Знайсці
14.05.2019 / 16:4912РусŁacБел

«Воля, прадавай кватэру і з'язджай з гэтага горада»: што было ў перадсмяротнай запісцы смаргонскага памежніка

Памежнік кантрактнай службы Мікалай Гудзіма засіліўся ў ноч на 12 мая, ён служыў кіроўцам у Смаргонскай памежнай групе, паведамляе Радыё Свабода.

Першым пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Nexta. Пазней здарэнне пацвердзіў Памежны камітэт.

Прапаршчыку Мікалаю Гудзіму было 33 гады. У яго засталіся жонка, двое дзяцей, бацькі.

Як расказаў стрыечны брат нябожчыка Юрый, 11 мая Мікалай быў на дні народзінаў сваёй хрэсніцы ў Смаргоні. Пасля свята яны паехалі начаваць у бацькоўскі дом у Солах Смаргонскага раёна. Раніцай цела мужчыны ў гаспадарчай прыбудове знайшоў бацька.

Аб прычынах смерці сваяк не бярэцца казаць і не ведае, ці яна неяк звязаная са службай.

Вядома, што перад смерцю Гудзіма пакінуў запіску.

«Люблю жонку, дзяцей. Гэта нейкія сурокі. Воля [жонка загінулага — РС], прадавай кватэру і з'язджай з гэтага горада. Мама, тата, дзякуй за ўсё», — па памяці пераказвае апошнія словы нябожчыка Юрый.

Юрый кажа, што і бацька Мікалая казаў, нібыта яму падкідвалі лялек, якія наводзяць чары.

Сям’я Гудзімаў, па словах брата, была добрай, заможнай, Мікалай алкаголем не злоўжываў. Яны нядаўна набылі кватэру ў Смаргоні. Жонка таксама служыць у Смаргонскай памежнай групе.

Пахаванне адбудзецца 14 мая ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі пацвердзіў Радыё Свабода, што сапраўды 12 мая ў 6.30 раніцы па месцы жыхарства бацькоў было знойдзена цела вайскоўца-кантрактніка Мікалая Гудзімы.

«Прапаршчык Мікалай Гудзіма па службе характарызуецца станоўча. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта суіцыд, не звязаны са службовай дзейнасцю прапаршчыка. Працуе следчая аператыўная група, якая высвятляе прычыны і абставіны трагедыі. Іншых падрабязнасцяў пакуль паведаміць не можам. Дзяржаўны памежны камітэт выказвае свае спачуванні сям’і і аказвае дапамогу», — паведаміў палкоўнік Антон Бычкоўскі.

Пакуль сцвярджаецца, што суіцыд не звязаны са службовай дзейнасцю.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930