Знайсці
10.05.2019 / 23:3612РусŁacБел

Нервозны «Несмяротны полк» у Казахстане: паслы Расіі і яе азіяцкіх саюзнікаў удзельнічалі, амбасадар Беларусі — не

«Несмяротны полк» у Алматы. Фота «Спутнік-Казахстан».

Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на «Несмяротны полк» у Алматы, некалькі тысяч — у сталіцы краіны, Нур-Султане. Дзяржаўныя СМІ Казахстана рэпартажаў пра гэта не далі, афіцыйныя ўлады ўдзелу ў акцыі не бралі.

Затое ў сталіцы разам з дэманстрантамі прайшлі пасол Расіі ў Казахстане і кіраўнік прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва». Да іх далучыліся паслы Арменіі, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана і Туркменістана, паведамляе казахскі «Спутнік» са спасылкай на фэйсбук пасольства Расіі. Пасла Беларусі ў ліку ўдзельнікаў ён не называе. Не бралі ўдзелу і прадстаўнікі афіцыйных уладаў Казахстана.

Паслы Расіі, Арменіі ды некаторых іншых краін на «Несмяротным палку» ў Нур-Султане. Фота са старонкі пасольства Расіі ў фэйсбуку.

«Спутнік» ацэньвае лічбу ўдзельнікаў у Алматы ў 130 тысяч чалавек. Фоты з дрона такіх ацэнак не пацвярджаюць: гаворка, хутчэй, пра некалькі дзясяткаў тысяч.

Шэсце ў Алматы. Фота tengrinews.kz.

«Несмяротныя палкі» былі арганізаваныя таксама ў большасці абласных цэнтраў Казахстана. Там яны сабралі па некалькі соцень удзельнікаў.

Шэсці ў Казахстане прайшлі ў атмасферы нервознасці. 7—9 мая ў краіне былі заблакаваныя сацсеткі: фэйсбук, Ютуб, інстаграм.

Улады заглушылі мабільны інтэрнэт на маршруце шэсця ў Алматы. У краіне знік доступ да дзясятка інтэрнэт-рэсурсаў СМІ і грамадскіх арганізацый, ад радыё «Свабода» да «The Village Казахстан». На шэсці ў Алматы затрымалі шэраг актывістаў казахскай апазіцыі. Затрыманні адбыліся таксама ў Нур-Султане і Атырау.

Дзяржаўныя і праўладныя казахскія СМІ не далі ні рэпартажаў, ні фотаў з шэсцяў «Несмяротнага палка».

Агенцтва Казінформ абмежавалася паведамленнямі пра святкаванне Дня Перамогі ў Карагандзе і Байкануры і падкрэсліла, што «карагандзінцы пранеслі па гарадскіх вуліцах партрэты не толькі сваіх продкаў, але і казахскіх батыраў: Батыр-Баяна, Жыдэбай-Батыра, Аралбай-Батыра ды іншых». 

Напружанасць у Алматы тлумачылася тым, што апазіцыйны рух «Дэмакратычны выбар Казахстана», прызнаны ўладамі краіны экстрэмісцкім, заклікаў далучыцца да шэсцяў «Несмяротны полк» з лозунгамі пратэсту.

1 Мая акцыі пратэсту супраць Назарбаева і адсутнасці ў краіне дэмакратыі сабралі сотні людзей у розных гарадах краіны. Для Казахстана гэта рэкорд, прычым улады выставілі сябе на пасмешышча, калі ў прысутнасці рэпарцёраў затрымалі нават хлопца з чыстым аркушам паперы, які выйшаў на плошчу ва Уральску. Усяго 1 мая было затрымана не менш за 80 чалавек.

Як і ў Беларусі, Дзень Перамогі ў Казахстане — святочны дзень, пры гэтым казахскія ўлады незадаволеныя спробамі Расіі выкарыстаць перамогу ў вайне ў сваіх палітычных мэтах. Таму афіцыйная Астана пастаралася мінімізаваць святкаванне і ўзяць яго пад кантроль. Афіцыйныя асобы ўзялі ўдзел ва ўскладанні кветак да помнікаў.

Расійскія прадстаўніцтвы і прарасійскія арганізацыі 9 Мая правялі акцыю «Несмяротны полк» у 90 краінах свету. 

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930