Знайсці
09.05.2019 / 11:3315РусŁacБел

Шэсць фактаў пра георгіеўскія стужкі

Іх масавае распаўсюджванне пачалося пры Пуціну.

Савецкі сцяг? Але ніхто не хоча вяртацца ў «савок». Расійскі трыкалор? Але ён чужы іншым народам. Для адраджэння новай імперыі патрэбны быў сімвал.

Раздача стужак пачалася ў 2005-м

А што аб’ядноўвае народы былой імперыі? Каб не талоны на мяса, не Гулаг, не разбураныя цэрквы? Так, супольная перамога над нацызмам.

«Фашысты будучыні будуць называць сябе антыфашыстамі», — пісаў Чэрчыль. Так і сталася.

Акцыю «Георгіеўская стужка» распачала ў 2005-м, на другім годзе другога тэрміна Пуціна, расійская арганізацыя «Студэнцкая абшчына» пры падтрымцы ўрада Масквы і РІА «Новості». З тых часоў масавая раздача стужак праводзіцца штогод амаль на ўсёй тэрыторыі былога СССР. Таксама стужкі рассылаюцца ва ўсе расійскія пасольствы — таму геаграфія стужак ахоплівае практычна ўвесь зямны шар.

Паласаты легіён

У апошнія гады перад Днём Перамогі і ў Беларусі з’яўляецца шмат чорна-жоўтых георгіеўскіх стужак. Іх чапляюць на аўтамабілі і нават на ашыйнікі сабак. Бо стужкі масава раздаюць — на вуліцах, у крамах, на аўтазапраўках. 

Чаму георгіеўская?

Насамрэч, георгіеўская стужка мае вельмі ўскоснае дачыненне да Другой сусветнай вайны.

Сувораў быў кавалерам трох ступеняў ордэна Святога Георгія. Партрэт Васіля Сурыкава.

Георгіеўская стужка называецца так, бо служыла стужкай да ордэна Святога Георгія, заснаванага ў 1769 годзе Кацярынай ІІ. Ордэн быў найвышэйшай вайсковай узнагародай Расійскай Імперыі, але быў скасаваны саветамі ў 1917 годзе і адноўлены ў Расіі ў 1992-м.

Ордэн Святога Георгія на стужцы.

Яна вярнулася на вайсковыя ўзнагароды ў 1943 годзе ў якасці стужкі да ордэна Славы.

Для ордэна Славы таксама выкарысталі гвардзейскую стужку. 

У 1945-м такая самая стужка з’явілася на медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» (амаль 15 мільёнаў узнагароджаных).

Медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» з гвардзейскай стужкай на калодцы ўзнагародзілі амаль 15 мільёнаў чалавек.

Аднак стужка мела іншую назву — «гвардзейская».

Трыумфальнае вяртанне

Гвардзейская стужка выкарыстоўвалася ў СССР у асноўным для святочнага дэкору. Яе можна сустрэць на савецкіх паштоўках розных гадоў. Але «георгіеўскай» — адкрытая адсылка да імперскай гісторыі — яе тады ніхто не называў.

Памылка ці не?

Чаму «ўваскросла» георгіеўская, а не гвардзейская стужка, не могуць уцямна патлумачыць нават арганізатары акцыі. Супрацоўніца расійскай грамадскай кампаніі «Георгіеўская стужка» Алена (якая, на жаль, адмовілася назваць сваё прозвішча) расплывіста тлумачыла, што чорна-залатая стужка спрадвечна называлася георгіеўскай.

Гвардзейская стужка нярэдка выкарыстоўвалася на савецкіх паштоўках, аднак раздаваць яе людзям нікому не прыходзіла ў галаву. 

Заўвагі пра адмену ордэна Святога Георгія ў 1917 годзе і карэктнасць прымянення тэрміна «гвардзейская стужка» ў дачыненні да перыяду ВАВ раздражнілі Алену: «Я не гісторык. Калі вам трэба нейкія гістарычныя факты, звярніцеся да гістарычнай літаратуры. Але ордэн Перамогі быў на георгіеўскай стужцы».

Алена мела на ўвазе найвышэйшы ордэн СССР «Перамога», якім узнагародзілі маршалаў, генералаў і генералісімуса. Але ж напраўдзе стужка ордэна «Перамога» была шасціколернай, і пераважаў чырвоны.

А вось ужо юбілейны медаль «60 гадоў Перамогі ў ВАВ 1941—1945», заснаваны ў адзін год з акцыяй «Георгіеўская стужка», мае выяву ордэна «Перамога» і гвардзейскую стужку на краях чырвонай калодкі.

Юбілейны медаль «60 гадоў Перамогі ў ВАВ 1941—1945», які з'явіўся ў Расіі ў адзін год з кампаніяй «Георгіеўская стужка».

Аднак наўрад ці назвы стужак ненаўмысна пераблыталі. У кодэксе акцыі «Георгіеўская стужка» напісана, што мэтай акцыі ёсць «стварэнне сімвала свята — Дня Перамогі».

Стужка замест сцяга

Такім чынам пуцінскі рэжым стварыў новы ўніверсальны сімвал. Ён нібыта мае дачыненне да вайны — у якой найбольшыя ахвяры панеслі, дарэчы, беларусы, украінцы, палякі і яўрэі, але ў той самы час ён мае адсылку і да часоў Расійскай Імперыі. Такі траянскі конь. Не ўсе тую задумку зразумелі.

Апошнім часам георгіеўскія стужкі пачалі чапляць куды заўгодна. Часта стужкі выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах. Напрыклад, для рэкламы гарэлкі. Фота Андрэя Стрыжака. 

Вешалі георгіеўскія стужкі — і вешалі. Мала хто надаваў таму палітычнае значэнне. Але тут здарыліся падзеі ва Украіне. Расія адхапіла Крым, а цяпер хоча яшчэ і Адэсу з Данецкам. І вось тут георгіеўская стужка стала знакам ідэнтыфікацыі баевікоў і сепаратыстаў.

Яна выйшла за межы святкавання Дня Перамогі і набыла новы сэнс.

Людзі, якія ўспаролі жывот дэпутату Рыбаку ў Горлаўцы і ўтапілі яго жыўцом, насілі такія стужкі. Людзі, якія адкрылі стральбу з карабінаў па ўкраінскай дэманстрацыі ў Адэсе 2 мая, у выніку чаго ўрэшце загінула 46 чалавек, — таксама. Ва ўкраінскіх дэсантнікаў і байцоў спецназа «Альфа» ў Славянску таксама стралялі людзі з георгіеўскімі стужкамі.

Пасля гэтага стужка перастала быць нейтральным сімвалам.

Кірыла Хілько (архіўны артыкул, упершыню апублікаваны ў 2015 годзе)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера