Знайсці
14.05.2019 / 15:336РусŁacБел

«Ён рыхтаваўся да расчлянення. Які перагляд справы?» Забойцу дзвюх жанчын у Бабруйску ўсё ж расстраляюць

Калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суда 14 мая адхіліла апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча. Цяпер асуджанаму застаецца спадзявацца толькі на тое, што яго памілуе Аляксандар Лукашэнка, піша Радыё Свабода.

Пра што прасіў асуджаны на смерць

Перад разглядам скаргі Аляксандр Асіповіч хадайнічаў перад судом аб правядзенні новай комплекснай судова-псіхіятрычнай экспэртызы сябе.

Ён згадваў пра атрыманую раней траўму галавы, казаў, што раней яму не зрабілі тамаграфію мозгу, і прасіў суд адкласці разгляд скаргі да правядзення экспертызы.

Таксама абвінавачаны прасіў перакваліфікаваць ягоныя дзеянні з забойства з асаблівай жорсткасцю на забойства ў выніку перавышэння неабходнай абароны. Аднак маці адной з ахвяр, Ніна Клімава, была супроць задавальнення хадайніцтваў Аляксандра Асіповіча.

«Ён хоча жыць, але дзяўчаты таксама хацелі жыць»

У перапынку ў судзе Ніна Клімава ў размове з карэспандэнтам Свабоды абуралася паводзінамі падсуднага Асіповіча:

«Пра якую экспертызу ідзе гаворка? Яго ўжо прызналі псіхічна здаровым, а цяпер ён цягне час. Хіба можна яго лічыць хворым на галаву? Але, ён гэтак знявечыў маю дачку Алесю, што я хавала яе ў закрытай труне. І яе сяброўку таксама знявечыў. Але далей дзейнічаў вельмі мэтанакіравана: целы дзяўчын былі раздзетыя і складзеныя ў ваннай. Ён рыхтаваў іх да расчлянення, толькі не аказалася пакетаў, таму пайшоў у краму і набыў там пакетаў, а заадно і піўка. Гэтак на вуліцы, калі піў піва, яго і затрымаў патрульны нарад, які ездзіў па раёне. Не затрымалі б тады, дагэтуль бы нічога не знайшлі, і забойствы працягваліся б», — сказала Ніна Клімава.

«Просім даць магчымасць выкупіць віну працай»

У маці асуджанага Антаніны Асіповіч свая праўда пра тое, што рабіў яе сын пасьля забойства дзяўчын.

«Яго затрымалі каля пад’езда: сядзеў на лаўцы, піў піва. За гэта яго адвезьлі ў пастарунак, і ўжо там ён прызнаўся, што забіў. І ніякіх пакетаў для вынасу целаў ён не набываў. На рэшту зь піва набыў упакоўкі звычайных сьмецьцевых пакетаў пад вядро — акцыя была ў краме. Калі б былі патрэбны будаўнічыя пакеты, пайшоў бы ў суседнюю краму. Ніякага расчляненьня ён не рыхтаваў».

У судзе Антаніна Асіповіч спрабавала перадаць судзьдзям хадайніцтва, якое падпісалі ў абарону Аляксандра Асіповіча 40 ягоных суседзяў, сваякоў і знаёмых.

«Просім даць магчымасьць выкупіць віну працай», — напісана ў хадайніцтве. Але судовая калегія хадайніцтва не прыняла.

​Калегія Вярхоўнага суду хадайніцтвы Аляксандра Асіповіча адхіліла і перайшла да разгляду ягонай скаргі.

Прагучалі паказаньні Аляксандра Асіповіча з матэрыялаў справы. Паводле асуджанага, пацярпелыя дзяўчыны хацелі яго абрабаваць, а калі ён гэта ўбачыў, то зачыніліся ў ванным пакоі і патэлефанавалі ў міліцыю, каб зымітаваць напад на іх. Калі ён адчыніў ванную, пацярпелыя нібыта на яго напалі, а ён абараняўся. Пры гэтым усіх абставін падзей 20 ліпеня ён не памятае, бо быў нецьвярозым.

«На мяне напала з нажом Клімава, выхапіў нож і ўдарыў яе. Далей ня памятаю, што рабіў». Калі ачуўся і ўбачыў, што нарабіў, разьдзеў забітых, каб кроў не нацякла пад плітку». Паўтарыў, што пасьля затрыманьня за расьпіцьцё піва сам у пастарунку напісаў яўку з павіннай. Працягваў сьцьвярджаць, што пацярпелыя першымі напалі на яго.

Пра сябе расказаў, што з 10 гадоў застаўся бяз бацькі, які трагічна загінуў. Прыглядаў за малодшай сястрой як бацька. Рана пайшоў працаваць, бо ў сям‘і не хапала грошай. Быў тройчы судзімы, але ў зьняволеньні ўвесь час працаваў. «Люблю працаваць, не зьяўляюся ўдзельнікам ніякай злачыннай групы».

Сказаў, што «да жаночага полу ўвесь час ставіўся добра, ня крыўдзіў». Пры гэтым голас дрыжаў.

Што казала маці забітай дзяўчыны

«У яе была раздробленая ўся галава. 77 удараў ён нанёс нажом. Хлопцаў з Аўганістану у лепшым стане прывозілі. Гэта зьвер у клетцы, і ён не раскаяўся», — сказала суду Ніна Клімава.

Таксама яна расказала абставіны забойства другой дзяўчыны:

«Я бачыла матэрыялы справы: ён забіў яе ззаду ўдарамі нажом і скронь і ў цемя. Яшчэ і правярнуў нож, каб пэўна забіць». Ніна Клімава лічыць, што сьмяротны прысуд Аляксандру Асіповічу быў вынесены справядліва. «Няма чаго на яго больш траціць грошы».

Асіповіч быў асуджаны на сьмерць у студзені 2019 году. Тады на выязным пасяджэньні Магілёўскага абласнога суду ў Бабруйску ён быў прызнаны вінаватым у двайным забойстве, учыненым пры абцяжлівых абставінах.

Чытайце таксама:

У Бабруйску забілі дзвюх жанчын. Яны патэлефанавалі ў міліцыю, але выратаваць іх не паспелі

Падазраваны ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын у Бабруйску — хто ён. ФОТЫ

Дзяўчат у Бабруйску забілі нажом і малатком — сталі вядомыя падрабязнасці лютага забойства

«Я ўся ў крыві! Ён з сякерай ірвецца ў ванную!» У судзе агучылі расшыфроўку званка ў міліцыю забітых у Бабруйску дзяўчат

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930