Знайсці
13.05.2019 / 18:132РусŁacБел

«Героем сябе не адчуваю». Афіцыянт уратаваў гродзенца, што збіраўся скочыць з даху ўнівермага

21-гадовы Глеб сябе героем не лічыць, але дзякуючы яго дзеянням раніцай 13 мая ўдалося выратаваць хлопца ад скачка з даху ўнівермага, піша Hrodna.life.

Глеб вучыцца ў Медыцынскім універсітэце і працуе афіцыянтам у кафэ «Дах свету». У той момант, калі хлопец пералез агароджу і збіраўся скочыць, Глеб не разгубіўся і паспрабаваў выратаваць чалавека.

«У такой сітуацыі ўпершыню апынуўся. Героем сябе не адчуваю. Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць кожны, — распавядае Глеб. — Тое, што атрымалася ў мяне дапамагчы чалавеку, я вельмі рады гэтаму. А калі б не атрымалася, была б іншая гісторыя. Я проста першы там апынуўся і за сябе не баяўся, галоўнае было дапамагчы».

Глеб распавядае, што адлегласць да хлопца была вялікая, і яму давялося акуратна, дробненькімі крокамі падбірацца.

«Я пералез агароджу і пачаў падыходзіць да хлопца, а ён тым часам пачаў аддаляцца ад мяне. Увесь час глядзеў на мяне, і таму я не мог да яго блізка падысці. Хлопец нічога не казаў. У адзін момант, калі было максімальнае напружанне, ён пачаў панікаваць, і я разумеў, што трэба дзейнічаць. Калі ён адвярнуўся, я падбег да яго і зрабіў захоп», — дадаў Глеб.

Калі афіцыянт затрымаў хлопца, да яго падбег заснавальнік кафэ «Дах свету» Станіслаў Сідараў і дапамагаў утрымліваць, каб той не вырваўся.

«Я стаў шукаць спосаб, каб пералезці агароджу і дапамагчы чалавеку, — распавядае Станіслаў. — Глеб апынуўся першым і здолеў схапіць хлопца, і мне заставалася толькі дапамагчы. Малады чалавек, які збіраўся скакаць, быў цвярозы. Адзінае, што ён сказаў, гэта тое, каб яго не прыціскалі, бо яму было цяжка дыхаць. Словы былі адэкватныя. Мне здаецца, ён быў у стрэсавым стане. Што тычыцца Глеба, ён правільны чалавек і добры супрацоўнік. Яму трэба выпісаць прэмію і павесіць яго партрэт на дошку гонару».

Заснавальнік установы распавядае, што на назіральнай пляцоўцы трэба яшчэ пашукаць месца, каб спакойна можна было пералезці агароджу. Ён адзначае, што з ходу чалавек не знойдзе такое месца. Здарэнне на назіральнай пляцоўцы адбылося ўпершыню за два гады працы. У вячэрні час на пляцоўцы працуе адміністратар, удзень вядзецца відэаназіранне.

У міліцыі расказалі, што скочыць з даху спрабаваў 19-гадовы студэнт аднаго з гродзенскіх універсітэтаў. Ён дастаўлены для абследавання ў спецыялізаваную медыцынскую ўстанову. Абставіны здарэння высвятляюцца.

Руслан Кулевіч, Hrodna.life

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930