Знайсці
05.05.2019 / 11:149РусŁacБел

Сёлета «Дударскі рэй» завітаў у Падсвілле, радзіму Язэпа Драздовіча ФОТЫ

У Глыбокім праходзіць трэці Міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў Еўропы — «Дударскі рэй — 2019». Сярод замежных музыкаў ­ сёлета — дудары з Польшчы, Харватыі, Паўночнай Македоніі.

Віталь Воранаў, ініцыятар і адзін з арганізатараў фэсту, якога падтрымаў Глыбоцкі райвыканкам, імкнецца, каб штогод адным з эпіцэнтраў фэсту была іншая вёска, альбо мястэчка Глыбоччыны. У мінулыя гады такім эпіцэнтрам было колішняе мястэчка Празарокі, дзе нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, стваральнік першага беларускага прафесійнага тэатру, у трупе якога быў дудар Адам Шульга.

Сёлета такім эпіцэнтрам стала мястэчка Падсвілле, якое некалі паспела пабыць і цэнтрам Пліскага раёна.

Нечаканасцю для нас — незалежных журналістаў — стала з’яўленне на адкрыцці фэсту, мастака Алеся Пушкіна з сынам Міколкам.

Алесь Пушкін знайшоў у Падсвіллі «сваяцкія» душы — спадарства Валерыя і Алены Мацюшонкаў. Валерый — разьба па дрэве, Алена ­— выраб лялек і цацак.

Як прызнаўся Алесь, паехалі яны са свайго Бабра на Мінск, а потым маршруткай — на Глыбокае. Прыехаўшы на аўтастанцыю, Алесь бедаваў, што не дасць рады. Нікога не ведаю. Дзе шукаць тую Алею славутых землякоў? Як перасоўвацца ад паселішча да паселішча ўсе тры дні фэсту? А паглядзець хацелася б усё! Браць таксоўку? Між тым Алеся сярод масоўкі адразу «вылічылі» глыбоцкія журналісты, знайшлося месца для яго і яго сына ў аўта газеты «Каталіцкі Веснік», які, дарэчы, робіцца ў Глыбокім.

 

Пасля ўрачыстага адкрыцця фэсту на Алеі славутых землякоў ля помніка Ігнату Буйніцкаму ў Глыбокім — госці і ўдзельнікі фэсту ад’ехалі ў Падсвілле.

Для Глыбокага, які ўжо прывык да розных міжнародных фестываляў, у тым ліку і Вішнёвага, падобнае свята — ужо традыцыя, а як для мястэчка Падсвілле — рэдкая і значная падзея не толькі года, але і ў жыццяпісе самога паселішча, насельніцтва якога складае 1,8 тыс. чалавек.

Удзельнікі фэсту ў стэлы «Падсвілле».

Падсвілле сустрэла гасцінна і цёпла ў наўпроставым сэнсе, бо ў Глыбокім было досыць сцюдзёна і ўвесь час збіраўся распачацца дождж, але ў часе адкрыцця — хмары, усё ж, разбегліся.

Спачатку — хлеб-соль ля Дома культуры. Затым наведванне выставы падсвільскіх народных умельцаў у фае Дома культуры.

 Было заўважна, што гасцей цікавіць беларуская культура, бо яна вельмі адрозная ад той, што на іх радзіме. Найбольш часу госці затрымаліся ля выставы траўніцы Людмілы Баброўскай. Да спадобы ўсім прыйшлася яе гарбата, складнікамі якой з’яўляюцца мясцовыя зёлкі з ваколіцаў Галубіцкай пушчы. Некаторыя выпілі некалькі кубачкаў, ды прасілі рэцэпты ад розных хваробаў.

Далей — паверхам вышэй — сустрэча з калектывам Падсвільскай бібліятэкі, дзе гасцей таксама частавалі печывам і гарбатай.

Ну й, нарэшце, шэсце дудароў па цэнтральнай вуліцы мястэчка.

Спачатку, наогул, ўзнінікла пытанне: а дзе падзеліся падсвільчане, няўжо слухачамі стануць толькі супрацоўнікі Дома культуры і бібліятэкі? Аднак, пэўна мясцовыя пасялковыя ўлады спрытна зрэжысіравалі мерапрыемства — жыхары мястэчка выстраіліся збоч вуліцы і ўліваліся ў калону да шэсця дудароў. Адміністрацыйны рэсурс? Можа быць, але, як раз, на карысць свята. А то, магчыма, сядзелі б у хаце, а тут іх далучылі да свята старадаўняй музыкі.

Групавы здымак на сцэне Падсвільскага ДК. Крайні справа — Віталь Воранаў, ініцыятар правядзення фэсту Дударскіх рэгіёнаў.

Уся грамада ўвайшла ў Падсвільскі ДК, дзе і адбыўся канцэрт. Зала была запоўненая амаль цалкам, што для Падсвілля, якое роўна ў 10 разоў меншае за Глыбокае — вялікі поспех! Гасцей фэсту віталі прадстаўнікі глыбоцкіх уладаў і мясцовы «мэр» Анатоль Ярашэвіч

Выступленне капэлы з Польшчы з рэгіёна Казла. Справа — дудар, інструмент якога выраблены са скуры белага казла.

Выступае група з Рэспублікі Паўночная Македонія

 Дарэчы, сярод музыкаў быў Cтэпан Вэчкавіч з Харватыі — удзельнік Еўрабачання. Свята старадаўняй музыкі спадабалася жыхарам мястэчка, а шмат хто з прысутных здымай выступы замежных капэлаў на смартфоны. Гучанне дудаў было разнастайным, так як удзельнікі выкарыстоўвалі розныя тыпы дудаў, што граюць у іх рэгіёне.

Пасля сканчэння канцэртнай праграмы ўдзельнікі фэсту накіраваліся ў санаторна-курортны комплекс «Пліса», дзе для адпачываючых санаторыя быў зладжаны канцэрт на мясцовай арэне пад адкрытым небам, што беразе аднайменнага і вялікага возера Пліса.

Наступным днём фэст доўжыўся ў Глыбокім — прэс-канферэнцыя для прэсы, а ўвечары — гала канцэрт і танцы пад дуду ў Гарадскім доме культуры, дзе далучылася яшчэ больш беларускіх дудароў.

У апошні дзень — наведванне касцёла ў Удзеле (5 км ад Глыбокага), дзе заміж аргана будзе гучаць дуда. Недалёка ад касцёла —хата дзеда Віталя Воранава, дзе ён часта спыняецца прыехаўшы з Польшчы.

Уладзімір Скрабатун

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера