Знайсці
09.05.2019 / 10:001РусŁacБел

«Цалую моцна, ваш Мішка». Апошнія лісты тых, хто не вярнуўся з вайны

Лісты-трохкутнікі, друкаваныя паштовыя карткі за 6 капеек, паведамленні ў самаробных канвертах. Словы, напісаныя на паперы, маглі стаць апошняй магчымасцю пагутарыць з блізкімі. Трое чытачоў паказалі лісты ваенных часоў, якія захоўваюцца ў іх сем'ях, і падзяліліся гісторыямі, што за імі стаяць, — пра каханне, страх, мужнасць і чалавечнасць.

Гісторыя №1. Пра адзінага сына ў сям'і

У сям'і Мірона і Праскоўі Джумок з-пад Лёзна было чацвёра дзяцей: тры дзяўчынкі і хлопчык. Сцёпа — малодшанькі. Калі падрос, як і бацька, пайшоў працаваць на чыгунку — шафёрам аўтадрэзіны.

Галіна Джумок беражліва захоўвае дакументы чырвонаармейца — дзядзькі яе мужа.

З 1937 года хлопец патрапіў у войска. Пазней скончыў вышэйшае палітычнае вучылішча ў Тбілісі і быў пераведзены на службу ў горад Вагаршапот Армянскай СССР. Адтуль прысылаў маці грошы — 350 рублёў.

Падчас вайны Сцяпан быў паліткіраўніком 6-й танкавай дывізіі, намеснікам камандзіра роты і змагаўся пад Растовам. Там 19 снежня 1941 года ён і напісаў гэтыя радкі:

«Вітаю, дарагія родныя, мама і сястра Аня!

Прайшло ўжо шмат часу з тых пор, калі я вам пісаў ліст. Цяпер маю магчымасць сесці, каб вам напісаць некалькі слоў. Жыццё маё праходзіць на такім узроўні, што даводзіцца кожную хвіліну біцца з ворагам. Але ўжо прывык, як трэба біцца. <…> Мы зноў узялі ў рукі наш горад Растоў.

Так, мама і сястра Аня, пры наступленні на Растоў я быў паранены ў галаву. Але цяпер я выздаравеў і зноў буду біцца з ворагам. Як бы ні думаў немец, усё роўна знішчым яго, як сабаку. Ліста тату я ўжо не пісаў. <…> Прашу, як атрымаеце, неадкладна дайце тэлеграму аб тым, што атэстат грашовы атрымалі. Так жа і з пасылкай, якую я вам выслаў.

Жадаю вам поспехаў у жыцці і здароўя. Мяне можна не чакаць, бо вайна бывае не без ахвяр, а ахвяры бываць.

Цалую моцна-моцна, ваш сын Сцяпан».

Праз два тыдні, 3 студзеня 1942 года, Сцяпан загінуў ад ранення ў галаву. Пахавальную яго бацькі, якія ў той час знаходзіліся ў эвакуацыі ў горадзе Тайга Новасібірскай вобласці, атрымалі праз паўгода.

Мірон і Праскоўя Джумок з дзецьмі Ганнай, Галінай, Аляксандрай і Сцяпанам.

Апошні ліст Сцяпана захоўвае сям'я яго пляменніка Генадзя Джумка. У той вайне Генадзь сам страціў бацькоў. Тата, які быў у Брэсце, знік без звестак у першы ж дзень вайны. Маці — сястры Сцяпана — не стала ў 1942-м. Пайшла абмяняць штосьці для дзяцей на прадукты, і за 200 метраў ад хаты яе застрэлілі немцы: вырашылі, што нясе хлеб партызанам.

Месца пахавання Сцяпана ўдалося адшукаць толькі нядаўна. Галіна Джумок паказвае адказ ваенкамата Растоўскай вобласці. Сцяпана пахавалі на брацкіх могілках у вёсцы Чалтыр Мяснікоўскага раёна Растоўшчыны — разам з 80 іншымі салдатамі.

Галіна і Генадзь Джумок.

Гісторыя №2. Пра мужа, які прасіў жонку не адчвайвацца

Глеб Ільюшка захоўвае лісты свайго прадзеда Міхаіла Апанасавіча. Іх яму ў свой час перадала стрыечная бабуля Галіна — дачка Міхаіла.

Міхаіл быў адзіным дзіцем у сям'і. Бацька яго — украінец, родам з Чарнігаўшчыны, маці — немка. Пазнаёміліся ва Украіне, але потым пераехалі ў Беларусь. Лёс сям'і склаўся трагічна. Бацьку рэпрэсавалі ў 1937 годзе, маці загінула на вайне падчас бамбёжкі.

Міхаіл паспеў скончыць фізкультурны тэхнікум, ажаніўся. Калі пачалася вайна, ён з цяжарнай жонкай і трохгадовым сынам жыў у Оршы. Але ў хуткім часе змог эвакуяваць сям'ю ў Тамбоўскую вобласць — у сяло Маісеева Увараўскага раёна. А сам у 29 гадоў адправіўся на фронт.

Міхаіл — у верхнім шэрагу, другі справа.

Праз даўнюю траўму спіны мужчына не быў годны да страявой службы — яго запісалі ў 43-ю армейскую конна-санітарную роту. Цэлыя дні Міхаіл праводзіў у сядле. Калі першы раз збіраўся ехаць на перадавую, з хваляваннем пісаў любай Ані:

«Вітаю, дарагія!

У дадзены час я жывы, але не зусім здаровы, прастудзіў ныркі, і ад гэтага пухнуць канечнасці і твар, так што ранкам мяне цяжка пазнаць, а лячыцца няма часу ды і няма каму і чым. Ну да няважна, можа, пройдзе ўсё і само, а не, дык, можа, вернуць дадому ці на дарозе да фронту кінуць. <…>

Дарагая Аня, звяртаюся да цябе з просьбай у дачыненні да нашых дзяцей: беражы іх і выхоўвай так, як гэта патрабуецца. Самае галоўнае — глядзі, каб яны былі здаровыя. Можа, прыйдзе час, вярнуся жывы — парадуюся на іх. Але галоўнае — беражы сябе для нашых малых. Пра мяне асабліва не турбуйся — такі, відаць, мой лёс. Буду жывы — вярнуся, не дык не.

Дарагі Тата (меўся на ўвазе цесць. — NN.by), звяртаюся цяпер да Вас, бо Вы адзіны, хто можа скіраваць і дапамагчы Ані ў цяжкую хвіліну. Не забудзьце яе і дайце ёй магчымасць выхаваць унукаў Вашых. Хто ведаў, што так атрымаецца? <…>

Цалую вас усіх моцна, ваш Мішка.

Асобна абдымаю і цалую дзетак, пра іх я не забываю ні на хвіліну». (25 лютага 1942 г.)

Праўнук Міхаіла Глеб Ільюшка.

У лістах Міхаіл звяртаўся да жонкі, дзяцей — Валерыя і Галіны — і цесця, якога называў татам і заўсёды прасіў чаркануць некалькі слоў. Звычайна пісаў, што жывы-здаровы, каб асабліва не страшыць сям'ю. Пра фронт часам расказваў з гумарам. Сына прасіў не сваволіць і слухацца старэйшых, а любую Аню — не адчайвацца.

Звычайна лісты ішлі па два тыдні, але быў адзін, які сям'я атрымала толькі праз год пасля адпраўкі. Усё напісанае пільна праглядала вайсковая цэнзура. На адным з аркушаў, напрыклад, было закрэслена дакладнае месцазнаходжанне роты.

Прыклад вайсковай цэнзуры: «У гэты час я знаходжуся ў [перакрэслена] вобласці за 5 км ад фронту…»

Вось некалькі ўрыўкаў з пісьмаў Міхаіла.

15 сакавіка 1942 г.

Па дарозе да месца назначэння мы бачылі, як акупанты арудавалі ў нашых сёлах і як здзекваліся над мірным насельніцтвам. Жах, валасы дуба становяцца, не верыцца, што гэта можа ўчыняць «чалавек».

24 сакавіка 1942 г.

Жыву ў адной з вёсак Тульскай губерні, стаю на кватэры ў адной гаспадыні. Сама яна ды двое амаль дарослых дзяцей, а гразюкі па вушы, падлогі мыць тут не прынята, затое карову, авец і курэй абавязкова заводзяць у хату, гэта ў іх прынята. Ды і наогул жывуць вельмі дзіўна, як першабытны народ. За грошы ў іх нічога не дастанеш, а ўсё за барахло ці што-небудзь іншае, затое самагон гоняць ва ўсю, нікога не баяцца, але не прадаюць, а возяць яго кудысьці ў горад. Карацей, вельмі дзіўны народ.

6 красавіка 1942 г.

Жыву па-стараму, камандую цэлым узводам, але думаю вырвацца ў ездавыя, каб не быць камандзірам, а то вельмі вялікая адказнасць, ды і цяжка, не з маім характарам. Пісаў некалькі рапартаў, але яны ўсе засталіся без адказу. <…>

Праўда, я вельмі ўдзячны тату, што ён не пакінуў нас у цяжкую хвіліну і цяпер утрымлівае ўсю маю сям'ю, гэта яму я ніколі не забуду, буду памятаць усё жыццё.

14 красавіка 1942 г.

Дарагая Аня, спачатку, шчыра кажучы, было страшнавата, а цяпер прывыклі і не звяртаем увагі на свіст, грукат і трэск снарадаў, а робім сваю справу і ўсё. <…>

Усе заданні выконваем толькі ноччу, так што ў нас час адпачынку бывае ўдзень, але і гэта не заўсёды і не для ўсіх, спім у суткі 3-4 гадзіны. Ты пытаешся, як маё здароўе, як ныркі, турбуюць ці не. У нас хварэць няма часу, а па-другое, забываем пра ўсе болі. Харчуемся пасрэдна, п'ем па 100 грамаў гарэлкі, так што жыццё нядрэннае.

Дарагая Аня, ты пішаш, што з дзятвой бывае цяжка і часта ты плачаш. Гэта ты кінь, плакаць няма чаму, а трэба шукаць выйсце да найлепшага, дый я не збіраюся паміраць. А давядзецца — на тое і вайна, каму-небудзь трэба ахвяраваць сабой для дабра нашых жа дзяцей.

22 красавіка 1942 г.

Вазьміце зямелькі, засейце агарод, будзе і занятак, і карысць. А ты, Аня, пастарайся ўладкавацца ў яслях, дый дзяцей уладкуй там жа, хоць харчавацца будзеце. Тату будзе лягчэй, а то мне і так сорамна, што мая сям'я сядзіць у яго на шыі. <…>

Ну, а цяпер да Валерыя звяртаюся: дарагі сынку! Будзь паслухмяным хлопчыкам, дапамагай маме няньчыць Галінку, а я, як вярнуся (калі буду жывы), то прывязу табе аўтамат ці гаўбіцу.

2 мая 1942 г.

«Фрыц»-немец настолькі знахабіўся, што проста няма цярпення, бамбіць на працягу дня па 3-4 разы, таму мы на снядак маем добрае меню з «Ю-88», а на абед — «Хенкель» і на вячэру — «Месершміт». Як бачыце, харчаванне не благое і даволі-такі добрай якасці.

14 кастрычніка 1942 г.

Вельмі часта ўспамінаю усіх вас і тое жыццё, што было да вайны. Усіх уяўляю ў тым выглядзе, у якім пакінуў, не магу ўявіць толькі адну Галіну, пакінуў яе вельмі маленькай, а па вашых лістах меркаваць вельмі цяжка. Я прасіў вас выслаць вашы фатаграфіі, калі гэта магчыма, але дагэтуль пакуль няма.

Апошні ліст, які захаваўся, быў напісаны ў красавіку 1943 года. А ў ліпені Міхаіл загінуў падчас Курскай бітвы, так і не ўбачыўшы ні разу маленькую дачку. У пахавальнай, што сям'я атрымала ў снежні, пазначана: знік без звестак у раёне вёскі Пятроўка Малаархангельскага раёна Курскай вобласці.

— Тады даволі часта пісалі «знік без звестак». Ёсць тэорыя, што так маглі афармляць загінулых, каб не выплочваць сям'і пенсію, — кажа Глеб Ільюшка.

Хлопец прызнаецца: больш інфармацыі пра смерць ці месца пахавання прадзядулі атрымаць не ўдалося. «На той час і не распытвалі. Бо калі знік без звестак, гэта лічылася ледзь не ганьбай. Можа, ты перабег, дэзерціраваў?»

Жонка загінулага Міхаіла пасля заканчэння вайны пераехала з дзецьмі ў Мінск. Замуж яна пасля не выйшла, так і засталася адна.

Гісторыя №3. Пра схаванага яўрэйскага хлопца

Рыгор Цімафеевіч Вейс усё жыццё правёў у Бабруйску. Адвучыўся ў лесатэхнікуме, працаваў на фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце. Яшчэ ў маладосці яму бервяном перабіла правую руку, таму на фронт мужчына не трапіў. Быў сувязным у 102-м партызанскім атрадзе брыгады імя Кірава.

Падчас вайны Рыгор і яго сям'я хавалі ў сябе яўрэйскага хлопца — Аліка. Таму было гадоў 19-20. Некалькі месяцаў юнак начаваў у сараях і падвалах то ў Рыгора, то ў яго сясцёр.

Потым, калі выдаўся момант, Аліка пераправілі ў партызанскі атрад, а адтуль — у Чырвоную армію. У сакавіку 1945 года ад юнака прыйшоў ліст.

«Прывітанне з Усходняй Прусіі.

Вітаю, Грыша. Шлю я вам сваё баявое франтавое прывітанне. Ліст я ваш атрымаў, за які я вельмі і вельмі дзякую. Грыша, часта ўспамінаю, як я ў вас начаваў, хаваўся ад нямецкіх псоў, якіх я б'ю на кожным кроку. Я ўжо забіў больш за 20 фрыцаў, за якіх я ўзнагароджаны медалём за адвагу. Пішыце, як жывяце, якія навіны ў горадзе. Грыша, калі я ад вас сышоў, я сышоў у партызаны, а потым — у РСЧА. Падрабязна я напісаў вашай маме. Перадайце прывітанне Вані, Марусі, Нэлі Майсеевым, Цярэнцію і ўсім астатнім, асабліва бабулі і дзеду Цімоху. Бывайце. Да пабачэння.

Алік».

Больш лістоў ад Аліка не прыходзіла.

— Ніякіх звестак пасля вайны пра хлопца не было. Матуля спрабавала шукаць — знайшла адзінае ўзгадванне ў кнізе памяці. Там напісана, што Эля Майсеевіч Курчык загінуў 13 красавіка 1945 года ва Усходняй Прусіі, — расказвае ўнук Рыгора Цімафеевіча Дзяніс Паршын.

Як склаўся лёс Рыгора Вейса? Падчас вайны ён трапіў у бабруйскае гестапа, але ўцёк адтуль. Пасля працягваў працаваць на фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце. Але ўжо не ў цэху, бо фізічна рабіць не мог, а на складзе. Рыгор Вейс пражыў 82 гады.

— На жаль, ён, як і другі дзядуля, які прайшоў усю вайну на фронце, ніколі ніякіх падрабязнасцяў пра ваенныя часы не распавядаў, — кажа Дзяніс Паршын.

Наталля Лубнеўская, фоты Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера