве гадзіны ночы Уладзіміра Кузняцова забілі стрэлам у галаву. З яго кабінета вынеслі сейф з грашыма, спрабавалі яго адкрыць, але так і не змаглі падабраць код, а таму выкінулі сейф па дарозе. Забітага загарнулі ў плед і пакінулі на тэрыторыі прадпрыемства. Раніцай труп выявіў намеснік Кузняцова, ён і патэлефанаваў у міліцыю.

Па справе дапытвалі і дзейных, і былых супрацоўнікаў фірмы: адразу пасля забойства ў 2010-м, потым у 2013-м і, нарэшце, у 2018 годзе-м. Абвінавачванні ў выніку прад'явілі Івану Паланевічу, які на момант забойства ўжо не працаваў у «ГлобалАўтаСіці», ён заснаваў сваю фірму, таксама па перапродажы аўто. Другі фігурант па справе — Максім Дышлевіч, ён таксама быў былы супрацоўнік фірмы Кузняцова і на момант забойства ўжо працаваў у кампаніі Паланевіча.

Па версіі следства, Іван Паланевіч ведаў, што Кузняцоў-старэйшы 15 кастрычніка 2010 выгадна прадаў машыну і што ўначы ён будзе дзяжурыць на фірме, дзе ляжаць грошы. Разам з Дышлевічам ён прыехаў у пасёлак Прывольны, застрэліў Кузняцова і, пагражаючы стрэльбай Дышлевічу, які ў момант забойства сядзеў у машыне, прымусіў таго дапамагчы яму вынесці з будынка сейф з выручкай. Дышлевіч быў вымушаны падпарадкавацца. Матыў злачынства — атрымаць грошы.

У выніку Паланевіча абвінавацілі ў разбоі (ч. 3 арт. 207 КК) і забойстве, звязаным з разбоем (п. 12 ч. 2 арт. 139 КК), — гэта «расстрэльны» артыкул. Дышлевічу прад'явілі абвінавачванні таксама ў разбоі і дапамаганні ў забойстве, праўда, апошняе абвінавачванне потым знялі.

Асаблівасць гэтай справы ў тым, што Іван Паланевіч праз паўгода пасля таго, як забілі Кузняцова, сам памёр — у траўні 2011-га. У сувязі з гэтым следства хацела спыніць крымінальную справу, але маці Івана вырашыла дамагчыся справядлівасці, каб яе сына апраўдалі пасмяротна. І следства па справе было адноўленае.

Якія доказы па «расстрэльным» артыкуле прад'явіла следства?

Справу вёў следчы па асабліва важных справах упраўлення СК па Мінску Вальдэмар Базіляўскас. Абвінавачванне грунтуецца на пяці ключавых тэзісах.

- У Паланевіча і Дышлевіча не было алібі на момант забойства Кузняцова.

- На пасведчанні забітага быў знойдзены след пальца Івана Паланевіча.

- Паланевіч ведаў, што Кузняцоў у той дзень выгадна прадаў аўто.

- На сейфе знойдзеныя сляды эпітэлію Дышлевіча.

- Дышлевіч на следстве прызнаў віну і расказаў, як Паланевіч забіў Кузняцова.

Таксама ў якасці аргумента дзяржабвінаваўца Алена Кежун указала, што псіхалагічная і псіхолага-лінгвістычная экспертыза паказала, што Дышлевіч пры допытах наўмысна скажаў і ўтойваў інфармацыю па справе.

Чаму суд апраўдаў фігурантаў справы?

Мінскі абласны суд уважліва вывучыў аргументы абвінавачання і абароны і прыйшоў да высновы, што віна Максіма Дышлевіча і нябожчыка Івана Паланевіча не даказана. І вось чаму.

- Зброя так і не была выяўлена.

- Пры ператрусе дома ў абвінавачаных не знайшлі ні аднаго прадмета, які б указваў, што яны маюць дачыненне да здзяйснення злачынства.

- На пасведчанні, дзе знайшлі адбіткі Паланевіча, былі выяўленыя адбіткі і іншых супрацоўнікаў — былых і цяперашніх — фірмы. Тое ж і па выяўленых адбітках Дышлевіча: на сейфе знайшлі сляды і супрацоўнікаў кампаніі, і нявысветленых асоб.

— На покрыве, у якое быў захутаны труп, а таксама на пальчатках знойдзеныя сляды «нявысветленых асоб», аднак эксперты адназначна сцвярджаюць, што гэтыя сляды не належаць ні Паланевічу, ні Дышлевічу.

- Алібі было ў абодвух фігурантаў. Адвакат Дышлевіча Аляксей Андрыевіч настаяў, каб запатрабавалі і вывучылі тэлефонныя злучэнні і месцазнаходжанні яго падабароннага. У тую ноч Максім з сябрамі спачатку быў у раёне начнога клуба, потым паехаў да дзяўчыны дадому. Гэта пацвердзілі як яго знаёмыя, так і незнаёмыя яму людзі. Іван Паланевіч у ноч забойства быў разам са сваёй дзяўчынай. Вывучэнне дадзеных яго тэлефона паказвае, што ён быў у раёне праспекта Незалежнасці, а не пасёлка Прывольны. Абодва фігуранты даведаліся пра злачынства на наступны дзень ад былых калег па тэлефоне.

- 13 сведак у судзе заявілі, што на іх ціснулі падчас следства. Так, сведка Бурносаў распавёў, што яго прымушалі агаварыць Івана Паланевіча, працавалі ў рэжыме «добры і злы следчы»: то пагражалі, то давалі «добрыя парады». Сведка Удовіца ж, намеснік забітага, таксама заявіў у судзе, што яго схілялі даць паказанні супраць «патрэбнага» следству чалавека, нагадвалі, што яму ўжо нямала гадоў, што ён можа ніколі не ўбачыць сваю сям'ю, казалі, што ёсць паказанні, што гэта ён забіў чалавека.

- Максім Дышлевіч у судзе віну не прызнаў. Ён распавёў, што падчас следства на яго ціснулі, прымушалі агаварыць Паланевіча, маўляў, ён ужо мёртвы, яму нічога не будзе, а справу проста закрыюць. Учора ў Вярхоўным судзе абвінавачваны ўдакладніў:

— Яны (праваахоўнікі. — Заўвага рэд.) ведалі, што мяне там не было, ім трэба было, каб я абгаварыў Паланевіча, каб закрыць справу. Таму што трэба ж раскрыць забойства, а прасцей за ўсё зваліць усё на яго, ён жа загінуў ўжо. На мяне ціснулі. У мяне жонка была цяжарная тады, супрацоўнік міліцыі К. пагражаў, што яе будуць выклікаць на допыты і давядуць да выкідка. Яшчэ мяне абяцалі пасадзіць у прэс-хату, дзе паказанні з мяне будуць выбіваць сілай. У камеры, дзе я начаваў, было восем чалавек, я — дзявяты, спаў на падлозе. «Сматрачы» ўвесь час мяне пераконваў, што трэба рабіць тое, што ад мяне патрабуюць, інакш з мяне рэальна выб'юць паказанні і я проста ў камеры ўсё падпішу. А яшчэ ў камеры казалі, што я змагу ў любы момант адмовіцца ад сваіх паказанняў і мне за гэта нічога не будзе. Калі я даваў паказанні супраць Паланевіча, адваката не было (тады ў Дышлевіча быў іншы абаронца, не Андрыевіч. — Заўвага рэд.), ён чамусьці спазніўся, прыехаў, калі палова допыту ўжо была запісаная.

Суддзя ўдакладніў, чаму Дышлевіч не спрабаваў абскардзіць незаконныя дзеянні супрацоўніка міліцыі.

— Я баяўся, калі буду дамагацца праўды, будзе яшчэ горш. Мне ж казалі: альбо ты даеш паказанні на Паланевіча, альбо цябе вінавацім у забойстве і пасадзім на 20 гадоў.

Каб Дышлевіч быў больш падатлівымі, праваахоўнікі, паводле яго слоў, паабяцалі яму мінімальнае пакаранне:

— Сказалі, максімум прыцягнуць за неданясенне аб злачынстве (максімальнае пакаранне, згодна з КК, — да двух гадоў пазбаўлення волі. — Заўвага рэд.).

У паказаннях Дышлевіча, якія ён даў на этапе папярэдняга следства, маса супярэчнасцяў: ён указаў, што бачыў труп у будынку фірмы, аднак высновы экспертаў кажуць пра тое, што цела забітага там знаходзіцца не магло; следчым заяўляў, што зайшоў на тэрыторыю праз адкрытыя вароты, якія на самай справе былі зачыненыя на навясны замок; указваў, што бачыў кроў на сцяне, але сляды крыві па факце былі ў іншым месцы; казаў, што прыехаў з Паланевічам на ​​«Маздзе СХ7», аднак было высветлена, што такой машынай Іван ніколі не кіраваў; на допытах успамінаў, што трымаў сейф знізу, хоць яго сляды былі выяўленыя ў іншым месцы.

Кузняцоў быў забіты з паляўнічай зброі, аднак ні Дышлевіч, ні Паланевіч да палявання цікавасці ніколі не праяўлялі, ні ў аднаго, ні ў другога зарэгістраванай зброі не было, як і ў іх сваякоў.

Родныя будуць дамагацца, каб праваахоўнікаў прыцягнулі да адказнасці

Сын забітага ў судзе заяўляў, што не верыць, што злачынства здзейснілі яго былыя супрацоўнікі.

Маці Івана Паланевіча скарысталася сваім правам адстаяць добрае імя загінулага сына, таму расследаванне па справе было адноўленае. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

— Я наогул не разумею, як справа з такімі «доказамі» магла дайсці да суда, — заявіла ў Вярхоўным судзе маці Івана Паланевіча. — Майго сына прызналі вінаватым у забойстве на падставе паказанняў Дышлевіча, якія выклікаюць сумневы, і ўскосных доказаў — адбіткаў пальцаў на пасведчанні, а там жа былі адбіткі і іншых работнікаў. У Мінскім абласным судзе вельмі старанна вывучылі справу, вынеслі справядлівы, апраўдальны прысуд.

Пакуль ішло пасяджэнне ў Вярхоўным судзе, мама Максіма Дышлевіча не магла стрымаць слёз. Было бачна, як яна перажывае за сына. Пра тое, што яго прымушаюць агаварыць калегу і сябе, Максім распавёў родным яшчэ ў 2013 годзе.

Вярхоўны суд пакінуў у сіле апраўдальны прысуд. І родныя Максіма Дышлевіча не змаглі стрымаць слёз ужо ад радасці. Такое ў Беларусі здараецца сапраўды вельмі рэдка. Але гэта яшчэ не канец. Максім будзе дамагацца кампенсацыі за праведзеныя 10 месяцаў у СІЗА. Калі ў яго атрымаецца гэта зрабіць, грошы яму выплацяць з бюджэту. Судовыя выдаткі і сродкі, затрачаныя на правядзенне экспертыз, таксама будуць кампенсаваныя з бюджэту — каля 3 тысяч рублёў.

Родныя і Максіма, і Івана плануюць дамагацца, каб былі пакараныя праваахоўнікі, якія давялі справу да суда.

— Многія не верылі, што мы зможам дамагчыся справядлівасці, — кажуць яны. — Але важна, каб вінаватыя адказалі па законе. Бо сапраўдны забойца па-ранейшаму на волі. Прайшло дзевяць гадоў, а яго ніхто не знайшоў.

Апраўдальны прысуд уступіў у сілу. Цяпер праваахоўнікі павінны аднавіць расследаванне па справе і знайсці злачынцаў.

Адар'я Гуштын, tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031