Знайсці
10.05.2019 / 22:1114РусŁacБел

Антон Лявіцкі: Чаму можна павучыцца ў бізнэсоўца, які забараняе беларускую мову ў чатах

Інтэрв’ю Шатрова выклікала абурэнне інтэрнэт-карыстальнікаў. Але абурэнне — не найлепшая магчымая рэакцыя. Цвярозы аналіз, вынікі якога будуць выкарыстаныя ў спаборніцтве, рабіў бы больш карысці.

У беларускай культуры даўно наспела неабходнасць ствараць попыт на творчае, энэргічнае, амбітнае спаборніцтва ідэй, густаў і вынікаў (прадукту). На жаль, інерцыя падыходаў усё яшчэ спрыяе ідэалагічнай крытыцы, маралізатарству. Ідэалагічна няслушныя думкі хутка скандалізуюцца, мала хто дбае пра стражэйшае, прадметнае апісанне канкрэтнага досведу. А толькі такое апісанне стварае карысныя веды — карысныя для развіцця і росту.

Чытайце таксама: Распрацоўшчык нацыянальнай сістэмы відэаназірання: У Беларусь трапіў выпадкова. Забараняю беларускую мову ў чатах

Нам павінны абыходзіць не парушаныя ідэалагічныя табу, не пастаўленыя пад сумненне ідэалагічныя лозунгі канца 1980-х, а выніковасць работы і эфектыўнасць у спаборніцтве. У сваім інтэрв’ю ток-шоу dev.by (называецца Review 002, там дужа файная застаўка - першы мінскі помнік праграмістам) Шатроў выказаў дзве асабліва контраверсійныя рэчы. Па-першае, пра беларускую мову: яна забараняецца ў чатах кампаніі. Па-другое, пра дэмакратыю: ён апраўдвае дзеянні ўладаў 25 сакавіка 2017-га, калі цэнтр Мінска запоўнілі бранятэхніка і Унутраныя войскі.

Усё гэта выкананае ў стылістыцы, уласцівай, сказаўшы па-нямецку, «слаям насельніцтва, далёкім ад адукацыі» («вопли о демократии» і г.д.). Але аглядальніка nn.by уразіла найперш не стылістыка, а змест выказванняў. Перакананні, якія журналістка «выцягнула навонкі», выклікалі жвавае абурэнне.

У сапраўднасці, у гэтым абурэнні няма нічога станоўчага. Яно паказвае, што мы ўсё яшчэ схільныя да існавання ў межах выгодных канвенцый нашага асяроддзя. Ці гэтая — безумоўна, справядлівая — крытыка вычэрпвае навучальны патэнцыял гэтага канкрэтнага выпадку? Зусім не. Звярнуўшыся да апісання дыскурсу (сістэмы прыёмаў, якая стварае выказванні) Шатрова, прыхільнкі дэмакратыі могуць навучыцца сяму-таму.

Гэта будзе пытанне тэхнікі, а не зместу. Як Шатроў арганізуе сваё маўленне? Якія ягоныя ўласцівасці?

Дарма што стылістыка ягонай мовы прымушае ўспомніць «Гопнікаў» Казлова, ёй уласцівае ўскладненне. Шатроў сам кажа пра гэта, адрозніваючы «кароткія і доўгія адказы». Гэта спалучаецца са схільнасцю рабіць спасылкі. Напрыклад, Шатроў упамінае кніжку «Good to Great». Пры гэтым ён усведамляе, што назва папсовая; гэта важная далікатнасць. З гэтай кніжкі ён прыводзіць канкрэтны прыклад наконт прафесійнай этыкі. Іншая памянёная кніжка называецца «Addiction by Design», яна сур’ёзнейшая. Нарэшце, Шатроў дэманструе не абы-якое знаёмства з Оруэлам, называючы не толькі ягоныя хрэстаматыйныя творы, але і менш вядомае эсэ пра вайну ў Іспаніі.

Яшчэ адна важная ўласцівасць мовы Шатрова — codeswitching, пераходы паміж мовамі. Гаворка не толькі пра дыфузію расейскай і англійскай моў. Гаворка пра таксама пра тое, як моўная матэрыя засвойвае адметныя практыкі, як яна стварае спецыфічныя тэрміны і выразы. Напрыклад, выраз «eatyourowndogfood». Такіх моўных адзнак адметнага свету практычнага досведу ў інтэрв’ю багата: пра карпарацыйную культуру, пра арганізацыю працоўнай штодзённасці (тут жа тлумачыцца, чаму беларуская мова не дапускаецца ў чатах), пра канкрэтныя выпадкі (напрыклад, пра Viber: «ніхто не ведае, чаму ён узляцеў», пра ўзнікненне манаполій у праграмным забеспячэнні вялікіх мерапрыемстваў).

Гэтыя рысы дыскурсу — прывычка да спасылак і разгорнутага аргумента, выразная інтэграванасць у адметны свет практычнага досведу, — можна ўжыць як стандарты для ўласнай работы. Я ўжо не буду тут падрабязна пра тое, што цяпер робіцца ў беларускай культуры, які тут пануе дыскурс. Даўнейшы выраз Сагановіча — арганізаваны дагматызм і самазадаволенасць (гл. НН, 1993, № 15), — усё яшчэ крыўдна актуальны. Некалі даводзілася пісаць канкрэтней — пра Краўцэвіча, пра Дубаўца. Пры ўсёй магчымай павазе да іх, няможна прагледзець, што гэтаму дыскурсу бракуе і зносак, і эмпірычнага матэрыялу, і практычнасці. Іхныя расказы часцей за ўсё загадзя падпарадкаваныя вываду, у такім выпадку ўскладненне, спасылкі і досвед ці зусім непатрэбныя, ці выконваюць падпарадкаваную функцыю. Неспадзяванку, plot twist, такі спосаб арганізоўваць маўленне не прадугледжвае.

Важна захоўваць здольнасць здзіўляцца. Гэта асноўная ўласцівасць кожнага даследавання: яно павінна захоўваць элемент непрадказальнасці, унутраную напружанасць і супярэчлівасць, дазваляць матэрыялу самастойнасць. Іначай узнікае сітуацыя бясконцага самапацвярджэння, не рост, а стагнацыя.

Вышэй я наўмысна прапусціў эпізод з інтэрв’ю, дзе Шатроў тлумачыць, чаму мінская IT-галіна, на ягоную думку, больш прафесійная за маскоўскую. Маскоўскія кампаніі мелі магчымасць працаваць на ёмісты ўнутраны рынак, а беларускія адразу мусілі працаваць на экспарт. Гэта выспеліла ў Мінску зусім іншыя стандарты якасці, экспертызы, канкурэнтаздольнасці. Для беларускай культуры Даніла Жукоўскі патрабаваў таго ж яшчэ ў далёкім 2001-м (ARCHE-Пачатак, № 4). Ён заклікаў зрабіць сусветны рынак, ягоныя стандарты асноўнымі крытэрыямі для ўнутранай работы, для крытыкі. Што гэтае патрабаванне дагэтуль актуальнае, лёгка пераканацца, паглядзеўшы, як беларускія інтэлектуалы разважаюць пра нацыянальную ідэю на Еўрарадыё («Ідэя Х»). Дальбог, гісторый усяго чатыры, які ўжо тут прагрэс.

Я пішу гэта не для таго каб бараніць прымітыўныя палітычныя погляды Шатрова: яны круцельскія. Задача была ў духу Вітгенштайна — аддзяліць у назіранні дарэчныя сказы ад недарэчных. Паказаць, дзе змест, пра які спрачаюцца, а дзе тэхніка, ацэнка якой — больш відавочная. Бо назіранне над тэхнікай, падкрэслю, мае эмпірычны, прадметны характар.

Дыскурсіўную тэхніку Шатрова ці ўрок з яе можна падсумаваць, перафразаваўшы Алексіевіч: правінцыялізм — гэта геаграфія, але геаграфія душы. І, як любоў ці кашаль, яго не схаваеш. Правінцыялізм гаворыць.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930