Знайсці
14.05.2019 / 10:2813РусŁacБел

З’явілася беларуская анлайн-платформа для абмену ведамі — дзяліцеся сваімі ўменнямі і здабывайце новыя!

У Беларусі запусцілі сайт Mentor.by, дзе можна адшукаць майстар-класы і курсы на абсалютна любыя тэмы, а таксама самому запрапанаваць сябе як рэпетытара ці трэнера.

«Стварыць такі праект натхніў асабісты недахоп у ментары, у нейкіх рэальных і кампетэнтных парадах, які пераследаваў мяне ўсё жыццё», — кажа застанавальнік платформы Кірыл Анохін.

Як гэта працуе

Mentor.by задумваўся як зручнае месца для абмену ведамі. На сайце можна ствараць аб’явы трох тыпаў:

«Хачу навучыцца». Патрэба можа быць якая заўгодна — ад «рана прачынацца» да «паглыбіць веды ў атамнай фізіцы».

«Магу навучыць». Расказваеце, які курс, кансультацыю ці трэніроўку гатовы правесці і на якіх умовах.

«Падзея». Паведамляеце пра адукацыйную імпрэзу, якая хутка адбудзецца: бізнэс-форум, лекцыя, дыскусія.

У каталогу абвесткі разбіты па катэгорыях: дзеці і сям’я, дызайн, прыгажосць і здароўе, мастацтва, бізнэс і фінансы ды іншыя. 

Пакуль большасць прапанаваных курсаў тычацца моў, ІТ і школьных прадметаў. Але пляцоўка працуе толькі месяц, натуральна, што прапановаў будзе прыбываць.

Каб зручна было шукаць тое, што патрэбна менавіта вам, ёсць фільтр па рэгіёнах, умовах, фармату і іншых крытэрах. Пабачыць, якія падзеі адбудуцца ў найбліжэйшы час, можна ў раздзеле «Афіша».

Якія веды тут прапануюць?

«Мы імкнёмся спалучыць стандартныя курсы — па англійскай мове, жывапісе — з тым, чым могуць дзяліцца шараговыя людзі, спецыялісты ў вузкай нішы. Ёсць, напрыклад, прапанова навучыць гуляць у флорбол (хакей на траве). Ясна, што там не будзе шмат водгукаў і ахвотных, але сама па сабе прапанова каштоўная», — кажа Кірыл Анохін.

Як разабрацца, што з курсаў варта ўвагі? Можна арыентавацца на сістэму рэйтынгу — яе будуць складаць самі карыстальнікі: ацэньваць узаемадзеянне падчас навучальнай праграмы і яе вынікі.

На платформе можна задаваць пытанні ці даваць адказы — такая хуткая анлайн-кансультацыя па ўсіх сферах ведаў.

Навошта гэта трэба?

Як тлумачыць стваральнік праекта, мэта Mentor.by — максімальна пашырыць разуменне, што веды — гэта рэсурс, які трэба здабываць, захоўваць і перадаваць іншым. А таксама ўцягнуць у працэс навучання не толькі студэнтаў і рэпетытараў. Платформа можа быць карысная ўсім, хто адчувае недахоп ведаў і навыкаў у пэўнай сферы, але ці ігнаруе яго, ці дэлегуе складаныя задачы іншым.

Плюс праект разлічаны на тых, хто мае нейкія кампетэнцыі (ад побытавых да экзатычных), але пакуль не ўсведамляе, што імі можна дзяліцца і атрымліваць ад гэтага выгаду.

«Мала хто пра гэта задумваецца, але твае веды каштоўныя не толькі для цябе. Існуюць людзі, якім яны таксама патрэбны. Чаму б не падзяліцца — за грошы ці нават проста так? Навучанне — гэта нешта большае, чым проста перадача ведаў. Гэта ў тым ліку перадача стаўлення да справы, пэўных каштоўнасцяў», — адзначае Кірыл Анохін.

Няма людзей, якія ведаюць усё.

«Ці дастаткова вы валодаеце замежнай мовай, каб без праблем камунікаваць падчас падарожжаў ці з калегамі з іншых краін? Што наконт мары навучыцца танчыць ці гуляць у шахматы? А ці хапае вам кампетэнтнасці, каб паспяхова весці праекты вашага новага замоўцы? З аднаго боку, усяму можна навучыцца самастойна. З іншага — хутчэй і эфектыўней гэта рабіць разам з носьбітам ведаў. Гэта асабліва актуальна для эксклюзіўных ці вузкаспецыяльных кампетэнцый, здабыць якія самастойна часцяком проста немагчыма, — лічыць стваральнік праекта. — Відавочна, што новыя веды — гэта новыя перспектывы, больш асэнсаванае і насычанае жыццё. Гэта разнастайнасць, змены, рух».

Перайсці на Mentor.by і паглядзець, хто што прапануе

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930